Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Раптоўны цяжар абрынуўся на хобіта, і Сэм бразнуўся долу наперад, разадраўшы рукі, што яшчэ сьціскалі далоні гаспадара. Тады зразумеў, што здарылася, бо пачуў ненавісны голас зьверху.
– Зззлосссны гассспадаррс, злоссны! – прашыпела адтуль. – Падманвае насс, падманвае Сьсьмеягольля, глыксс! Ён ня мусьсіў ісьсьці сьсюды! Нельга пссаваць кашштоўнасьсьць! Дай яе Сьсьмеягольлю, дай, таксс, дай!!! Дай намсс!
Адштурхнуўшыся ад зямлі, Сэм ускочыў і адразу выцягнуў корд. Але ж анічога зрабіць ня мог: Фрода з Глыксам шчыльна сашчапіліся. Глыкс што моцы драў кіпцямі плашч і кашулю, намагаючыся дабрацца да ланцугу, да пярсьцёнка. Гэта, напэўна, было адзіным, што яшчэ магло разьдзьмуць згаслыя вуглі Фродавых сэрца й волі: адзіны каштоўны для яго скарб намагаліся адабраць гвалтам. I ён адбіваўся зь дзівосным шаленствам, якога не чакалі ані Сэм, ані Глыкс. Нават і зараз усё магло абярнуцца інакш, калі б Глыкс заставаўся ранейшым, але ж жудасныя самотныя бадзяньні, голад і смага, жах і атрутная прага, што забірала розум, пакінулі толькі цень былога Глыкса. Ён схуднеў і станчэў, ператварыўся папросту ў шкілет, абцягнуты зямлістаю скураю. Дзікае полымя палала ў ягоных вачох, але ж злосьці не ставала былой хваткі. Фрода адкінуў яго прэч і паўстаў, дрыжучы.
– Ляжы, пачвара! – выдыхнуў, прыціснуўшы руку да грудзей, ухапіўшы пад скураю кашулі пярсьцёнак. – Ляжы, смоўж, на пузе й паўзі прэч з майго шляху! Твой час скончыўся! Ты ня здольны здрадзіць мне ці забіць мяне цяпер!
I тады зьнянацку як і пад схіламі Эмін Мюйлу, Сэм пабачыў двох супернікаў іншым зрокам. Скурчаны пачварань, нікчэмныя рэшткі жывой істоты, стварэньне цалкам зруйнаванае, пераможанае, аднак паўнюткае драпежнаю, неверагоднаю прагаю й шаленствам – а перад ім суворая, пазбаўленая шкадаваньня постаць, апранутая ў белае, трымае ля грудзей вогненнае кола. I з таго полымя пачуўся загадны голас:
– Прэч, і не турбуй мяне болей! Бо калі кранеш мяне зноўку, сам будзеш зрынуты ў Полымя Выраку!
Скурчаны цень адсунуўся, і жах засьвяціўся ў міргатлівых вачох, але таксама й неспатольная прага.
Тады відзежа мінула, і Сэм пабачыў, што Фрода стаіць з рукою на грудзях, і дыханьне ягонае вырываецца цяжкімі, рэдкімі ўздыхамі, а Глыкс ля ягоных ног укленчыў, пляскатымі далоньмі абапершыся на зямлю.
– Асьцярожней! – загаласіў Сэм. – Ён кінецца!
Крочыў наперад з кордам у руцэ.
– Хутчэй, гаспадару! Ідзіце, ідзіце! Часу бракуе! Я разьбяруся зь ім!
Фрода зірнуў на яго, нібы на кагосьці надта далёкага.
– Так, я мушу ісьці. Бывай, Сэме! Нарэшце гэта канец. На гары Выраку надышоў час спраўдзіцца лёсу. Бывай!
Павярнуўся й рушыў, павольна, але проста й упэўнена ўверх па шляху.
– А зараз я разьбяруся з табою! – вымавіў Сэм і скочыў наперад, гатовы біцца.
Але Глыкс не адскочыў. Наадварот, ён бразнуўся долу на пуза й заенчыў:
– Не забівай насс! Ня рань насс жорсссткаю сссталью! Дай нам пажыцьць, пажжыцьць яшшчэ крышшачку, крышшачку! Мы згінелі. Таксс, згінелі! А калі кашштоўнасьсьць зьнікне, мы памромсс, расссыплемся праххам, таксс, праххамс!
Ён зашкроб попел шляху доўгімі станчэлымі пальцамі.
– Прахх! – прашыпеў ён.
Сэмава рука задрыжэла. Розум ягоны палаў гневам, і памяць пра ліха не паслабела ў ім. Справядліва было б забіць гэтая здраднага пачварнага забойцу, шмат разоў справядліва, і адзіным бясьпечным выйсьцем падавалася тое. Але ж нешта з самай глыбіні сэрца спыніла яго. Ня мог ён падняць руку на цалкам зьнішчанага, зьмізарнелага, няшчаснага, распластанага ў пыле пад нагамі небараку. Бо сам, хоць і нядоўга, насіў пярсьцёнак і таму здагадваўся пра боль скажонага Глыксавага розуму й цела, увязьненага пярсьцёнкам, ня здольнага зноў знайсьці аніякай асалоды ці спакою ў жыцьці. Але ж Сэму бракавала словаў каб выказаць пачуцьці.
– Вох, трасца на цябе, сьмярдзяк ты гнюсны! – толькі й сказаў. – Прэч! Давай паўзі! Няма табе веры, нават высьпятка табе не даверыш. Прэч! Або я параню цябе, таксс, жорсткаю стальлю!
Глыкс на карачках адпоўз на некалькі крокаў, тады павярнуўся і, калі Сэм ужо быў нацэліўся даць высьпятка, уцёк уніз па шляху. Сэм болей не зьвяртаў на яго ўвагі. Бо згадаў раптоўна гаспадара. Зірнуў на шлях і ня ўбачыў Фрода. I таму з усёй хуткасьцю, на якую яшчэ быў здатны, рушыў па шляху. А калі б глянуў назад, то пабачыў бы: непадалёк Глыкс павярнуўся зноў і зь дзікім полымем шаленства ў вачох хутка й асьцярожна рушыў сьледам незаўважным ценем паміж камянёў.
Шлях вёў уверх і ўверх. Неўзабаве павярнуў ізноў ды на апошнім усходнім пралёце вывеў да абчасанага схілу ў верхнім кучмені гары, да цёмных дзьвярэй у горным баку – да дзьвярэй у Самат Наўр. Далёка адсюль, на поўдні, сонца працяла дымы й смугу, злавесна запалала, павісла гіганцкім бледна-рудым дыскам, але ўвесь Мордар вакол гары ляжаў мёртвай, маўклівай зямлёю, агорнутай ценем, у чаканьні сьмяротнага ўдару.