Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Сэм падышоў да пашчы дзьвярэй, зазірнуў усярэдзіну. Цёмна там было й сьпякотна, і глыбокімі грымотамі дрыжэла паветра.
– Спадару Фрода! – гукнуў ён.
Адказу не пачуў. Замёр на момант, бо сэрца калацілася зь дзікага страху, а тады кінуўся ўсярэдзіну. А за ім сьлізнуў спрытны цень.
Напачатку ня ўбачыў анічога. У такой вялікай пільнай патрэбе дастаў шклянку Галадрыелі, але ж яна легла ў ягоную дрыготкую руку, бледная і халодная, і зусім не расьсеяла сьвятлом здушальную цемру. Бо Сэм патрапіў у самае сэрца Саўронавага каралеўства, у кавальню ягонай старажытнай моцы, найвялікшай у Міжзем'і. Усе іншыя сілы бляклі тут. Баючыся, асьцярожна й няўпэўнена зрабіў хобіт колькі крокаў, і раптам наперадзе бліснула полымя – вялізны язык агню скочыў да самай чорнай столі. Тады Сэм пабачыў, што стаіць у доўгай пячоры ці тунэлі, прабураным у баку верхняга кучменю дымнай гары. А зусім непадалёк падлогу тунэлю й сьцены расьсякае вялізная расколіна, зь якой зьзяе барва: полымя то сьціхае, хаваючыся ў цемры, то скача ўгору. Унізе ж нібыта ракочуць і цяжка бразгаюць вялізныя кавадлы й колы, і пыхкаюць кіпнем рондалі.
Полымя ўскінулася зноў, і Сэм пабачыў: на самым краі прорвы, побач з Пашчай Лёсу, стаіць Фрода – выпрастаны, застылы так цьвёрда й нерухома, нібы ператварыўся ў камень.
– Гаспадар! – выгукнуў Сэм.
Тады Фрода варухнуўся й прамовіў ясным голасам, ясьнейшым ды мацнейшым за ранейшы, які Сэм калі-небудзь чуў ад яго, і голас той узьняўся над непакоем і грымотлівым пульсаваньнем гары, адбіўся звонам ад сьценаў і столі.
– Я прыйшоў! Але зараз – вось, я вырашаю не ўчыняць таго, дзеля чаго прыйшоў. Не, гэтага я не зраблю. Пярсьцёнак мой!
I раптоўна, насунуўшы пярсьцёнак, зьнік. Сэм вохнуў, але выгукнуць не пасьпеў, бо шмат чаго здарылася ў гэты момант.
Нешта жорстка пхнула Сэма ў сьпіну, падкасіўшы ягоныя ногі. Сэма адкінулі ўбок, і ён цяжка бразнуўся галавою аб каменную падлогу. Страціў прытомнасьць на нейкае імгненьне, у вачох пацямнела.
А далёка адсюль, у Барад-дуры здрыганулася Вялікая Моц, бо Фрода насунуў пярсьцёнак ды абвесьціў яго сваім у Самат Наўры, у самым сэрцы Саўронавага каралеўства, і Цёмная вежа скаланулася ад падмуркаў да ганарлівай вострай кароны. Зьнянацку Чорны Уладар убачыў Фрода, Вока ягонае працяла ўсе цені, павярнуўшыся да дзьвярэй у гару, якія зрабіў калісьці, і тады вялізарнасьць уласнага глупства адкрылася яму асьляпляльнаю бліскавіцаю, а пляны ворагаў нарэшце зрабіліся яснымі. Гнеў ягоны выбухнуў зьнішчальным полымем, але й страх узьняўся чорным воблакам і здушыў яго. Бо ён пазнаў сьмяротную небясьпеку, пабачыў валасок, на якім павіс зараз ягоны лёс.
Ягоны розум адкінуў умомант інтрыгі й пляны, цянёты страху й здрады, войны й задумкі, і задрыжэла ўсё ягонае валадарства. Завагаліся рабы, спыніліся войскі, і правадыры іхнія захісталіся й адчаяліся, адчуўшы, што няма каму кіраваць імі, страціўшы волю ісьці наперад. Бо на іх забыліся, бо моц і ўвага Ўладара, што кіраваў імі, спрэс зьвярнуліся да гары. Пачуўшы заклік, вусьцішна завішчэўшы, назгулы, Прывіды Пярсьцёнкаў, павярнулі й у апошняй адчайнай гонцы памчаліся спрытней за віхуры й штормам крылаў абрынуліся на поўдзень, несучыся да гары.
Сэм паўстаў. Моташна было яму, і кроў, што цякла з галавы, залівала вочы. Крочыў, хістаючыся, наперад, і тады ўгледзеў штось жудаснае й дзівоснае: Глыкс на краі прорвы звар'яцела біўся зь нябачным ворагам. Гойдаўся туды й сюды, то так блізка да краю, што ледзь не зрываўся, то далей, адсоўваючыся, падаючы долу, узьнімаючыся й падаючы зноў. I ўвесь час шыпеў, ня кажучы анічога.
Полымя ўнізе абудзілася ў злосьці, палыхнула чырваньню, і ўсю пячору запоўнілі сьвятло й сьпякота. Раптоўна Сэм пабачыў, што доўгія Глыксавы пальцы падцягнуліся да рота. Белыя іклы бліснулі, і ён шчоўкнуў імі, змыкаючы пашчу. Крыкнуў Фрода, і вось – зьявіўся, укленчыўшы на краі прорвы. А Глыкс, скочучы, бы вар'ят, высока падняў пярсьцёнак, яшчэ з адкушаным пальцам у ім. Пярсьцёнак зьзяў, быццам насамрэч выкаваны з жывога полымя.
– Кашштоўнасьсьць, кашштоўнасьсьць, мая кашштоўнасьсьць! – галасіў Глыкс. – О, мая кашштоўнасьсьць!
I з тым, бачачы ў дзікім захапленьні толькі сваю здабычу, высока ўзьнятую, скочыў надта далёка, хіснуўся, задрыжэў на момант на краі, намагаючыся ўтрымацца, а тады з пранізьлівым енкам упаў. З прорвы пачулася апошняе: "Кашштоўнасьсьць!!!" I ён зьнік.