Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Блага давялося б Сэму, каб ён быў адзін. Але падбег Фрода ды выцягнуў Джала з похваў. Левай рукою ўхапіў Глыкса за рэдкія сальныя валасы, закінуў яму галаву, прымусіўшы выгнуць доўгую шыю й вырачыцца бледнымі вачыма ў нябёсы.
– Адпусьці яго, Глыкс! – загадаў Фрода. – Гэта Джала. Ты яго ўжо бачыў калісьці. Адпусьці, а тое адчуеш, як яно джаліць! Я перарэжу табе глотку!
Глыкс адразу абмяк і зваліўся на зямлю, як мокрая ануча. А Сэм ускочыў, паціраючы плячо. У вачох ягоных ажно дымілася шаленства, але ж куды там помсьціць... Ягоны няшчасны, пераможаны вораг поўзае па зямлі, енчучы.
– Зьлітуйцесься! Уратуй насс, нашая кашштоўнасьсьць! Яны ж ня будуць рабіцьць нам балюча, не, маленькія прыгожанькія хоббітсы, так? Мы ж анікому анічога не рабілі, а яны сскочылі на насс, такс, сскочылі, як котка на беднае мышшанятка, таксс, мая кашштоўнасьсьць, таксс! А мы такія сссамотненькія, глыксс! Мы былі б такія файненькія зь імі, такія пашшанотненькія, калі б яны з намі па-добраму, ці не, глыксс, глыксс!
– Ну, што рабіць з пачварай? – спытаў Сэм. – Зьвязаць, каб болей ня цёгаўся за намі, ня шнарыў, вось вам маё слова.
– Але ж мы памрэм, памрэмсс, – заенчыў Глыксс. – Жорссткія маленькія хоббітссы! Зьзьвязаць ды пакінуць насс на халодных цьвярдыхх камянёхх, таксс, глыксс, глыксс!
I глотка ягоная задрыжэла ад хліпаньняў.
– Не, – вымавіў Фрода. – Калі забіваць яго, дык забіваць адразу. Але ж нам нельга. Ён не ўчыніў нам аніякай шкоды. Ён няшчасны небарака!
– Сапраўды? – Сэм пацёр плячо. – Ці ж ён ня меў намеру? Клянуся, ён яго яшчэ мае! Прыдушыць уночы, і ўсё.
– Магчыма, – пагадзіўся Фрода. – Але ж намеры й дзеі – розныя рэчы.
Змоўк на пэўны час, разважаючы. Глыкс ляжаў спакойна й ня енчыў. Сэм стаяў нам ім, пазіраючы абурана.
Фрода падавалася, нібы чуе далёкія, але ж выразныя галасы зь мінуўшчыны:
– Як шкада, што Більба не пырнуў Джалам нягодніка, калі была магчымасьць!
– Шкада, кажаш? Менавіта шкадаваньне й спыніла ягоную руку. Шкадаваньне й міласэрнасьць. Ён ня стаў забіваць, таму што мог абысьціся без забойства...
– Аніякага шкадаваньня да Глыкса я не адчуваю... Ён ня варты жыцьця!
– Ня варты жыцьця? Магчыма, так. Сапраўды, шмат з тых, хто цяпер жыве, жыцьця ня вартыя. А колькі з тых, каго пазбавілі жыцьця, былі вартыя жыць? Можаш ты вярнуць ім жыцьцё? Калі не – не сьпяшайся прысуджаць да сьмерці. Бо нават і наймудрэйшым ня дадзена прадбачыць, як усё ўрэшце паверне.
– Файна, – адказаў ён сваім думкам уголас і апусьціў корд. – Але ж я баюся. Бачыш, я не крануў пачвару й не крану. Бо я ўбачыў яго – і мне яго шкада.
Сэм глядзеў на гаспадара, які, падавалася, размаўляў зь некім нябачным. Глыкс падняў галаву.
– Таксс, мы няшчассныя, кашштоўнасьсьць, таксс, – заенчыў ён. – Літасьсьці! Хобіттсы насс не заб'юць, не заб'юць, добрыя хобітссы!
– Не, не заб'ем, – пагадзіўся Фрода. – Але ж і адпусьціць мы цябе не адпусьцім. Глыкс, ты паўнюткі падману ды здрады. Табе давядзецца йсьці разам з намі, каб мы маглі даглядаць за табою. I дапамагаць нам, калі здолееш. За дабро – дабром, як кажуць.
– Таксс, таксс, сссапраўды, – Глыкс сеў. – Добрыя хобіттсы! Мы пойдзем зь імі. Знойдзем іх спакойныя сьсьцежкі ў цемры, знойдзем, таксс! I куды жяны кіруюцца ў гэтыхх халодных цьвярдыхх мясьсьцінахх, га, ну куды?
Ён зірнуў на хобітаў, і слабы водбліск хітрыны й прагі прамільгнуў у ягоных бледных міргатлівых вачох.
Сэм скрывіўся й прыцмокнуў. Аднак адчуў, што й настрой, і задумкі ў гаспадара нейкія такія, што лепей не спрачацца. Аджа ўсё адно зьдзівіўся адказу Фрода.
Бо той зірнуў наўпрост у Глыксавы вочы. I Глыкс уздрыгнуў, скурчыўся й адвярнуўся.
– Ты гэта ведаеш, Сьмеяголь, ты здагадаўся, – вымавіў Фрода спакойна й сувора. – Вядома, мы йдзем у Мордар. I ты ведаеш шлях туды.
– Вохх! Ссс! – зашыпеў Глыкс, прыкрываючы вушы рукамі, бы шчырасьць ды агучаньне жудаснага найменьня рабілі яму балюча. – Мы здагадаліся, мы здагадаліся. Мы не ххацелі, каб яны йшшлі, таксс? Не, не ххацелі, не, не, файненькія хобітссы, не! Там попел, прысак і пыл, ссмага, і ямы, ямы, ямы, і оркі, тысьсячы оркаў. Файненькім ххобітссам нельга туды, у мессца гэнае, нельга!
– Дык ты быў там? – настойваў Фрода. – I цябе цягне туды зноў?