Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Самы адэкватны і спагадлівы на пытаньне, чаму ён тут працуе, адказаў, што ў разгонах ня ўдзельнічаў. Калі прымусяць — апусьціць шчыт.
Нейкі самы ўпэўнена-разьвязны, у цывільным, нечакана запытаўся на „ты“: „Як думаеш, пераможаце?“ Я адказала, што пераможам, бо людзі не даруюць гвалту і зьдзекаў. Мэдыкі не даруюць. Ён пагадзіўся: „Так, мэдыкі не даруюць“.
Бліжэй да вечара прынесьлі ежу і ваду ад валянтэраў. Вялікі дзякуй, сапраўды паратунак, бо ў турме ўжо могуць трымаць бязь ежы доўга.
Усё б нішто сабе, але трымалі нас там гадзін 15. Месцаў прысесьці амаль няма, гаражы халодныя, ратавалася, мераючы прастору крокамі. А мужчыны, зь якімі прыехалі ў аўтазаку, так і прабылі амаль увесь час на вуліцы каля сьцяны.
Мова. Нас тады яшчэ не пазначалі. Звыкла ігнаравалі нават напісаньне прозьвішча. Толькі той, хто здымаў і каротка апытваў, усьміхнуўся: „100%“ (вінаватая), але далей гаварыў са мной па-беларуску.
Транспартаваньне ў турму. Аўтазак-перавозка, з лавамі. Усім не хапіла, мужчыны некаторыя стаялі ўвесь час. Доўга-доўга, душна, хацелася хутчэй трапіць усярэдзіну, каб прылегчы.
Сьцягі. На падлозе, у нейкім калідоры з паваротамі. Ад нечаканасьці і нейкага імгненна ўзьніклага мэталёвага смаку ў роце я збочыла да сьцяны. Можа, канваір ужо быў стомлены (тое пад ранак, гадзін мо сем), я ішла апошняй да таго ж. Мяне ня ўдарылі.
Доўга чакалі асабістага агляду. Сьцяг і там на падлозе. Выказаўшыся пра дзікунства гэтага, таксама сказала, што мяне прыніжае агляд. Па адміністрацыйцы прапісана „адсутнасьць складу злачынства“. Недалёкая дзеўка нешта хаміла, потым заявіла, што пакліча ахоўніка-мужчыну. Разулася, разьдзелася і стала на Сьцяг. Дзяўчына ў камэры потым суцяшальна зазначыла: „Сьцяг нам ножкі сагрэў“.
Нарэшце камэра. А там два ложкі двухпавярховыя, мэталічныя рашоткі без матрацаў. І ўжо жыхарак амаль удвая больш. Неяк прытулілася седзячы, „правалілася“. Памятаю, прывялі яшчэ жанчын, адна расплакалася. Думаю, таксама марыла прылегчы. А тут і сесьці няма дзе. Але пацясьніліся.
Потым пачула маё прозьвішча. На выхад. Канваір, даючы падпісваць абавязаньне зьявіцца ў суд, бурчаў незадаволена: „Калі вы такія ўнікальныя і незаменныя мэдыкі, а міліцыя вам кепская, трэба дома сядзець“.
Я ніяк не чакала такой дапамогі і ўдзелу. Я кранутая і ўдзячная. Суд яшчэ будзе.
Але мне хочацца сказаць: ня бойцеся. Варта і сябе зразумець, што ты вытрымаеш. Можна паспрабаваць і дапамагчы камусьці. Калі ўпэўнены, што гатовы.
„Я выходжу“
Алена, маці Рамана Бандарэнкі:
— Раман вырас у Ніжнявартаўску, вучыўся там у мастацкай школе, у розны час займаўся плаваньнем, баскетболам, гуляў у валейбол, бадмінтон, настольны тэніс. Лета ён праводзіў у Менску, а калі яму споўнілася 16 гадоў, паступіў тут у архітэктурна-будаўнічы каледж, і мы зь ім пераехалі жыць у гэты горад. Тут Раман скончыў Акадэмію мастацтваў, потым адслужыў у войску, працаваў дырэктарам крамы.
Увечары 11 лістапада невядомыя сталі здымаць бел-чырвона-белыя стужачкі з агароджы ў двары нашага дому. Раман напісаў у чаце мясцовых жыхароў: „Я выходжу“. У двары невядомыя яго пабілі і забралі, неўзабаве пасьля гэтага ён памёр у лякарні. Яму быў 31 год.
Я яшчэ не да канца ўсьвядоміла страту свайго адзінага і любімага сына, таму, вядома, у эмацыйным пляне мне вельмі цяжка. Мне ўвесь час здаецца, што гэта адбываецца не са мной, што ўсё зьменіцца, што Рома вернецца, скажа: „Мама, я вярнуўся!“ Але большую частку часу са мной мае родныя, блізкія, сябры; я атрымліваю моцную падтрымку і толькі дзякуючы ёй яшчэ трымаюся і магу нешта рабіць.
Крымінальная справа пра гібель Рамана дагэтуль не адкрытая. Але завялі справу супраць лекара Арцёма Сарокіна, які сказаў, што ў Рамана ў крыві не было алькаголю, і супраць журналісткі Кацярыны Барысевіч, якая напісала пра гэта.
Крымінальная справа павінна была быць распачатая ў першы дзень па факце сьмерці, а гэтага зроблена не было. А ўсе гэтыя сьледчыя дзеяньні, збор нейкіх характарыстык, апытаньні, гутаркі павінны праводзіцца ў рамках адкрытай крымінальнай справы, а не наадварот, як мне патлумачылі: спачатку ўсё зьбіраецца, а потым будзе прымацца рашэньне, адкрыць справу ці не адкрыць. Як такое можа быць?
Атрымліваецца, на асобаў, якія сапраўды зрабілі злачынства, забіўшы майго сына, справа не заведзеная, а заведзеная на доктара, які сказаў праўду, і журналістку, якая таксама сказала праўду. Выходзіць, за праўду распачалі крымінальную справу. Цяпер увесь мой час ідзе на тое, каб справа аб забойстве Ромы была адкрытая. Мне вельмі хочацца, каб злачынцаў, якія гэта ўчынілі, знайшлі і пакаралі паводле закону.