Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 104 105 106 107 108 109 110 111 112 ... 140
Перейти на страницу:

— Гэта мой Вульфіл дзень і ноч думае пра ўсялякія сумныя рэчы — як лепей упрыгожыць кірху, колькі эмалі пойдзе на кожнае акно і ці будзе ён дастойны свайго імя — бачыш, фройляйн, яго назвалі ў гонар першага гоцкага епіскапа. А па-мойму, няма нічога больш вартага за каханне! О! Каханне! Хочаш, я праспяваю табе нашы песні?

Калі Ізабэла пачынала галасіць пра дам, якія дзень і ноч глядзяць з вежаў, чакаючы каханых, Жывена ледзь магла ўтрымацца ад смеху — мажная дама нагадвала ёй рухавую бочачку. Аднак тая саслужыла ёй пасля падарожжа добрую службу.

Калі трыера прыстала ў Генуэзскай гавані, высветлілася, што новы папа Урбан VI патрабаваў ад Генуі, каб яна парвала адносіны з Міхаілам Палеолагам. Паколькі генуэзцы, зацікаўленыя ў гандлі і прыбытках ад Цар-горада, адмовіліся, папа выдаў інтэрдыкт* на ўсё насельніцтва рэспублікі і адлучыў ад царквы ўрад горада. Венецыя тым часам, падпарадкоўваючыся гнеўным загадам намесніка Бога на зямлі, паслала свой флот супраць і Генуі, і Візантыі. Аднак немцам падарожжа ў Рым было не забаронена. Таму Ізабэла, якая, чакаючы зняцця інтэрдыкта, каб паехаць да сябе ў Вестфалію, часова жыла ў нямецкім квартале сярод землякоў, змагла дамовіцца з капітанам, каб ён узяў на свой карабель да Рыма яе «юнага родзіча». Больш таго: яна дала Жывене адрас сваіх сапраўдных родзічаў, якія жылі ў Рыме непадалёку ад Квірынальскага ўзгорка, і ліст да іх.

* Папская грамата з гнеўным асуджэннем.

Так у красавіку 1262 года дзяўчына апынулася ў Рыме.

* * *

Ліст высакароднай дамы зрабіў сваю справу: Жывену вельмі ветліва сустрэлі ў невысокай сядзібе, што патанала ў зеляніне міртаў, апельсінавых і лімонных дрэваў, якія ўжо цвілі бела-ружовым пяшчотным цветам. А праз два дні пасля ейнага прыезду паведамілі, што сярод знаёмых ёсць дзяўчына, якая даглядае хворых у манастыры святой дзевы Марыі і там, здаецца, ляжыць нехта з нямецкіх рыцараў, што ваявалі разам з Манфрэдам, а пасля служылі пры двары звергнутага Балдуіна Другога і яго сына Філіпа.

Дзяўчына, сінявокая пухленькая Элізабэт, згадзілася правесці юнака ў манастырскую бальніцу. Манахіні віталі ўсіх, хто прыходзіў суцешыць хворых, прынесці ім ахвяраванні альбо і дапамагчы пры доглядзе.

На плошчы, куды яны, пераходзячы доўгімі вуліцамі, нарэшце трапілі, Жывена ўбачыла велізарную бронзавую постаць ваўчыцы. Пад ёю цягнуліся да саскоў двое хлопчыкаў.

— Што гэта? — паказала яна ўсхвалявана.

— Гэта блізняты Ромул і Рэм, — спакойна растлумачыла Элізабэт.

— Блізняты?

Жывена ледзь не подбегам кінулася да помніка. Уверсе бронза пазелянела, але лапы ваўчыцы і яе саскі блішчэлі — мабыць, рымляне часта дакраналіся да іх.

— Кажуць, дотык да хлопчыкаў прыносіць шчасце, — пацвердзіла яе здагадку спадарожніца. І яна расказала Жывене гісторыю ўзнікнення Рыма, вядомую кожнаму тут: жорсткі Амулій, дзядзька гэтых блізнят, яшчэ да іхняга нараджэння сілком пасвяціў сваю сястру ў вясталкі, бо жрыцы багіні Весты не маглі мець ні дзяцей, ні нават блізкасці з мужчынам. А пасля, калі прыгажуня-вясталка нарадзіла блізнят і дзядзька, баючыся за сваю ўладу, выкінуў іх у раку Тыбр, бог Марс, чыімі дзецьмі яны былі, не даў загінуць хлопчыкам: выкінутых ракой на бераг, іх выкарміла ваўчыца, а выхаваў пастух. А пасля, узросшы, яны заснавалі тут горад, слава пра які разнеслася па ўсім свеце.

— Рыму дзве тысячы гадоў, - расказвала Элізабэт, калі яны зноў крануліся ў дарогу, а Жывена паклала перад ваўчыцай, каля блізнятаў, круглыя пахкія апельсіны. — Але тут шануюць памяць пра мінулае. Кожны табе пакажа і арку Ціта, пастаўленую ў гонар перамогі над юдэямі, і калону Траяна. І нават помняць, як яшчэ ў 476 годзе Адаакр, перамогшы імператараў Арэста і Ромула Аўгуста, адаслаў знакі імператарскай улады ў ваш Канстанцінопаль…

— Мой Канстанцінопаль! — Жывена хацела запярэчыць, але запнулася. І адчула, што нават у думках не хоча адракацца ад горада, дзе столькі перажыла…

Яна і цяпер ішла, стрымліваючы ўнутраныя дрыжыкі. Магчыма, даведаецца ў гэтага хворага, дзе Райнер, што з дзіцем. Але як гаварыць з ім, што прыдумляць?

— Ён цяжка хворы? — запыталася яна ў Элізабэт.

— Хто? А, рыцар? — тая, захопленая аповедам, спачатку не зразумела, пра што пытанне. — Цяжка. Ён недзе падхапіў малярыю, а яна невылечная*.

* Малярыя і ў нашым стагоддзі лічыцца цяжкай хваробай.

— Няўжо? Ці можа ён хоць гаварыць?

1 ... 104 105 106 107 108 109 110 111 112 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)