Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Хобіты ўсталі, азіраючыся, і Сэм, усё гэтак трымаючы Фродаву руку, пяшчотна яе пагладзіў і ўздыхнуў.
– У якой жа казцы мы былі, а, спадару Фрода? Каб мне толькі пачуць, як яе распавядаюць! Як мяркуеце, ці скажуць што накшталт: "А зараз пачуйце гісторыю пра Фрода Дзевяціпальцага ды Пярсьцёнак Лёсу"? А тады ўсе змоўкнуць, як мы змоўклі, калі ў Долым Яры слухалі расповед пра Бэрэна Аднарукага й Вялікі Дыямэнт. Як хацелася б пачуць! I цікава, як жа ж гэная гісторыя пойдзе далей, бяз нас?
I ўсё ж, прамаўляючы гэтак, каб адагнаць страх, адцягнуць да апошняга, вочы Сэм усё скіроўваў на поўнач, насустрач ветру ды ясным нябёсам удалечыні, дзе халодная віхура, вырастаючы ў буру, адганяла прэч цемру й рызманы аблокаў.
Так і заўважыў іх Гвайхір вострымі вачыма, спусьціўшыся на крылах ветру, і насуперак магутнай віхуры закружляў над імі – дзьвюма маленькімі цьмянымі постацямі, самотнымі, рука ў руцэ на невялічкім пагорку, вакол якога дрыжыць сьвет, пакутуе зямля й злучаюцца вогненныя рэкі. Ужо нырнуўшы долу за імі, убачыў, што яны ўпалі, ці вытаміўшыся ўшчэнт, ці задыхнуўшыся ад дыму й сьпякоты, ці паддаўшыся нарэшце адчаю, заплюшчыўшы вочы перад абліччам сьмерці.
Яны ляжалі поруч, калі да іх зьляцелі Гвайхір, Ландроваль і спрытны Мэнэльдар, і вось так у забыцьці, ня ведаючы лёсу, што выпаў ім, вандроўнікі былі паднятыя й зьнесеныя далёка прэч ад цемры й полымя.
Сэм ачомаўся на нейкім мяккім ложку, над галавою ягонай лагодна калыхаліся бярозавыя галіны, і скрозь іхняе маладое лісьце праблісквала золатам і зелянёю сонечнае сьвятло. Усё паветра запаўняў няясны салодкі водар.
Ён згадаў гэты пах: гэтак духмяніў Ітыльён.
"Аёечкі! – падумалася. – Колькі ж я праспаў?"
Бо водар адкінуў яго назад, у дзень маленькага вогнішча пад сонечным схілам, і на момант анічога болей не ўсплыло ў памяці Сэма. Пацягнуўся, глыбока ўдыхнуў. Прамармытаў:
– Ну й сны ў мяне! Добра, што нарэшце прачнуўся.
Сеў і пабачыў, што Фрода таксама ляжыць на ложку побач і спакойна сьпіць, паклаўшы адну руку пад галаву, а другую на коўдру – правую руку, на якой не хапае безыменнага пальца.
Памяць хлынула на Сэма, і ён выгукнуў уголас:
– Тое ня сон! Тады дзе ж мы?
– У зямлі Ітыльёну, пад каралеўскім доглядам. Кароль чакае вас, – вымавіў мяккі голас за сьпінаю.
I Гэндальф паўстаў перад Сэмам, апрануты ў белае, з барадою, якая зьзяла, бы чысты сьнег пад промнямі, што працялі маладое зыркае лісьце.
– Спадару Сэмвайзе, як пачуваесься?
А Сэм адкінуўся назад, і ажно рот разявіў ад нечаканасьці, і на якую хвілінку паміж невыказным зьдзіўленьнем і вялікай радасьцю страціў усе словы. Выдыхнуў нарэшце:
– Гэндальфе! Я ж думаў, ваша памёр! Але я й пра сябе думаў, што памру. Што, усялякае ліха ўжо мінула, ня спраўдзіўшыся? Што адбылося зь сьветам?
– Сьвет пазбавіўся ад вялікага ценю, – адказаў Гэндальф і засьмяяўся, і, чуючы той сьмех, Сэм падумаў, што ня чуў падобнага – сапраўднай чыстай радасьці – ужо безьліч дзён.
А ў самога на вочы навярнуліся сьлёзы. Тады, нібыта пасьля вясновага дожджыку, зьнесенага сьвежым ветрам, сонца зазьзяла зырчэй, – Сэм, адплакаўшы, засьмяяўся, бо сьмех падняўся ў ім неадольнаю хваляю, і хобіт саскочыў з ложка сьмеючыся.
– Як я пачуваюся? – выгукнуў. – Я нават і ня ведаю, як выказаць, – ён разьвёў рукамі. – Ну, рыхтык вясна пасьля зімы, сонца на лісьці, рыхтык трубы, і арфы, і ўсе песьні, якія я толькі чуў!
Тут раптам змоўк і павярнуўся да гаспадара.
– Але ж як у спадара Фрода справы? Ці ня прыкра, што гэткае з рукою здарылася? Спадзяюся, усё астатняе ў парадку. Цяжка яму давялося.
– Так, у астатнім я ў парадку, – пацьвердзіў Фрода, сеў на ложку й засьмяяўся. – Я сам заснуў зноўку, чакаючы, пакуль ты прачнесься, соня няшчасны. Бо я абудзіўся на ранку, а зараз ужо амаль полудзень.
– Полудзень? – Сэм паспрабаваў падлічыць. – Полудзень якога дня?
– Чатырнаццатага дня новага году, – адказаў Гэндальф, – ці, калі табе болей даспадобы, восьмага красавіка паводле шырскага адліку3. Але ў Гондары новы год заўжды цяпер будуць адлічваць з дваццаць пятага сакавіка, калі быў абвержаны Саўрон і калі вас прынесьлі з полымя да караля. Ён даглядаў вас, і зараз чакае, каб есьці й піць разам з вамі. Калі будзеце гатовыя, я адвяду вас да яго.
3
Паводле шырскага адліку ў сакавіку (ці рэце) трыццаць дзён.