Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Я такая ўдзячная, што нават бянтэжуся. Кожны раз, калі вы кажаце мне нешта добрае, шукаю словы, якія будуць такімі ж шчырымі і каштоўнымі. Калі дорыце кветкі, хачу падарыць нешта ў адказ, таму што адчуваю тое самае, што і вы.
Я ведаю пра флэшмоб з калготкамі Conte, а таксама пра скандал, які разгарэўся неўзабаве пасьля яго.
Я сапраўды баюся, што „дзяўчына з упакоўкі калготак“ можа стаць маім самым вялікім дасягненьнем у жыцьці. І што пазнаваць мяне будуць па нагах. Я ўдзячная ўсім, хто імкнуўся мяне абараніць, але хачу заступіцца за Conte, якіх зачапіла рыкашэтам. Мы і сапраўды даўно не зьвязаныя працоўнымі адносінамі, у іх няма перада мной ніякіх абавязаньняў. Тое, што адбылося, — хутчэй пралік маркетолягаў або СMM-спэцыялістаў, якія выбралі, магчыма, ня самы зручны момант для публікацыі. Ня больш за тое. А па факце пацярпела рэпутацыя брэнду, зь якім мяне зьвязваюць толькі самыя цёплыя ўспаміны і 10 гадоў супрацоўніцтва, пра які я і слова дрэннага не скажу.
Цяпер нам важна адмовіцца ад ілюзій, набрацца цярпеньня і веры. І прыняць, што гэта доўгі шлях. Але мы пройдзем яго, і выявіцца, што ў яго канцы — сьвятло. І ў гэтым сьвятле мы ўпершыню ўбачым сябе як нацыю.
„Сьцяг нам ножкі сагрэў“
Марыя, мэдык:
— 8 лістапада. Гуляла ў цэнтры гораду. Я ўпэўнена, што маю на гэта права. Стаяць, ісьці, адна ці з некім, дзе лічу патрэбным, у якой лічу патрэбным вопратцы і дапаўненьні да вопраткі. Іх фармулёўкі „несанкцыянаванае масавае мерапрыемства“, „незарэгістраваная сымболіка“ — гэта іхныя фантазіі і няведаньне Канстытуцыі. Ім так зручна.
...Пасыпаліся, як гарох, ляцелі па ходніках мосту. Мяне ўзяў пад локаць высокі „чорны“, здаецца, алмазавец. Я ціха сказала, што іду сама, „Калі ласка, не прысьпешвайце, у мяне крок меншы“. Ён і вёў асьцярожна. А навокал віравала розная энэргетыка, хтосьці зь іх нёсься разьюшана, затрымліваў брутальна. Зайшла ў бус, ён зьняў зь мяне плякат і са словамі „А гэта ўжо пакінем гісторыі“ прыставіў яго да агароджы мосту. З пачуцьцём гумару, аднак. Параіў і шалік з Пагоняй зьняць. Шкада, што не паклала ў заплечнік, мог бы захавацца. А так у пастарунку зьнялі і зьнесьлі разам з чыёйсьці бэйсболкай. Напэўна, яны экіпіруюць ціхароў, цяпер усё магчыма.
У шэрым аўтазаку, куды нас перасадзілі, дзьверы ў камэру падобныя на дзьверы печы. Месцаў тры там на лаве, нас было 6 жанчын. Мужчын кідалі на падлогу, чуліся ўдары і стогны.
Паставілі на вуліцы тварам да сьцяны, рукі за сьпіну. Жанчын менш пільнавалі. Таму варочалася, разглядала. П’яны мужчына, яўна ня з „нашых“, трохі буяніў. Яны яго, ужо пабітага, яшчэ білі, зашпілілі кайданкі, працягнулі па асфальце. Адчуваньне, быццам гэта ў цябе зь пясьцяў дзярэцца скура. Навошта яны і такіх бяруць, для „карцінкі“? Нагадала, што да кожнага чалавека трэба па-людзку, будзе ляжаць на зямлі — застудзіць ныркі. Прынесьлі шыну, пасадзілі яго.
Паступова ўсіх перапісалі. Папрасіла выклікаць „хуткую“ хлопцу з апухлай нагой і крывёй на патыліцы. Яго забралі. Яшчэ для аднаго прасіла — гематома ўтварылася каля скроні. Яны паглядзелі, вырашылі, што ня трэба. Многія мужчыны кульгалі моцна, але ня скардзіліся, трымаліся. Жанчына побач пабялела, кашляла. Упрошвала я, каб адпусьцілі яе, бо кантакт першага ўзроўню. Не, нікога больш ня выпусьцілі. Нават мамы малых дзяцей паехалі ў выніку ў Жодзіна. Машу (3 гады дачушка) судзілі толькі праз два дні, далі 25 базавых. Жэню (двое дзяцей, 5 і 7 гадоў) пратрымалі ўвогуле тры дні, у сераду, ужо на Акрэсьціна, прысудзіўшы 50 базавых.
Вобшук. Перапісваюць каштоўнае — пашпарт, ланцужок, завушніцы, пярсьцёнкі (зьняць), грошы, ключы. Тэлефону не было з сабой. Яго забіраюць як гарантыю сплаты штрафу.
Яны. Цікава паназіраць. Шмат хто ў балаклавах. У простых масках тыя, якія „чалавечнейшыя“, ці як.
Жанчына-міліцыянтка была прыязнай, сказала булачку ўзяць з сабой і выбачылася перад тым, як правяла па кішэнях. Дазваляла зрабіць званок усім, у каго былі тэлефоны. Жанчын вадзіла ў „цывільную“ прыбіральню ў будынку. Сказала застацца ў гаражах, каб ня мерзьлі; прапанавала крэсла. Я папрасіла схадзіць па жанчын, што засталіся на вуліцы. Дазволілі.
Засяроджаныя, падкрэсьлена ветлівыя складальнікі пратаколаў. Кшталту „Мы проста выконваем сваю працу“.
Ахоўнікі розныя. Адзін хацеў пагаварыць, выстаўляўся, жаліўся, што мэдыкі адмовілі бацькам. Даказваў, што ня ўдзельнічае ў затрыманьнях, не атрымлівае дадатковых грошай. Не разумее, чаго мы ходзім, бо яго бацькі і сваякі нікуды ня ходзяць, усім задаволеныя. „Эмпатыі пазбаўлены“, — сказала я, але наўрад ці ён зразумеў. Іншыя ўпэўнены, што пратэсты фінансуюцца, але, можа, да шарагоўцаў не даходзяць грошы.