Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Публицистика » Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]

Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:

Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
1 ... 109 110 111 112 113 114 115 116 117 ... 125
Перейти на страницу:

Даведацца пра тое, што адбываецца дома, я не магла, але сякія-такія навіны з жыцьця краіны ўсё ж прыходзілі — ад дзяўчат, якіх да мяне падсаджвалі. Напэўна, самай цяжкай зь іх стала сьмерць Рамана Бандарэнкі.

Я пачала здагадвацца пра тое, што здарылася нешта непапраўнае, калі слухала працэс, які праходзіў у калідоры. Малады чалавек сказаў: „Я знаходзіўся ў горадзе, каб ушанаваць памяць Рамана“. Я пачала ўспамінаць, як завуць загінулых... Тарайкоўскі быў Аляксандрам. Ды і месца не супадае — хлопец сапраўды гаварыў не пра „Пушкінскую“.

Тады зарадзілася падазрэньне, што адбылося страшнае, што ў нас новая ахвяра. І вечарам таго ж дня да мяне падсялілі дзяўчат, якія ўсё расказалі. Гэта быў страшэнны боль. Але сьледам за ім прыйшло іншае пачуцьцё: ты наогул ні на што не павінна скардзіцца ў гэтай сытуацыі. Ты яшчэ можаш нешта зьмяніць, бо жывая. Проста трэба трымацца і быць моцнай.

Пражываць гэты досьвед мне вельмі дапамагала літаратура. За 42 дні я прачытала раманы Булата Акуджавы „Падарожжа дылетантаў“ і Айн Рэнд „Атлянт расправіў плечы“, перачытала п’есы Чэхава і галоўныя творы Булгакава.

Колькі разоў я чытала Булгакава, а зноў знайшла новае для сябе. Адна сцэна з Понтыем Пілатам у „Майстру і Маргарыце“ чаго вартая. Тая, у якой ён прымае рашэньне, наступствы якога будуць мучыць яго ўсё жыцьцё. Ня ведаю, чаму гэтую кнігу яшчэ не ўключылі ў сьпіс забароненай у турме літаратуры.Магчыма, хтосьці проста не заўважае гэтых паралеляў.

Мяне, напрыклад, проста ўразіла сытуацыя, калі ахоўнікі, убачыўшы ў камэры маю кнігу — „Сабачае сэрца“ — пачалі сьмяяцца: „Ой, ды мы гэта яшчэ ў школе чыталі!“. Ну так, чыталі... Сытуацыя проста трагікамічная.

Але часьцей за ўсё ў турме я ўспамінала кнігу „Сказаць жыцьцю «Так!»“ Віктара Франкла — псыхоляга, які прайшоў праз канцлягер.Я пракручвала ў галаве фрагмэнт пра тое, як у яго ўвесь час развальвалася тое падабенства абутку, якое Віктар змог для сябе змайстраваць. Ён разумеў, што гэты абутак — нітачка, якая зьвязвае яго з жыцьцём, з чалавечым абліччам. Як толькі ён зьмірыцца з тым, што абутак разваліўся, — памрэ.І вось аднойчы падчас работ Віктар знайшоў у заледзянелай зямлі кавалак дроту, змог пранесьці яго ў барак і схаваць. Ён піша, што, прыціскаючы гэты дрот да сябе, упершыню за доўгі час адчуў сябе шчасьлівым чалавекам. Бо ведаў: зь яго дапамогай ён адрамантуе чаравікі — і жыцьцё працягнецца.

Чалавечыя пакуты за гэтыя дні не абясцэнілі ў маіх вачах пакуты жывёлаў, наадварот. Гэта ўсё так цесна зьвязана. Тое, што чалавек падпарадкаваў сабе ўсё — гэта зло, і я заўсёды пра гэта казала. Карцінка, пасьля якой я перастала есьці мяса, да гэтага часу стаіць перад вачыма. Я ехала кудысьці па МКАД, а перада мной — фура з каровамі, якіх зразумела куды вязуць. Лупцуе дождж, кроплі сьцякаюць па гэтых веях доўгіх... Яны ня ведаюць, што іх чакае.

І вось едзем мы ў аўтазаку — і не належым сабе і сваёй волі, не разумеем, куды нас вязуць і што з намі будзе далей.

Адчуваеце паралель? Справа толькі ў тым, у каго больш сілы. Ён і вырашае, як распарадзіцца вашым лёсам.

Супрацоўнікі турмы розныя. Адзін ахоўнік выкінуў на падлогу булачкі, выпечаныя мамай адной са зьняволеных. Іншы разарваў малюнак з коцікам на сьцяне. Але сярод супрацоўнікаў такіх месцаў ёсьць адэкватныя людзі, якія не выходзяць за рамкі сваіх службовых паўнамоцтваў. Я іх сустракала. Думаю, многія зь іх — проста выканаўцы, якія дзейнічаюць у рамках дазволенага. Яны ведаюць, што катаваць людзей фізычна нельга, але ёсьць маса іншых спосабаў зрабіць балюча, не выходзячы за рамкі прававога поля. А ёсьць і адмысловая катэгорыя. Тыя, хто робяць гэта ахвотна, не без задавальненьня. Гэта значыць, прыўносяць ва ўсякую справу асабісты ўклад. Я глядзела на іх і разумела, што, калі ім дазволяць паўтарыць падзеі жніўня, яны без сумненьняў зробяць гэта. Таму што адчуваюць патрэбу ў вымяшчэньні сваёй агрэсіі. Я не магу глядзець такім людзям у вочы. Мне сорамна. Не за сябе.

Калі выйшла, я не была гатовая да такой хвалі любові і ўсяляк пратэстую супраць тэрміну „народнай гераіні“, якім бы прыемным ён ня быў. Я саромеюся, па-першае. А па-другое, для мяне герой — гэта кожны, хто выйшаў з зоны свайго камфорту, сказаў сваё слова, перамог страх. Да таго ж я, праўда, не лічу сябе пацярпелай. Я жывая і здаровая. У мяне нават аналіз крыві добры.

Я скептык, але, магчыма, усё менавіта так дзякуючы гэтай самай калясальнай падтрымцы, якая дабіралася да мяне празь нейкія там энэргетычныя патокі. Ня ведаю, як гэта дзейнічае, але я сапраўды яе адчувала. І я ад усяго сэрца хачу сказаць „дзякуй“ за ўсё тое добрае, што было сказана і напісана мне за гэты час. Тое суперажываньне, якое выказалі мне і маім блізкім — найлепшае, што маглі для мяне зрабіць беларусы.

1 ... 109 110 111 112 113 114 115 116 117 ... 125
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)