Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Мне сказалі, што цяпер праводзіцца ўсебаковая праверка. Я на мінулым тыдні была пяць гадзін у пракуратуры, і мяне зьдзівіла, што пытаюцца такія рэчы, якія наогул ня маюць дачыненьня да таго, што адбываецца: напрыклад, у які садок Рома хадзіў, у якой школе ён вучыўся. Я спытала ў сьледчага, якое дачыненьне гэта мае да злачынства, ці гэта дапаможа вызначыць злачынцаў, якія ўчынілі гэтае забойства? На што мне сьледчы сказаў: „Мы складаем партрэт Рамана“.
Я спытала: „Вы такія ж сьледчыя мерапрыемствы праводзіце і ў дачыненьні да тых асобаў, якія зрабілі гэтае злачынства?“ Мне сказалі: „Так, мы праводзім вельмі вялікую працу“. Я спадзяюся, што гэта так.
Я бачыла зварот лекара Арцёма Сарокіна, у якім ён заклікае не палітызаваць сытуацыю. Але незразумела, у якіх умовах гэты зварот быў запісаны. Як я зразумела са звароту, у чалавека сям’я, жонка, дзеці, праца любімая: гэта можна выкарыстоўваць для таго, каб такое запісаць. У гэтым звароце лекар не гаворыць, што сказаў няпраўду. Калі я прыйшла раніцай да Ромы ў рэанімацыю, на стале ляжала мэдычная карта, і я на свае вочы бачыла, што там было, што сапраўды ў крыві алькаголю не было. Гэтыя дакумэнты былі потым канфіскаваныя зь лякарні.
Пра тое, што Раман знаходзіцца ў шпіталі, я даведалася а палове чацьвертай раніцы 12 лістапада. Пачуўся званок у дзьверы, прыйшлі дзьве дзяўчыны і хлопец, я іх першы раз бачыла, яны сказалі: „Вы толькі не хвалюйцеся, ваш Рома ў лякарні, яму зараз робяць апэрацыю, яна будзе доўгая“. Мне пакінулі тэлефон рэанімацыі і сказалі званіць, пытацца, калі скончыцца апэрацыя. Я прыехала да 11 гадзін, калі лекар ужо мог са мной пагаварыць.
Ён мне адразу сказаў, як быццам выліў на мяне цэбар халоднай вады, што ў Ромы шанцаў няма і што ён знаходзіцца ў найцяжэйшым крытычным стане, вельмі нестабільным. Потым, праўда, выправіўся, сказаў, што надзея і шанец заўсёды ёсьць, але гэты шанец вельмі-вельмі малы. Я спытала, ці можна мне ўбачыць Рому. Мне дазволілі, адразу далі халат, бахілы, шапачку.
Тады мне здавалася, што Рома проста сьпіць, як пасьля наркозу, там усякія трубачкі былі, кропельніцы, апараты, нешта мігцела, нейкія лічбы, дыяграмы, паказчыкі. Ён дыхаў, я ўвесь час трымала яго за руку, гладзіла, прасіла, каб ён трымаўся; казала, што я зь ім, што гэта добрая лякарня і добрыя дактары, казала: „Ты моцны, ты вытрымаеш, і ўсё будзе добра“.
У яго былі шырокія сінякі на абодвух запясьцях, уся шыя сіняя, апухлы твар, увесь у ранках; вочы апухлыя ў ранках, вушная ракавіна ўся ў крыві, сківіца была зламаная. Лекар сказаў, што яму патрэбна яшчэ адна апэрацыя, але спачатку стан павінен стабілізавацца, іначай ніяк. Ён сказаў, што чакаюць прыезду акадэміка і будзе кансыліюм, а потым скажуць мне нешта канкрэтнае.
Пасьля кансыліюму мне адразу сказалі, што ў Ромы адзін шанец з тысячы, што ўсё залежыць ад сілы Ромавага арганізму і ад Госпада Бога. Сказалі, што да таго, як Рому даставілі ў лякарню, ён ужо доўгі час быў у коме, і што яму тады не аказвалася кваліфікаваная мэдычная дапамога; і, калі б яго прывезьлі раней, то, магчыма, яго б выратавалі, але гэтага не адбылося.
І потым лекар кажа: „Самае страшнае тое, што ў яго пашкоджаны ствол галаўнога мозгу, які адказвае за ўсе функцыі арганізму, пачынаючы ад такіх жыцьцёва важных, як сэрцабіцьце і дыханьне, і заканчваючы нюхам, смакам“. Ён мне расказаў, што гэты ўчастак знаходзіцца вышэй патыліцы і што Рому вельмі доўга, жорстка і мэтанакіравана білі ў адно і тое ж месца. Паводле яго, Рома сам нічога ня зможа рабіць, ён не адчувае і ня будзе адчуваць ні смаку, ні паху, нічога.
Наконт рэакцыі людзей... Я не магу сказаць, што мне гэта было прыемна, але я вельмі ўдзячная людзям, якія так спагадліва паставіліся да сытуацыі і да мяне асабіста. Вельмі многія прапаноўвалі дапамогу, многія пісалі, тэлефанавалі. Я не чакала такой рэакцыі ад такой вялікай колькасьці незнаёмых мне людзей, для мяне гэта было дзіўна. Я зразумела, што я не адна і магу з усім гэтым справіцца. Энэргія гэтых людзей перадалася мне, і стала лягчэй.
Больш за ўсё ўразіла такая вялікая колькасьць сьвечак, кветак, на якіх было напісана імя Ромы. Тое, што зусім незнаёмыя людзі, нават тыя, хто ня жыў побач, зьяжджаліся з усяго гораду на „плошчу Пераменаў“, прыносілі фатаграфіі, кветкі, цацкі. Я выйшла туды і ўбачыла, як усё прыходзілі і прыходзілі людзі, плакалі; я не хацела, каб мяне пазналі як Ромаву маму: я была, як усе, бачыла надпісы „Рома, мы з табой“, „Мы памятаем“. Я бачыла, што гэта ўсё было ня штучна, а ад душы.