Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
На каленях Чарадзея ляжаў, звіўшыся кольцам, шэры вуж.
З раніцы грувасціліся над лесам аблокі – пнулася неба на дождж, абяцала, што вось-вось абрынецца спорным ліўнем, ды нешта не зацяжарнелі воблакі вільгаццю – паляскалі-пабурчэлі грамы-маланкі, ды і перасталі, суцішыліся...
Людзі, ведаў Нікадым, чакалі дажджу. Бо на сотках гарэла бульба – звяў бульбоўнік і памідоры пачалі хіліцца долу, страчвалі сілу і моц. Як на згубу смаліла спякота. А яму, Нікадыму, дык і ўсё роўна было, ідзе той дождж ці не – ні сеяць, ні жаць яму не трэба было. Але шкода людской працы, патрачаных сілаў...
Жыў у дзеда і чорны бусел. Круглы год жыў. Ён адзін і не хаваўся ад людзей, хіба што яшчэ вавёркі... Для бусла Міхаська зімой даставаў з глыбіні прамерзлага азярца змерзлых жабаў. А ў сак, пад ільдом, убіваліся ўюны – любімы ласунак Чорнага.
Бусел падышоў, стаў побач. Паглядзеў на дзеда – як пра што пытаўся ў яго.
– Што, сумна аднаму, Бацян? – прытуліў Чарадзей чорную птушку, і бусел паклаў галаву старому на калені – як вінаваціўся за што перад гаспадаром. – Ну, чаму не ляціш да сваіх суродзічаў? Я ж табе крыло змайстраваў – вунь як добра лётаеш над лесам. Баішся, што не даляціш ў цёплыя свае краіны? Значыць, маеш розум, калі так, бо ведаю, што ты не з лянівых, і што птушка ты найразумнейшая з усіх...
Чорны заклекатаў, як бы гаворачы, што зразумеў дзеда, павярнуў галаву ўбок – пачаў ўслухоўвацца ў пошум густых дрэваў. Толькі тады зачахкала над галавой сарока, папярэдзіла-паведаміла, што да Чарадзея кіруюцца людзі з вёскі...
Нікадым ведаў, хто ішоў, але не ведаў таго, ці здолее памагчы ім, – кожны дзень адбіраў у яго дадзеную Богам здольнасць бачання і прадбачання падзей і даўжыні чалавечага жыцця, – ды і век яго ўжо рабіў свае апошнія кругі... Але ж тым людзям, што кіраваліся да яго, яму найбольш з усіх і хацелася памагчы...
Яны былі яшчэ далекавата – толькі ўзыходзілі на хісткую кладку праз ручэй. Маці паперадзе, а сын ззаду – падтрымліваў яе, каб не ўпала, не звалілася да жабаў і вужоў, што кішэлі ў траве і лотацях...
«От, каб вы раней трошкі, ну хаця б на месяц раней выправіліся да мяне, як я яшчэ збольшага валодаў той сілай, якая магла вырваць дуб з коранем, чаго, праўда, я ніколі не рабіў, – то я адвёў бы ад вас бяду, прымусіў бы яе, гадаўку, замоўкнуць, адабраў бы ад яе чорныя мячы цемры – і яна назаўсёды адхіснулася б ад сваёй ахвяры... А цяпер што, што цяпер – ад хваробы яшчэ не адышоў, я амаль ужо і не Чарадзей-Чараўнік, і амаль што не чалавек... Ды што ўжо і казаць, аткі-маталкі, экх-хх...»
Стары зноў расчуліўся. Апошнім часам з ім тое здаралася часцей і часцей, што ён ужо і сам сябе ненавідзеў за тое.
Вільготнымі рабіліся вочы, пачыналі дрыжэць рукі.
А ён вельмі не хацеў гэтага, паказваць тое не хацеў...
Ён гладзіў доўгадзюбую птушку, быццам ёй скардзіўся на сваю нямогласць, верачы, што бусел разумее яго, зразумее парэшты яго. Потым, прыхінуўся спіной да сцяны, падставіў сонцу твар: «Грэй, сонейка, адагравай мае старыя косці, разагравай кроў, якая ўжо загусла, не так порстка бегае па маім целе, як раней... Эх-ма, тут-ка тваю... Божа, то Ты, Усемагутны Божа, вучыў мяне: «Ці ёсць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму? і калі рыбы папросіць, змяю падаў бы яму? Дык вось, калі вы ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым больш Айцец ваш, Які ў нябёсах, дасць даброты тым, хто папросіць у яго...
І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабеце ім: бо ў гэтым закон і прарокі. Уваходзьце вузкаю брамаю, бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі; бо вузкая брама і цесная дарога вядуць у жыццё, і нямногія знаходзяць іх...»
11.
Мальвіна яшчэ звечара замясіла цеста ў дзежцы, кінула туды трошкі насення кропу (ведала, што Нікадым любіць такі хлеб), накрыла палатняным ручніком і пакінула ў запечку.
Раніцай выпаліла ў печы бярозавымі і дубовымі паленцамі – каб дух быў мацнейшы, каб хлеб набыў сваю духмянасць і сілу, каб стаў той жывой істотай, без чаго не можа пражыць ніводзін чалавек...
Хаця Вінцуку ўжо можна было і пакінуць працу, бо трэба быў час на зборы і падрыхтоўку, ды прыбег брыгадзір трактарнай брыгады, пачаў умольваць-угаворваць: