Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Але вось быў адзін хлопец, яму проста павага. І дапамагаць спрабаваў, і прыкурыць хлопцам даваў, час мог сказаць, навіны некаторыя пераказваў. Усе астатнія люта баяцца заходзіць у камэры, а гэты, калі прыносіў перадачы, сьмела ў камэру заходзіў. Прычым пасьля прыезду гэты хлапчук быў першым зь сілавікоў, каго мы ўбачылі з адкрытым тварам. І адзін з нас пытаецца ў яго: „А чаго гэта ўсе ў балаклавах, а вам што, не паложана?“ — „Хто ўсе?“ — „Ну калегі вашыя“. — „Яны мне не калегі“ — адказаў ён.
„Уключыў рэжым Ніны Багінскай“
Віктар Фянчук, эколяг:
— Учора затрымалі добрага сябра, Ваню Багдановіча. І я сам адчуў, што гэта такое, стаяць уночы каля пастарунку. Сёньня зноў суды. Супакойваеш сваякоў і жартуеш, што сядзець нескладана. Ніякай рамантыкі, вядома, у гэтых адседках няма. Але за час сядзеньня з амаль 30 людзьмі, памяняўшы тры папраўчыя ўстановы, я ня ўбачыў ніводнага чалавека, які б ня справіўся са сваімі суткамі. У нейкай ступені сядзельцам нават прасьцей, чым іхным сваякам і сябрам. Жыцьцё вызначанае і цячэ мерна.
Для мяне ўсё пачалося ля стэлы, калі я разгарнуў сьцяг і „ўключыў рэжым Ніны Багінскай“, як потым сказаў адзін мой таварыш. Сьцяг у руках накладвае свой адбітак, і ты перастаеш баяцца і ўцякаць. Ланцуг вэвэшнікаў праглынуў мяне вельмі хутка. І я ўбачыў шырока расплюшчаныя вочы маладога хлопца, які схапіў мяне за руку, і ў іх была пякельная сумесь адрэналіну і страху. „Я не супраціўляюся. Ты толькі дыхай“, — цяпер гэта здаецца мне дзіўным, але менавіта так я разы тры яму сказаў, пакуль ён вёў мяне, няўмела спрабуючы заламаць мне руку, да свайго камандзіра, у якога на шлеме ззаду была налепка „Псих“.
У аўтазаку я трапіў у „стакан“ з Жэнем з Wargaming і Сашам Міцкевічам, выкладчыкам музычнай школы. Калі Сашу затрымалі, ягоная жонка пайшла добраахвотна за ім да аўтазака, яе таксама пасадзілі кудысьці насупраць, і яна крычала: „Саня, я тут!“ А Саня прасіў амонаўцаў прагнаць яе з аўтазака дамоў, да дзяцей.
Тады я яшчэ ня ведаў, што з Жэнем і Сашам я апынуся ў адной камэры ў Жодзіне, а з Сашам чатыры ночы буду спаць валетам на адной шконцы і прыціскацца да яго як мага шчыльней сьпінай, каб сагрэцца.
Там жа ў аўтазаку студэнт-юрыст Ягор з тарцавога „стакана“ з, мабыць, зламанай галёнкай і ў стане посттраўматычнага шоку, няспынна спрабаваў накіраваць на „праведны шлях“ амонаўцаў, якія суправаджалі нас і не прамовілі ні слова на яго спробы іх разгаварыць. У Савецкім РУУС Ягора паставяць тварам да сьцяны разам з усімі намі. І кожны раз, калі ён, ня маючы сіл стаяць на зламанай назе, будзе апускацца на калені, яго будуць падымаць назад. Потым ён будзе кульгаць праз увесь двор на допыт. І толькі вечарам яму выклічуць хуткую дапамогу.
На Акрэсьціна мяне разьмясьцілі аднаго ў карцары. І гэта было дзіўна, таму што астатнія сядзелі там 20 чалавек у камэры на васьмярых. Вітаньне сонца на адкінутай шконцы карцару (мой ёга-тычэр Roman Romanovich мной бы ганарыўся), мэдытацыя і сілавыя практыкаваньні з адкідным ложкам. Увогуле, усё пачыналася для мяне як круты маўклівы рэтрыт. І нават тое, што судзьдзя па прозьвішчы Воўк даў адразу 15 сутак, не сапсавала маіх адчуваньняў. Пакуль у аўторак вечарам нас ня вывелі ў двор і не адправілі ў Жодзіна.
Па дарозе ў Жодзіна хлопцы радаваліся ў аўтазаку, бо ў Жодзіне, па водгуках, было клясна. Нас жа сустрэлі людзі з рэальна садысцкімі схільнасьцямі — мацюкамі, сядзеньнем на выдуманым зэдліку і высьпяткам за павольнае разьдзяваньне. „Служыў?“ — „Не“ — „Слабак!“ Калі мы нарэшце апынуліся ў камэры, ніхто не наракаў, што нас 16, а ложкаў усяго 8, усе былі рады спакою. Больш жорсткасьці ў нас нідзе не было, але „цёплая“ сустрэча запомнілася надоўга. Іншыя хлопцы потым казалі, што іх прымушалі мыць у душы падлогу бел-чырвона-белымі сьцягамі. У Жодзіне мы атрымалі першыя перадачы, і жыцьцё наладзілася. Усе ўцягнуліся ў рэжым, і дні пацяклі.
Праз чатыры дні нас перамясьцілі ў Магілёў даседжваць 9 дзён. Трэба было вызваляць месца для чаканых затрыманых на чарговым нядзельным маршы. Невялікая камэра на 16 чалавек з высокай вільготнасьцю ад таго, што слаба працуюць батарэі. Празь нейкі час мы пачалі хварэць, і да канца тэрміну перахварэла паўкамэры (некалькі чалавек потым зрабілі аналізы і пацьвердзілі каранавірус). Не дапамаглі штодзённыя прагулкі, якія ўладальнік лягістычнай кампаніі Раман выдатна ператварыў для нас ва ўрокі фізкультуры на сьвежым паветры. На жаль, у Магілёў некалькім людзям перадалі цыгарэты, пачаліся штогадзінныя курэньні, у выніку ад няма чаго рабіць закурылі яшчэ пару чалавек з тых, хто звычайна ня курыць.