Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
У трэцяй маёй суседкі і цёзкі іншы маршрут: дом — праца. Здаецца, цалкам сабе нармальны варыянт. Але пераадолець гэтую адлегласьць для Вольгі — сапраўдны квэст. Бо ў дарозе яе знаходзяць прыгоды. Кажа: „Дакладна памятаю, што ехала на працу, а прачнулася на Акрэсьціна і ў сіняках“. Яна пазбаўленая бацькоўскіх правоў — дачка жыве зь сястрой. Сястру мая суседка па камэры лічыць у гэтым вінаватай. Ды ўсе вакол вінаватыя: не разумеюць яе, несправядлівыя да яе, не дапамаглі. А розум у яе працуе, жартуе вельмі сьмешна! Шкада чалавека. Я кажу: „Воля, трэба проста перастаць піць. Паспрабуй! Ты ўжо 15 дзён пратрымалася“. „Не, — кажа, — я занадта люблю піва, з гэтым нічога нельга зрабіць“.
Гэты сьвет існуе як быццам паралельна нашаму. Мы не заўважаем гэтых людзей у паўсядзённым жыцьці, а яны — нас. Напрыклад, мае сукамэрніцы ня ведалі пра тое, што адбываецца ў краіне. „Як? Проста так забіраюць і садзяць?“. Яны былі шакаваныя і абураныя.
У цэлым мы нядрэнна ладзілі. І я не зусім разумею, якой рэакцыі ад мяне чакалі, калі падсялялі іх да мяне. Што я пачну крычаць: „Ды вы ведаеце, хто я такая?“ і патрабаваць накрухмаленыя прасьціны? Гэта зусім не ў маёй натуры.
Я адразу зразумела, што патрэбны самакантроль і сацыяльная дыстанцыя, інакш гадаванцы неўзабаве зьявяцца і ў мяне. Бясконца мыла рукі і, па магчымасьці, працірала паверхні ў камэры. Як магла, дапамагала суседкам. Дзялілася бялізнай, спрабавала памыць ім галовы. Вельмі хацела апрацаваць іх ад вошай, але нам не перадалі гэтых сродкаў.
Я нашмат больш баялася прыпадобніцца не да маіх суседак у камэры, а да тых, хто прыдумляе такія „выхаваўчыя мэтады“. Спадзяюся, ніякія жыцьцёвыя абставіны ня зробяць мяне чалавекам з такім мысьленьнем.
А што тычыцца гэтых глыбока няшчасных жанчын... Я ж вясковая жыхарка па сутнасьці сваёй. Мяне складана чымсьці спалохаць і шакаваць. Я не тэарэтычна, а на практыцы знаёмая з прадстаўнікамі ўсіх сацыяльных слаёў.
Па дарозе ў Жодзіна я пазнаёмілася з ашаламляльнай зладзюжкай. Яна зрабіла на мяне вельмі моцнае ўражаньне: бо першае, што я ўбачыла ў яе руках — пакет з шакалядкамі. Я, як чалавек, у якога з вугляводамі асаблівыя адносіны, адразу зірнула на гэтую жанчыну ўхвальна.
Аказалася, што мая суседка падкрадае — ня тое каб на продаж, а для душы. Напрыклад, дваццаць шакалядак і бляшанку кавы яна ўзяла для сябе. Хацела піцьцём кавы прыемнасьць сабе зрабіць.Самае неймавернае (хоць, з другога боку, чалавек — спэцыяліст усё ж такі): яна прымудрылася гэтыя шакалядкі так прыхаваць, што іх не знайшлі пры аглядзе. Толькі каву забралі, а ўсё гэтае багацьце яна прыцягнула ў камэру. Ела там гэтыя шакалядкі на ўсю моц. Ну і дзялілася, вядома, таксама.
„Мне дрэнна, — кажа. — Я ўжо глядзець на іх не магу. Вось бы супчыку цяпер ці кашы“.
Але самай сьмешнай была яе рэакцыя на прыезд у жодзінскую турму. Акінуўшы яе позіркам, яна рэзюмавала: „Магчыма, тут нас расстраляюць“.
Але ў некаторых сытуацыях пачуцьцё гумару не ратавала. Я чула, як праходзілі судовыя слуханьні, і тры гісторыі запомніліся, напэўна, назаўсёды.
Першая гісторыя — пра мужчыну, які з торцікам у руках ішоў у госьці да сваіх састарэлых бацькоў. Яны на самаізаляцыі сядзелі, засумавалі па сыну. Яму далі суткі — ня памятаю, праўда, колькі.
Другая — пра глухаватага дзядка, які ехаў на выставу прадуктаў пчалярства. Ён увесь час перапытваў, недачуваючы і не разумеючы, у чым яго вінавацяць. І ўсё спрабаваў растлумачыць, што на лецішчы ў яго пчальнік, расказваў, што для пчальніка гэтага трэба было купіць. Таксама прысудзілі суткі, 12 ці 13.
Трэцяя гісторыя самая невыносная. Мужчына, як ён казаў, ішоў з царквы — некалькі дзён таму ў яго памёр сын. Хацеў памаліцца і паставіць сьвечку. Гэты мужчына назваў прозьвішча сына і нумар лякарні, заклікаў патэлефанаваць і праверыць гэты факт. Ён казаў: „Якое масавае мерапрыемства? Мне да яго справы няма. У мяне ў душы нічога, акрамя болю, не засталося. Я страціў сына. У мяне баліць сэрца“. Я ня бачыла яго твару, але ў голасе было столькі адчаю. Яму далі 15 сутак. У мяне ўсё ўнутры абарвалася. Нават седзячы там, я ўсё роўна ня верыла ў тое, што такое можа быць.
Інфармацыйны голад быў мацнейшы за фізычны. Здаецца, я б абмяняла магчымасьць атрымліваць перадачу на ліст — хоць бы адзін на тыдзень. Магчыма, таму мяне гэтых лістоў пазбавілі цалкам.
Мучыў моцны страх, што дома нешта здарылася, а я пра гэта ня ведаю. У турме я ўпершыню зразумела, што такое панічныя атакі — яны былі зьвязаныя менавіта з думкамі пра бацькоў, жывёлаў і сяброў.