Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Побач стаяў мужык з рукамі, сьцягнутымі плястыкавай сьцяжкай. Яму сьцяжку разрэзалі толькі гадзіны праз тры, — у яго былі ня рукі, а два сінія пяльмені.
Празь дзьве гадзіны выклікалі да нейкага опэра ці сьледчага, ня ведаю. Спачатку здалося, што ён нармальны, але толькі здалося. Гэты опэр правёў апытаньне і склаў пратакол. Даў мне расьпісацца і сказаў: „Прачытай і расьпішыся, усё роўна гэта ні на што не ўплывае“.
Сілавікі рэальна марадзёрствуюць. Адбіраюць рэчы, і потым пра тое, што ў цябе там было, — грошы, каштоўнасьці — забудзься, усё забяруць. Адзінае, тэлефонаў не бяруць, за гэта могуць заляцець за крадзёж. А ўсё, што пры затрыманьні не апішуць, — разьвітайся.
Я ў сілавіка спытаў, чаму ён на мяне раве матам, але ён зусім шалёны быў, у яго вочы нейкія белыя, вырачаныя.
Хлопцы, што стаялі і нас ахоўвалі, яны сапраўды кончаныя. Вельмі грэбліва ставіліся да тых, хто гаварыў па-беларуску, а самі пры гэтым перагаворваліся на страшнай трасянцы, з характэрным гэканьем.
Дзесьці ў гадзіну ночы па нас прыехаў аўтазак-мікрааўтобус. Гэта значыць, звычайны мікрык, але ўнутры сапраўдныя „стаканы“. Ні сядзець, ні стаяць — напхалі, як селядцоў, — і павезьлі на Акрэсьціна. Кіроўца гэтага мікрааўтобуса сказаў, што, калі пад’яжджаў, вельмі хацеў нас „падбрыць“ люстэркам — праехаць паўз усіх нас і зачапіць. Ну вось табе што, задавальненьне ад гэтага?
У ІЧУ на Акрэсьціна паўпаверха адгароджана пад суд. Ахоўнік цябе прыводзіць і перадае пад подпіс камусьці іншаму, і той вядзе цябе на суд. І вось ахоўнік мяне перадае таму самаму опэру, ці як яго там, з Савецкага РУУС, і той мяне вядзе на суд! Суд быў вочны, не праз скайп.
Мяне судзіў судзьдзя Воўк. Ён шалёны, чапляецца да ўсякай бздуры. Мне прыгадалі ўсё мае адміністрацыйкі за перавышэньне хуткасьці — гэта, натуральна, выступіла абцяжлівай акалічнасьцю. У гэтай краіне, калі ты перавысіў хуткасьць на пару кілямэтраў, будзь гатовы да таго, што адказваць за гэта будзеш да канца жыцьця.
І тут аказалася, што маім сьведкам выступае гэты ж опэр з пастарунку. Ён мне скамандаваў: „Тварам да сьцяны, рукі за сьпіну“ — а сам пачаў даваць паказаньні. Ён не хаваўся пад балаклавай, але быў у масцы і дзіўнай кепачцы. Назваў сваё імя: Бельскі Мікіта Аляксандравіч. Але я чуў, што на судзе гэтыя імя-прозьвішча вельмі папулярныя ў сьведак.
І вось ён пачаў гарадзіць такую хлусьню, што аж вушы вялі. Нібыта асабіста ён і мяне затрымаў, і яшчэ 60 чалавек… Судзьдзю ўсё абыякава, ён ня стаў мяне слухаць. Адышоў на вынясеньне пастановы, праз паўхвіліны вярнуўся: 15 сутак, „свободен“.
На зваротным шляху я Мікіту Аляксандравічу выказаў усё, што пра яго думаю. Прычым, па-мойму, ён рэальна быў у паніцы. Не скажу, што ён спалохаўся, але запанікаваў. Калі ён мяне здаваў ахоўніку і расьпісваўся ў журнале, я спытаў: „Мікіта Аляксандравіч, гэта вас мама так хлусіць навучыла?“
Ён не знайшоўся, што адказаць. Побач быў яшчэ нейкі ахоўнік, адказаў замест яго: „А вы ведалі, куды ішлі“. Ну вось куды я ішоў? Ты наогул там быў, ты бачыў, куды я ішоў? А Бельскі расьпісваецца, і ў яго дзіка трымцяць рукі. Я кажу яму: „А ручкі чаго трасуцца? Усё ж такі сорамна хлусіць?“ — „Мне сорамна, што вы, дэбілы, ходзіце па вуліцы“. — „Гэтыя дэбілы табе заробак плацяць“.
Ён павінен мяне перадаць ахоўніку, я стаю каля сьцяны, а ў Бельскага нейкая мітусьня пачалася. Нехта крычыць пра мяне: „А гэта чый? Што ён тут робіць?“ — а Бельскі па калідоры нейкія незразумелыя рухі вырабляе, туды-сюды бегае. Мне рэальна сьмешна было: я яму сказаў усяго пару слоў — а ён у такой паніцы.
Назаўтра пагрузілі ў міліцэйскі МАЗ і павезьлі ў Жодзіна.
Нас дваццаць чалавек і іх чацьвёра. Адзін старэйшы і трое салапетаў; усе ў чорнай форме і балаклавах. Гэтыя ахоўнікі ўсю дарогу ў тэлефонах сваіх праседзелі. Адзін зь іх тэлефанаваў дадому, казаў: „Ага, зайду ў краму, малака куплю, хлеба куплю“. Ну проста звычайныя людзі, са звычайнымі патрэбамі.
Прычым я зьвярнуў увагу, што да людзей, якія маюць нейкае дачыненьне да крымінальнага сьвету (напрыклад, па наколках апазнаюць), яны лепш ставяцца, чым да нас. Здаецца, што, калі б ня служба ў міліцыі, яны б самі сядзелі, іх проста прэ ад гэтай турэмнай рамантыкі. У аднаго хлопца была пячатка, і ахоўнікі ўсё спрабавалі ў яго высьветліць, сядзеў ён ці не сядзеў, а той ім не адказваў. Тады яны ўзялі нашы асабістыя справы і пачалі шукаць зэкаў: яны ж упэўнены, што мы ўсе крымінальнікі кончаныя.
Іхны старшы выйшаў, і ім вельмі хацелася пагаварыць.
У іх настолькі прамытыя мазгі, што проста жах. Я ім усё выказаў, пачынаючы з дня выбараў. Расказаў ім, што ўладамі парушана палова Крымінальнага кодэксу, уключаючы артыкул 357, частка 3, за якую прадугледжана, у тым ліку, і сьмяротнае пакараньне. Гэта захоп улады сілавымі мэтадамі з ахвярамі сярод мірнага насельніцтва. „А мы што парушаем? — кажу. — Закон аб масавых мерапрыемствах сам па сабе супярэчыць Канстытуцыі. Мы нічога не парушаем, мы мірна ходзім“.