Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
2. Пераход праз багны
Глыкс рушыў хутка – выцягнуўшы шыю, вытыркнуўшы галаву наперад, часьцяком карыстаючыся й рукамі. Фрода з Сэмам ледзь пасьпявалі за ім. Аднак ён, падавалася, пакінуў усе думкі пра ўцёкі і, калі хобіты адставалі, цярпліва чакаў. Празь нейкі час прывёў іх назад, да краю вузкай цясьніны, якую сустракалі раней, але цяпер ужо значна далей ад гор.
– Вось тутс! – выгукнуў Глыкс. – Вось тут шлях унізз, такс. Зараз мы пойдзем па ім – туды!
Ён паказаў на паўднёвы ўсход, на багны. Іхні смурод ужо казытаў наздрыны, цяжкі й мярзотны, нягледзячы на начную прахалоду.
Глыкс замітусіўся туды-сюды ўздоўж краю. Нарэшце паклікаў:
– Тут! Мы здолеем спусьціцца тут! Сьмеяголь тут ужо спускаўся. Я тут прайшоў, так, хаваючыся ад оркаў!
Ён рушыў першы, і за ім хобіты скараскаліся ў змрок. Атрымалася няцяжка, бо шчыліна мела ўсяго пятнаццаць ступнёў глыбіні ды ня болей за тузін у шырыню. На дне яе бегла вада – расколіна была насамрэч ручвом аднаго з шматлікіх струменьчыкаў, што высочваліся з пагор'я, каб уліцца ў застойлыя лужыны багнаў. Глыкс збочыў направа, кіруючы прыблізна на поўдзень, і заплёскаў ступакамі па плыткім струменьчыку. Відавочна, адчуваньне вады яго надта ўзрадавала, ён пасьмейваўся сабе пад нос, а часам і муркатаў нешта накшталт песенькі.
– Га, га! I чаго ж нам хочацца? – скасіўся на хобітаў. – Мы ім скажамс, скажамс, – пракаркатаў ён. – Ён здагадаўся, Торбінс здагадаўся даўным-даўна.
Вочы ягоныя бліснулі, і Сэм, заўважыўшы гэты пробліск у цемры, ажно здрыгануўся.
Словы гэтыя толькі абцяжарылі й без таго нялёгкі Сэмаў клопат, сумныя разважаньні, якія пачаліся з таго моманту, калі зразумеў: ягоны спадар хоча ўзяць Глыкса ў правадыры. Турботы тыя былі пра ежу. Сэм меркаваў: спадар пэўна пра ежу не падумаў. А вось Глыкс, безумоўна, на сілкаваньне не забываўся аніколі. Цікава, як Глыкс падтрымліваў сябе ў самотных і даўжэзных вандроўках?
"Ня надта добра жывіўся, факт, – думаў Сэм. – Згаладнелым выглядае, і ня крыху. I, напэўна, наўрад ці пагрэбуе хобітам, калі рыбкі не патрапіцца. Асабліва калі знойдзе заснулага хобіта. Трэба, каб не знайшоў. Сэма Гэйхада ён дакладна ня знойдзе".
Клыпалі ўздоўж бясконцай выгінастай расколіны надта доўга – ці так падалося стомленым нагам Фрода й Сэма. Шчыліна павярнула на ўсход і паступова ўсё шырэла й плытчэла. Нарэшце нябёсы над галавою пашарэлі першым сьвятлом раніцы. Глыкс не выказваў аніякіх прыкметаў стомы, аднак зараз зірнуў угару й прыпыніўся.
– Дзень набліжаецца, – папярэдзіў шэптам, нібыта дзень – пачвара, якая можа падслухаць гаворку й драпежна кінуцца на яго. – Сьмеяголь застанецца тут. Я застануся тут, і Жоўтая Пыса мяне не пабачыць.
– Мы з задавальненьнем паглядзелі б на сонца, – уздыхнуў Фрода, – але ж застанемся тут. Мы надта натаміліся, каб ісьці далей без адпачынку.
– Разумней вам было б ня радавацца Жоўтай Пысе, – параіў Глыкс. – Яна ж вас выдасьць, пакажа вас. Цудоўненькія, добранькія хобітсы застануцца зь Сьмеяголем, так? Оркі й іншыя гідкія здані паблізу, такс. Яны бачаць далёка. Заставайцеся, хавайцеся з мною!
Тады ўсе паселі адпачыць ля ўзножжа скалістай сьцяны расколіны. Тут яна была ўжо не вышэйшая ад чалавечага росту, а ўздоўж яе месцамі цягнуліся шырокія пляскатыя палічкі сухога каменю – струмень бег у паглыбленьні пад другою сьцяною. На адной такой палічцы Фрода з Сэмам і прыселі, абапершыся сьпінамі аб камяні. Глыкс жа плёскаўся й шкробся ў рачулцы.