Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 103 104 105 106 107 108 109 110 111 ... 150
Перейти на страницу:

Тут зь нетраў гары зараўло, зарычэла, затрэслася. Скочыла ўгору полымя, крануўшы столю. Пульсаваньне зьнізу зрабілася цяжкімі ўдарамі, і ўся гара суздрам скаланулася. Сэм падбег да Фрода, падхапіў, панёс да дзьвярэй. А ля іх, на цёмным ганку Самат Наўру, высока над роўнядзьдзю Мордару такое зьдзіўленьне й вусьціш апанавалі яго, што стаў скамянеўшы, забыўшыся на ўсё, толькі пазіраючы.

На кароткі час пабачыў хмару-віхраслуп, а пасярод яе – вежы й умацаваньні, вышэйшыя за горы, узьнесеныя на магутным стальцы гор над неабсяжнымі скляпеньнямі. Пабачыў вялізныя двары й цямніцы, глухія вязьніцы з стромымі сьценамі, што зеўралі брамамі з сталі й адаманту. А тады ўсё зьнікла. Абрынуліся вежы, абваламі сасьлізнулі горы, пабурыліся, рассыпаліся на друзачкі, расплавіліся муры, вялізарныя сьпічакі дыму й струмені пары ўзьняліся ў паветра, набрузьлі, пакуль не зрабіліся нібыта волатаваю хваляю з закручаным пенным грэбнем і не абрынуліся, ня вытрымаўшы ўласнага цяжару, на зямлю. I тады адтуль, за доўгія вёрсты, дакаціліся грымоты, узьняўшыся да аглушальнага грукату й трэску. Зямля задрыжэла, роўнядзь калыхнулася, патрэскалася, пахіснуўся й сам Арадруйн. Полымя выбухнула зь ягонай расколатай вяршыні. Нябёсы грымнулі, маланкі распаласавалі хмары. Пугамі чорнага дажджу абрынулася бура. I ў самае сэрца віхуры, зь лямантам, які заглушыў усе іншыя гукі, разьдзіраючы аблокі, прынесьліся ў вогненную пакуту гары й нябёсаў назгулы, палыхнулі, бы іскры ў неабсяжным агмені, затрашчэлі, агорнутыя агнём, распаліся – згінулі.

– Вось і канец, Сэме Гэйхадзе, – вымавіў спакойны голас побач.

Голас Фрода, зьбялелага й змардаванага, але ранейшага Фрода, у якога ў вачох не было ані болю, ані страху, ані вар'яцтва, толькі спакой, вольны ад цяжару й высілкаў. Ён пазбавіўся ношы й зноў стаў дарагім гаспадаром былых салодкіх шырскіх дзён.

– Гаспадару! – выгукнуў Сэм, падаючы на калені. Праз усе крушэньні, вынішчэньні сусьвету ён адчуў радасьць, вялізную радасьць. Бо цяжар насамрэч згінуў, і гаспадар выратаваўся, стаў сабою, стаў вольным. А тады Сэм заўважыў ягоную акрываўленую, скалечаную руку.

– Бедная вашая рука! А мне й перавязаць яе няма чым, няма чым залекаваць. Я хутчэй цэлую сваю руку яму аддаў бы. Але ж яго ўжо не дастаць, ён згінуў назаўжды.

– Так, – згадзіўся Фрода. – Ці памятаеш ты Гэндальфа: "Глыксава апошняе слова – добрае ці не – тут яшчэ не сказанае"? Калі б ня ён, я ня здолеў бы зьнішчыць пярсьцёнак. I вандроўка нашая сталася б дарэмнаю ў самым яе горкім канцы. Дык даруйма яму! Бо мы сягнулі мэты, і ўсё скончанае. Я рады, што ты тут, з мною. Бо зараз сапраўды ўсё, Сэме.

4. Кармаленскае поле

Паўсюль вакол пагоркаў лютавала мордарскае войска. Войска правадыроў Захаду патанала ў ягоным безьбярэжным моры. Сонца ліло барвянае сьвятло, і ад назгульскіх крылаў на зямлю клаўся цень сьмерці. Арагорн пад сваім сьцягам, маўклівы й суворы, нібы забыўся ў думках пра нешта далёкае ці мінулае, але вочы ягоныя зьзялі, бы зоры, што разгараюцца, калі шчыльнее змрок. На вяршыні пагорку стаяў Гэндальф, і аніякі цень не кранаў ягонага бялюткага халоднага сьвятла. Мордарскі напад пляснуў хваляй у бераг, разьбіўся аб абложаныя пагоркі, і лютыя галасы ўзьняліся прылівам сярод бразгату ды звону зброі.

Гэндальф варухнуўся, быццам раптоўная відзежа паўстала перад ягонымі вачыма, і павярнуўся на поўнач, дзе нябёсы заставаліся бледнымі й чыстымі. Тады падняў абедзьве рукі й закрычаў, перакрыўшы голасам гоман бітвы:

– Арлы лятуць!

I шмат галасоў адказалі яму:

– Арлы лятуць! Арлы!

Ваяры Мордару зірнулі ўгару й падзівіліся: што ж гэта можа азначаць?

Гэтак сягнулі поля бітвы Гвайхір Гаспадар Вятроў і ягоны брат Ландроваль, найвялікшыя з усіх арлоў Поўначы, наймагутнейшыя з нашчадкаў старога Тарондара, які будаваў гнёзды на непрыступных піках Абкружных гор яшчэ маладога сусьвету. А за імі доўгімі шэрагамі ляцелі ўсе іхнія васалы з паўночных гор, падганяныя ветрам. Яны адразу кінуліся на назгулаў, зьляцеўшы зьнянацку з вышыні, і вецер у іхніх шырокіх крылах быў падобны да віхуры.

Назгулы ж разьвярнуліся, уцякаючы, і зьніклі ў мордарскім змроку, бо раптам пачулі жудасны заклік зь Цёмнай вежы, і ў гэты самы момант задрыжэлі ўсе мордарскія войскі, бо сумнеў сьціснуў ім сэрцы, і рогат іхні сьціх, аслаблі рукі й падкасіліся ногі. Моц, якая гнала наперад, напаўняла сэрцы нянавісьцю й злосьцю, захісталася, і думкі ейныя адступіліся ад вояў. Зірнуўшы ж у вочы ворагам, мордарскія ваяры пабачылі ў іх сьмяротнае полымя, і страх апанаваў іх.

1 ... 103 104 105 106 107 108 109 110 111 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)