Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Тады выклікнулі ўголас правадыры Захаду, бо іхнія сэрцы асьвяціла новая надзея пасярод цемры. Крочыўшы з абложаных пагоркаў, рыцары Гондару, вершнікі Рохану, дунаданы Поўначы шчыльнымі шыхтамі рушылі на ворагаў, працінаючы іхнія натоўпы моцным напорам вострых дзідаў. А Гэндальф зноў узьняў рукі й знову выгукнуў ясным голасам:
– Стойце, людзі Захаду! Стойце й чакайце! Бо гэта час кону!
I не пасьпеў дагаварыць, як зямля здрыганулася пад нагамі. А тады, імкліва ўздымаючыся ў захмар'е, вышэй ад вежаў Чорнай Брамы, вышэй ад гор, жудасная неабсяжная цемра ўскінулася ў нябёсы, прабліскваючы полымем. Застагнала зямля, скаланулася. Хіснуліся вежы Іклаў, задрыжэлі й упалі, абрынуўся долу магутны мур Брамы й лёг руінамі, грымнуўшы, а здалёк, то сьціхаючы, то ўзмацняючыся, а то аглушальна, прыкаціў барабанны грукат, роў, рэха гармідару вялікага разбурэньня.
– Скончылася ўлада Саўрона! – абвесьціў Гэндальф. – Носьбіт пярсьцёнка сягнуў мэты!
I правадыры зірнулі на поўдзень, на мордарскі край, і падалося ім, што там узьнялася вялізманая цяністая постаць, чорная на шэрых аблоках, непраглядная, каранаваная маланкамі, запаўняючы ўсе нябёсы. Магутна паўстала яна над сусьветам, працягнула гіганцкую пагрозьлівую руку, жудасную, але бясьсілую, і калі постаць нахілілася над рыцарамі, моцны вецер падхапіў яе, усю суздрам зьнёс прэч ды разьвеяў. I паўстала ціша.
Правадыры нахілілі галовы, а калі зноў зірнулі навокал, дык – пабач жа! – ворагі ўсе ўжо ўцякалі. Мордарскае войска расьсейвалася пылам па ветры. Калі дачасна памірае тая распухлая цяжарная пачвара, што тоіцца ў глыбінях мурашніка ды трымае яго пад сваёю ўладаю, мурашы бадзяюцца бязмэтава й паміраюць у немачы – так і Саўронавы пачвары, оркі, тролі ці ўвязьненыя чарамі зьвяры, забегалі, замітусіліся бязглузда й бессэнсоўна. Якія зь іх забівалі сябе, якія кідаліся ў яміны, якія беглі хавацца, лямантуючы, у безнадзейных норах ды цёмных скляпеньнях. А людзі Руну й Хараду, усходнікі й паўднёўцы зразумелі, што вайна прайграная, убачылі веліч і славу войска Захаду й ягоных правадыроў. Ставала ворагаў тых, хто ўкаранеў у ліху, хто даўжэй служыў Цёмнай вежы, ненавідзячы Захад. Былі яны ганарлівыя й адважныя, і таму самі зараз паўсталі на апошнюю адчайную бойку. Але большасьць кінулася наўцёкі на ўсход не шкадуючы ног, а іншыя пакідалі зброю, молячы літасьці.
Гэндальф жа, пакінуўшы далейшую бітву й ачольства Арагорну й іншым гетманам, паклікаў зь вяршыні пагорку – і да яго долу зьляцеў Гвайхір Гаспадар Вятроў і паўстаў перад ім.
– Двойчы нёс ты мяне, сябра Гвайхіру, – сказаў Гэндальф. – Трэці ж раз – вырашальны, як кажуць. Калі будзе тваё жаданьне, панясі мяне зноў. Не нашмат цяжэйшай ношаю я буду табе, чым калі нёс ты мяне зь Зіракзігіля, дзе спарахнела маё старое жыцьцё.
– Я панёс бы цябе, нават калі б ты быў з каменю, – адказаў арол.
– Тады рушма, і дазволь свайму брату выправіцца з намі, а таксама яшчэ аднаму з твайго народу, найспрытнейшаму! Бо нам патрэбная хуткасьць, большая за любы вецер, каб абагнаць назгульскія крылы.
– Дзьме паўночны вецер, але мы абгонім яго, – адказаў Гвайхір.
Падняў Гэндальфа й панёс прэч, а зь ім паляцелі Ландроваль і малады хуткакрылы Менэльдар. Пралятаючы над Удунам і Гаргаратам, пабачылі гармідар і разбурэньні пад сабою, а перад імі палыхала гара Выраку, вывяргаючы полымя.
– Як жа я рады, што ты тут, з мною, – вымавіў Фрода. – Бо гэта сканчэньне ўсяму.
– Так, я з вамі, спадару, – Сэм асьцярожна паклаў Фродаву параненую руку яму на грудзі. – І вы з мною. Вандроўка нашая скончылася. Усё-ткі, столькі прайшоўшы, я не хачу зараз здацца. Няслушна гэтак, калі вы разумееце.
– Можа й не, Сэме. Але гэтак звычайна й здараецца ў нашым сьвеце. Надзея памірае, і надыходзіць канец. У нас засталося мала часу. Мы сярод разбурэньня й гібелі, і ратунку няма.
– Усё ж, спадару, мы ж можам прынамсі прыбрацца як далей ад гэнай Палымянай расколіны, ці як там яе. Ці здольныя вы? Ну, давайце, спадару Фрода, нам жа трэба па той сьцежцы спусьціцца, так?
– Добра, Сэме. Калі ты жадаеш, я пайду з табою.
Яны ўсталі й павольна рушылі па зьвілістым шляху, але не пасьпелі сягнуць ніжняй часткі дрыготкай гары, як вялізны струмень дыму й пары вырваўся з Самат Наўру, вяршыня гары раскалолася й жудаснай вязкаю плыньню хлынула лава, грукочучы па ўсходнім баку гары.
Далей ходу не было. Апошнія сілы хобітаў хутка зьнікалі. Сябры забраліся на невысокі пагорак, кучу попелу, нагрувашчаную ля ўзножжа гары, а адтуль ужо не было куды падзецца. Тая куча вытыркалася недаўгавечнаю выспаю сярод агоніі Арадруйну. Паўсюль навокал пашчамі ашчэрвалася пакутная зямля, з глыбокіх ямінаў і шчылінаў вырываліся полымя й дым. А за сьпінамі калацілася гара. Вялізныя расколіны-раны адкрыліся на яе баках, і па іх пацяклі долу павольныя рэкі агню. Хутка ўжо сягнуць яны нізу, паглынуць і пагорак, і хобітаў. Зь нябёсаў ляцелі шматкі гарачага прыску.