Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 103 104 105 106 107 108 109 110 111 ... 174
Перейти на страницу:

– Таксс, таксс. Не!! – узьвіснуў Глыкс. – Аднойчы, выпадкова, такс, мая кашштоўнасьсьць, выпадкова! Выпадкова! Але мы ня пойдзем назад, не, не!

Тады раптоўна ягоны голас і тон зьмяніліся, ён усхліпнуў і вымавіў, нібы некаму па-за хобітамі, адсутнаму:

– Адпусьціце мяне, глыксс! Мне балюча. Вох, мае бедныя ручкі! Я, мы, не жадаем назад, не. Я не магу знайсьсьці яго, не. Я сстаміўсься. Я, мы, я не магу знайсьці яго, нідзе яго няма, таксс, глыксс, нідзе. Яны заўжды ссочаць, заўжды. Гномы, людзі й эльфы, жудассныя эльфы з палымянымі вачыма. Я не магу знайсьсьці яго, вохх!

Ён ускочыў ды, сьціснуўшы доўгую даланю ў кастлявы кулак, пагразіў усходу.

– Мы ня будзем шукаць яго! – выгукнуў ён. – Не для цябе!

Тады зноў паваліўся.

– Глыксс, глыксс, – заенчыў, утыкнуўшы твар у зямлю. – Не глядзі на нас! Ідзь прэч! Ідзь спаць!

– Ён ня сыдзе прэч і ня пойдзе спаць на тваё слова, Сьмеяголь, – сказаў Фрода. – Але калі ты насамрэч хочаш пазбавіцца ад яго, то мусіш дапамагчы мне. Гэта значыць – знайсьці для нас дарогу да яго. Але табе ня трэба прайсьці яе ўсю. Толькі да брамы ягонай краіны.

Глыкс сеў зноў ды глянуў на яго з-пад павекаў.

– Ён там, таксс! – хіхікнуў ён. – Ён заўжды там. Оркі цябе правядуць, таксс. На ўсход ад ракі лёгка іх адшукаць. Не прымушай Сьсьмеяголя. Бедны, бедны Сьсьмеяголь! Ён даўно, даўно ссышшоў прэч. Яны забралі яго каштоўнасьсьць, і ён далёка, далёка.

– Магчыма, мы зноў адшукаем яго, калі ты пойдзеш з намі, – прапанаваў Фрода.

– Не, не, аніколі! Ён згубіў ссваю кашштоўнасьсьць!

– Уставай! – загадаў Фрода.

Глыкс ускочыў і прыціснуўся да адхону.

– Слухай мяне! Ці здольны ты адшукаць лягчэйшы шлях удзень ці ўночы? Мы стаміліся, але калі ты абярэш ноч, мы пойдзем зараз жа.

– Вялікае сьсьвятло шкодзьдзіць нашшым вочачкам, таксс, – праенчыў Глыкс. – Не пад Белай Пысай, не! Яна хутка ссхаваецца за пагоркамі, таксс! Адпачніце сспачатку, файныя хобітссы!

– Тады сядай і не варушыся! – загадаў Фрода.

Хобіты паселі пааберуч ад Глыкса, прыхіліліся сьпінамі да сьцяны, выцягнулі ногі. Дамаўляцца патрэбы не было – і так ведалі, што заснуць нельга ані на хвіліну. Павольна закаціўся месяц. Цені папаўзьлі па гарах, і за імі прыйшла цемрадзь. У нябёсах густа высыпалі, прамяніста зазіхацелі зоры. Аніхто не варушыўся. Глыкс сядзеў, падабраўшы ногі, прысунуўшы каленкі да падбародзьдзя, распластаўшы пляскатыя ступакі й далоні на зямлі, змружыўшы павекі. Аднак падаваўся напружаным – ды разважаў альбо прыслухоўваўся.

Фрода з Сэмам пераглянуліся ў паразуменьні. Тады расслабіліся, адкінулі назад галовы, заплюшчылі вочы ці зрабілі выгляд. Хутка дыханьне іхняе зрабілася ціхім і мерным. Глыксавы далонькі ўздрыгнулі. Ён ледзь прыкметна павярнуў галаву ўлева, управа. Расплюшчыў крышачку адно вока, тады другое. Хобіты не варухнуліся.

Зьнянацку Глыкс з ашаламляльнай спрытнасьцю скочыў проста зь зямлі, як конік альбо жаба, і рвануў у цемру. Менавіта гэтага Фрода з Сэмам і чакалі. Глыкс не зрабіў і двух крокаў, як Сэм ужо нагнаў яго. Фрода схапіў пачварня за ногі ззаду й паваліў.

– Так, твая вяроўка зноў спатрэбіцца, Сэме, – сказаў Фрода.

– I куды ж ты накіраваўся па халоднай цьвярдой зямлі, спадарыку Глыксе? – прабурчэў Сэм, выцягваючы вяроўку. – Мы цікавімсься, вох, мы цікавімсься. Напэўна, пашукаць сябрукоў-оркаў. Ах ты гідкі здрадны пачварань! Гэтай вяроўкаю – ды вакол тваёй шыі. I зацягнуць памацней!

Глыкс ляжаў спакойна й не спрабаваў болей аніякіх хітрыкаў. Толькі перыўся на Сэма зь нянавісьцю.

– Нам трэба яго неяк трымаць, – прамовіў Фрода. – Трэба, каб ён мог ісьці, таму няма сэнсу зьвязваць яму ногі ці рукі, бо ён, рухаючыся, карыстаецца імі таксама. Прывяжы за лытку, а другі канец трымай.

І ўстаў над Глыксам, пакуль Сэм прывязваў. Вынік зьдзівіў абодвух. Глыкс залямантаваў – тоненька, бы нешта драла яго знутры. Жудасны, непераносны гук. Ён курчыўся, спрабуючы дацягнуцца ротам да глізны й перакусіць вяроўку. I няспынна галасіў.

Нарэшце Фрода пераканаўся, што Глыксу насамрэч балюча – аднак не ад вузла. Той быў зацягнуты зусім ня моцна. Хутчэй, наадварот. Сэм быў дабрэйшы за свае словы.

– Што з табой? – спытаў Фрода. – Калі ты хочаш уцячы, дык мы мусім цябе прывязаць. Але ж мы ня хочам шкодзіць табе.

– Яна шшкодзіць, шшкодзіць! – прашыпеў Глыкс. – Яна марозіць, кусае! Яе эльфы зьвілі, клятыя эльфы! Жорсткія хобітссы! Восьсь таму мы хацелі ўцячы, таксс, мая кашштоўнасьць! Мы ж здагадалісься: жорсткія, жорссткія хобітссы! Яны былі ў эльфаў, злых эльфаў з палымянымі вачыма. Здыміце! Яна шшкодзіць!

1 ... 103 104 105 106 107 108 109 110 111 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)