Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Юлька два разы пыталася ў Аліцыі пра пана Вінклера.
Яна сама, не маючы ад Аліцыі ніякіх тайн, сказала ёй, што яна шчаслівая, што пан Янэк і Аліцыя кахаюць адно аднаго, бо пан Янэк цудоўны.
— Ён табе падабаецца? — з усмешкай запыталася Аліцыя.
— Вельмі! Вельмі! Я так рада, што вы кахаеце адно аднаго… Праўда, кахаеце, Аля?
— Праўда, Юлечка, кахаем.
— А ён табе ўжо зрабіў прапанову? Прасіў тваёй рукі?
— Яшчэ не, не зусім, — ухіліста сказала Аліцыя.
— Але вы нібыта неафіцыйна заручоныя?
— Нібыта, — пацвердзіла Аліцыя і перавяла размову на іншую тэму.
З таго часу Юльку разбірала цікаўнасць: ці цалуюцца яны, калі застаюцца адны. На самай справе нічога б не было надзвычайнага ў тым, калі б яны цалаваліся. Усе нарачоныя цалуюцца — пераконвала яна сябе — а яны ж сапраўды заручоныя.
Але яна не магла з гэтым змірыцца! Самае простае, зрэшты, спытацца ў Аліцыі пра тое, хоць яно і нетактоўна. Толькі праз пару дзён, носячыся з гэтым намерам, яна рашылася і спыталася, цалуючы Аліцыю на ноч:
— Аля, а вы з панам Янкам цалуецеся?
Аліцыя акінула яе здзіўленым позіркам.
— Я пытаюся, Аля, таму што ведаю, што нарачоныя заўсёды цалуюцца, — дадала Юлька ў сваё апраўданне.
— Пра што ты думаеш, Юлечка! — дакорлівым тонам адказала Аліцыя. — У цябе экзамены на носе, а ты задаеш недарэчныя пытанні. Дабранач, дарагая, ідзі спаць.
«Ну, натуральна, не цалуюцца», — думала Юлька, засынаючы, і невядома чаму была гэтаму рада. Калі б яны цалаваліся, рабілі б вельмі брыдка! Яна не магла гэтага даказаць, але ёй здавалася, што тады яны падманулі б яе чаканні.
З таго часу яна задавольвалася ўласнымі назіраннямі, якія яшчэ больш заспакоілі яе несвоечасовыя падазрэнні.
Зараз яна развітвалася з сяброўкамі. З большасцю расставалася не без жалю. Яны абяцалі адна адной пісаць і пасля канікулаў зладзіць у школе з’езд.
Юлька выбегла на вуліцу са слёзкамі ў куточках вачэй і хутка ішла да трамвая, як раптам пачула за сабой голас:
— Панна Юлька!
Яна азірнулася і аж ускрыкнула ад нечаканасці: перад ёй стаяў доктар Чухноўскі.
— Доктарчык! — усклікнула яна. — Добры дзень! Я так даўно вас не бачыла! Чым вы займаецеся?
Доктар паціснуў ёй руку. Бачна было, што ён узрушаны.
— Я, панна Юлька, працую.
— Які шчаслівы збег абставін, што я вас сустрэла!
— О, гэта не збег абставін, — усміхнуўся Чухноўскі. — Я наўмысна вас чакаю.
— Наўмысна?
— Так. Вы ж сёння атрымалі атэстат. Я хацеў павіншаваць.
— Доктарчык памятаў! — расчулілася дзяўчына. — Які вы добры!
Чухноўскі выглядаў змарнелым і яшчэ больш бездапаможным, чым раней. На яго адзенні былі сляды занядбаласці. Ён быў непаголены, у старым, дрэнна завязаным гальштуку.
— Як жа я мог забыцца пра такі ўрачысты дзень, — гаварыў ён, — гэта ж доўгачаканая дата…
— А вы не падумалі, што я магла зрэзацца? — весела спытала Юлька.
— Вы? Мне гэта нават у галаву не прыйшло, — запратэставаў доктар.
— Доктар, вы ў які бок? Можа, вы мяне праведзяце?
— О, не, не, — спужаўся Чухноўскі. — Толькі крышку. Вам, напэўна, непрыемна ісці па вуліцы ў такой прыгожай сукенцы ў кампаніі такой нязграбнай асобы, як я…
Юлька пашкадавала яго, вельмі-вельмі. Яна не сумнявалася, што ён яе любіць, але ведала, была ўпэўнена, што ён месяцамі чакаў гэтага выпадку, каб што-небудзь даведацца пра Аліцыю. Юлька б з задавальненнем яму расказала вельмі шмат, калі б не той факт, што ўсё, пра што яна магла яму распавесці, было б для яго балюча. Таму яна вырашыла лепш гаварыць пра школу і планы на лета.
На наступным прыпынку трамвая доктар з ёй развітаўся.
«Нейкі ён няшчасны, — думала Юлька, вяртаючыся дадому, — нейкі сумны. Але, відаць, ён сам разумее, што можа шкадаваць толькі сябе. Я б здзівілася, калі б ужо не Аліцыя, а якая-небудзь іншая жанчына змагла яго пакахаць. Такі яго лёс… Лёс, у сваю чаргу, несправядлівы, такому вось пану Янку даў усё, а доктарчыку нічога».
Ужо ў вітальні Юлька ўпэўнілася, што пан Янэк тут. На адным з бра тырчаў яго светлы, амаль белы капялюш з шырокімі палямі. Ён жа ніколі па-людску не павесіць свой капялюш!
Юлька ўбегла ў сталовую і стала як укапаная: перад ёй на падлозе ляжала велізарная гумовая чарапаха, а на яе спіне сядзеў пан Янэк у адпаведным капелюшы, зробленым з газеты, і апяразаны вялікай чырвонай аўтамабільнай камерай.
Калі яна ўвайшла, ён выказаў ёй пашану і адрапартаваў:
— Адмірал Балтыйскага флоту Ян Вінклер, начальнік эскадры вашай каралеўскай вялікасці, з’явіўся па вашы загады!
— Ах! — крыкнула Юлька. — Гэта мая эскадра?