Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 104 105 106 107 108 109 110 111 112 ... 174
Перейти на страницу:

– Не, я не здыму яе зь цябе, – вымавіў Фрода. – Не здыму пакуль, – тут ён прыпыніўся, задумаўшыся, – не здыму, пакуль ты не паклянесься мне такой клятваю, якой я змог бы паверыць.

– Мы паклянемся рабіць, што ён ххоча, такс, таксс, – Глыкс усё курчыўся й хапаўся за лытку. – Яна шшкодзіць!

– Клянесься? – спытаў Фрода.

– Сьмеяголь паклянецца, – Глыксаў голас нечакана набыў яснасьць, вочы шырока раскрыліся й паглядзелі на Фрода зь дзіўнаю прагаю. – Сьмеяголь паклянецца на каштоўнасьці!

Фрода выпрастаўся, і Сэма зноў напалохалі ягоныя словы й суворы голас.

– На каштоўнасьці? I ты адважысься? Падумай! Адзін – уладарыць над імі, адзін – адшукаць іх. Ты насамрэч адважысься замкнуць сваю клятву ёю, Сьмеяголь? Так, гэтая клятва ўтрымае цябе. Але ж каштоўнасьць яшчэ больш здрадная за цябе. Яна сказіць словы клятвы ў тваім розуме, яна падмане! Сьцеражыся!

– На каштоўнасьці, на каштоўнасьці! – паўтараў Глыкс, скурчыўшыся, прыкрыўшыся рукамі.

– I ў чым ты паклянесься?

– Быць добранькім, добранькім, – сказаў Глыкс.

А тады падпоўз да Фродавых ног і закешкаўся на зямлі перад ім, на пузе, хрыпата прышэптваючы. Ды ўздрыгваючы, нібы словы страсалі самыя ягоныя косткі жахам.

– Сьмеяголь паклянецца аніколі, аніколі не дазволіць яму завалодаць каштоўнасьсьцю! Ніколі! Сьмеяголь выратуе яе. Але ён мусіць паклясца на самой каштоўнасьці!

– Не, не на ёй самой, – Фрода глядзеў на Глыкса з строгім жалем. – Усё, чаго ты жадаеш зараз, – гэта пабачыць яе, дакрануцца да яе. Прагнеш, хоць ведаеш: гэта пазбавіць цябе розуму, укіне ў шаленства. Ты не паклянесься на ёй. Кляніся ёю, калі хочаш клясца. Бо ты ведаеш, дзе яна. Так, Сьмеяголь, ты ведаеш. Яна перад табою.

На момант Сэму падалося, што ягоны гаспадар вырас, а Глыкс сьціснуўся, зьменшыўся. Быццам высокі шэры цень, магутны ўладар, схаваўшы веліч у шэрым воблаку, пазіраў на віскатлівае шчаня ля сваіх ног. Аднак абодва не былі цалкам чужыя адзін другому, бо разумелі адзін аднога. Глыкс прыўзьняўся й ухапіўся за крысо Фродавай вопраткі, поўзаючы ля ягоных каленяў.

– Хопіць! Хопіць! – загадаў Фрода. – Кляніся!

– Мы клянемся, так, клянемся! – выенчыў Глыкс. – Я буду служыць гаспадару каштоўнасьсьці! Добры гаспадар, добры Сьмеяголь, глыкс, глыксс!

I раптам зноў заплакаў і пацягнуўся зубамі да лыткі.

– Адвяжы вяроўку, Сэм! – загадаў Фрода.

Неахвотна Сэм падпарадкаваўся. Глыкс адразу ўскочыў і затанчыў навокал, як пабітае шчаня, чый гаспадар нарэшце зьлітаваўся й пагладзіў ласкава. Адгэтуль зь ім адбылася перамена, якая пратрывала колькі часу. У размове ягонай стала меней шыпеньня й енкаў, і зьвяртаўся ён да спадарожнікаў ад сябе, а не ад імя сваёй "каштоўнасьці", і зь ёю гутарыў значна меней. Ён усё яшчэ курчыўся й уздрыгваў, калі хобіты апыналіся блізка ці рухаліся рэзка, і пазьбягаў дотыку да іхніх эльфскіх плашчоў, але ўсялякім чынам намагаўся дагадзіць новым гаспадарам, і пазіраць на тое было сьмешна й агідна. Ён хіхікаў ці падскокваў, калі хто-небудзь жартаваў ці калі Фрода па-добраму зьвяртаўся да яго, і плакаў, калі Фрода выгаворваў яму. Сэм жа зусім не хацеў анічога яму казаць – ані добрага, ані благога. Ня верыў ён Глыксу ані на крышачку. Новы Глыкс, Сьмеяголь, быў не даспадобы яму яшчэ болей, чымся Глыкс колішні, калі тое ўвогуле магчыма.

– Ну, Глыкс, ці як там цябе зараз клікаць, ужо час! – сказаў ён. – Месяц зайшоў, і ноч мінае. Лепей хадзем.

– Так, так! – пагадзіўся Глыкс, радасна падскокваючы. – Хадзем, хадзем! Толькі адна сьцежка паміж паўднёвым і паўночным краямі дрыгвы, толькі адна! Я знайшоў яе, я! Оркі па ёй ня ходзяць. Оркі яе ня ведаюць. Оркі ня ходзяць праз багны, оркі абыходзяць за вёрсты й вёрсты. Якое шчасьце, што вы сюды пайшлі! Якое шчасьце, што знайшлі Сьмеяголя, таксс! Ідзьце за Сьмеяголем!

Ён адышоў на колькі крокаў і глянуў назад запрашальна, быццам сабака, які кліча гаспадароў пашпацыраваць.

– Пачакай-тка, Глыкс! – выклікнуў Сэм. – Не адбягай далёка! Я за табой пайду, і калі што – вяроўка заўжды напагатове!

– Не, не! – адгукнуўся Глыкс. – Сьмеяголь абяцаў!

Глыбокай ноччу пад халоднымі яснымі зорамі яны пачалі свой шлях. Глыкс пэўны час вёў іх на поўнач уздоўж хрыбта – тым шляхам, якім яны й прыйшлі. Тады ўзяў направа ад стромага хрыбта Эмін Мюйлу, уніз па камяністых, няроўных, загрувашчаных схілах ды расьсечаных ярамі пагорках і балоцістых панізьзях. Рушылі ў цемры хутка й нячутна. А над усімі мілямі велізарнай пустэчы ад хрыбта да Брамы Мордару павісла чорная цішыня.

1 ... 104 105 106 107 108 109 110 111 112 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)