Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Яшчэ для мяне вельмі нечаканым было тое, што мне перадалі пасылку з ласункамі з Італіі, з Балёньні. Яна прыйшла ад зусім незнаёмага мне чалавека, мне яе перадалі празь дзясятыя рукі. Для мяне гэта было так прыемна, прычым што менавіта з Балёньні — я была там прыкладна ў гэтую ж пару год таму і хацела вярнуцца туды яшчэ.
Чаму Рома выйшаў? Ён абаронца, ён прывык, што, калі побач слабы чалавек, ён заўсёды прыйдзе на дапамогу. І, як я разумею, там проста ў двары былі дзяўчаты, і ён выйшаў, каб быць побач і, калі што, можа быць, дапамагчы. Вядома, ён разумеў, што гэта небясьпечна.
У свой час ён вельмі хацеў пайсьці ў войска, але яго спачатку не ўзялі. У нас у сям’і быў такі парадак, што чалавек павінен мець вышэйшую адукацыю. З войскам тое самае: абодва дзяды Ромы служылі ў арміі, яго тата быў у ПДВ, у нас дома быў ягоны блакітны барэт. Таму, калі атрымалася так, што мы з Ромам пераехалі ў Менск, а ягоны тата застаўся ў Ніжнявартаўску, то рашэньне пра тое, каб „адкасіць“ ад войска, нават не абмяркоўвалася. Хоць я, як і ўсякая мама, ня вельмі хацела, каб Рома служыў: у войску здараюцца розныя сытуацыі. Але Рома мне сказаў: „Мама, я ад войска касіць ня буду; я вырашыў, што канчаю Акадэмію мастацтваў і ў войска пайду“.
Ён скончыў акадэмію летам, сам для сябе ўсё вырашыў, прайшоў мэдкамісію, вельмі хацеў у спэцназ, як і яго бацька. І Рому ўзялі ў армію, у спэцназ, ён зрабіў праводзіны, сабраліся сябры. Раніцай ён пайшоў у ваенкамат, і атрымалася так, што яму і яшчэ некалькім хлопцам сказалі: „Хлопцы, ідзіце дадому“. Астатнія хлопцы былі радыя, а Рома кажа: „Як дадому?“ Ён паехаў ва Ўручча, у гэтую частку 3214, куды ён хацеў, спытаць, можа нейкая памылка адбылася. Але там яму сказалі: „Усё, давай, да вясны!“ Усе сьмяяліся, што яго не ўзялі, але потым вясной ён трапіў у 3214 і свае 25 гадоў адзначаў у войску.
У жніўні я прачытала, што вайскоўцы гэтай часткі разганяюць пратэсты ў Менску, і сказала яму. Ён адказаў: „У гэтых падразьдзяленьняў іншая спэцыфіка, ня можа гэтага быць, ня веру. Ты, напэўна, памылілася“.
Увогуле, калі ўсе гэтыя рэчы пачаліся, ён мне неяк сказаў: „Мама, будзь асьцярожная, калі ты будзеш на вуліцы ў выходны дзень, трэба літаральна некалькі хвілін, каб часткі даехалі з аднаго канца ў другі. І калі ты апынесься ў гэтым месцы, дык будзе вельмі дрэнна“.
Сама я на пратэсты не хадзіла. Па-першае, Рома мяне папярэдзіў, што гэта можа быць небясьпечна. І я ўжо ў такім перадпэнсійным узросьце, я наогул апалітычны чалавек і не магу сказаць, што на той момант заўзята падтрымлівала тое, што адбывалася. Але ўсё мяняецца, цяпер у мяне на многія рэчы адкрыліся вочы, я стала па-іншаму думаць шмат пра што.
Напрыклад, пра тое, што, на жаль, ня ўсе законы ў нас у краіне працуюць. Раней я думала па-іншаму. Я вырасла ў Савецкім Саюзе, ува ўсіх дзяцей майго пакаленьня было пэўнае выхаваньне, цяперашняя моладзь думае па-іншаму. Я лічыла, што мы жывём у прававой дзяржаве, дзе ёсьць законы, і яны павінны выконвацца. Я думала, што гэта так…
„Вырашыў больш не ўцякаць“
Аляксандар:
— Я амаль упэўнены быў, што гэтым разам мяне дакладна арыштуюць, бо вырашыў для сябе, што больш ня буду ўцякаць ад лукашэнкаўскіх карнікаў. Так і здарылася. Калі натоўп, убачыўшы іх, пабег, я застаўся стаяць на месцы. Са мной засталіся стаяць мая жонка, мой найлепшы сябар і яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек. Ну а чаго бегаць ?! Чаго тады прыходзіць на гэтыя акцыі? Каб пагуляць з карнікамі ў даганялкі?.. Не паверыце, ніякага страху не было. Страх даўно прайшоў, засталася толькі нянавісьць. Я ледзь яе стрымліваў.
Нас узялі пад рукі і павялі ў аўтазак. Біць ня білі, але мой карнік увесь час спрабаваў заламіць мне руку за сьпіну. Я казаў яму, што ня буду ўцякаць. Ён ня верыў...
Па дарозе да аўтазака я папрасіў карніка, які вёў маю жонку, адпусьціць яе, бо наша непаўналетняе дзіця засталося дома адно. І здарыўся цуд — жонку адпусьцілі.
Мяне завялі ў аўтазак і, перш чым пасадзіць у жалезную клетку, абшукалі. Тэлефоны забіралі адразу, але я свой прадбачліва ня ўзяў з сабой... Клетак у аўтазаку некалькі. Ёсьць шматмясцовыя, а ёсьць і аднамясцовая. Я сядзеў у аднамясцовай.
Нас прывезьлі ў мясцовае аддзяленьне гестапа, завялі ў цір і паставілі да сьценкі... Страляць ня сталі — на гэты раз... Кожнаму раздалі папяровыя пакеты і загадалі скласьці ў іх матузкі, рамяні і іншыя рэчы з кішэняў. Мой сябар, зь якім мы былі на акцыі, — а ён ужо спрактыкаваны, яго ўжо раз затрымлівалі — адразу сказаў: „Пакеты — дрэнная прыкмета. Значыць, нас, хутчэй за ўсё, не адпусьцяць“. Ён не памыліўся.
У ціры нейкі обэрштурмбанфюрэр, які гаварыў па-расейску амаль без акцэнту, падыходзіў да кожнага затрыманага, прасіў назваць прозьвішча, імя і здымаў усіх на відэа. І наогул, гэта дзіўна, але ўсе карнікі разумелі расейскую і ніштавата на ёй гаварылі.