Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
А што ж казаў Ісус Хрыстос? Праз Мацьвея Ён даводзіў: «Таму і кажу вам: не турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есці і што піць, ні дзеля цела вашага, і ў што апрануцца. Ці ж душа не большая за ежу, і цела – за вопратку? Зірніце на птушак нябесных: яны не сеюць, не жнуць, не збіраюць у засекі; і Айцец наш нябесны корміць іх. Ці ж вы, людзі, не нашмат лепшыя за іх?
Дык хто ж з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць? І пра вопратку што турбуешся? Паглядзіце на лілеі польныя, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць... але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй сваёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх... Шукайце ж найперш Царства Божага і Праўды Яго, і гэта ўсё дадасца вам... Дык вось, не турбуйцеся заўтрашнім днём, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату...»
Ніхто не ведаў, колькі старому Нікадыму гадоў – ці дзевяноста, ці ўжо даўно за сто. І сам ён пра тое, мусіць, не ведаў, ды і не задумваўся над тым ніколі...
Як і памятаюць людзі, калі яны прыходзілі да яго, то быў ён заўсёды ў адным і тым жа адзенні – у срэбнай кашулі, світцы і нагавіцах, пры сівой і доўгай, як не да каленяў, барадзе. І заўсёды босы – няхай то летняя спёка ці зімовая сцюжа...
Вяскоўцы і здзіўляліся, і не разумелі яго. Хаця ж – звыкліся, прызвычаіліся да дзедавых дзівосаў. Але ж – ніколі не абгаворвалі, адносіліся з павагай.
Кожнай зімой, калі прыпякаў люты мароз, што аж трашчалі сцены, ды яшчэ змяюка-вецер скавытаў у завуголлі, ні ў адной хаце людзі, якім ён памог, прагнаў ад іх хваробу, маглі з трывогай падумаць: «І як там, на сваім хутары, дзед Нікадым, ці жывы хоць, ці не замёрз у такія лютыя маразы?..»
Калі ж здаралася, што некага прыціскала хвароба ці немач – да няўсцерпу, і чалавек не мог нідзе знайсці паратунку – нават у бальніцы, –тады было толькі адно і апошняе спадзяванне – на старога Нікадыма і на Бога.
Да яго дапіналі па бездаражы – па плюхаце і халяпе, у слату, і ў пякучыя маразы. Дапіналі да яго з апошнім спадзяваннем, з сабою несучы бохан хлеба і кольца каўбасы, яшчэ – брус сала; падалі ў ногі, прасілі даць якой рады – вылечыць ці то жанчыну, ці немаўля...
Прыходзіў, правільней, амаль прыпаўзаў да яго і Барылін, – скручваў спіну радыкуліт ці што іншае, моўчкі, умольным позіркам прасіў у дзеда помачы. Нікадым, бліскаючы з-пад калматых броваў чэпкім позіркам на калгаснага механізатара – каржакаватага і дужага, – з’едліва пытаўся:
– Чаму ж табе, Пятрок, не памаглі вучоныя дактары – яны ж павінны лячыць вас... А хто я – у мяне ўжо і сілы не тыя, а ты так доўга не ішоў да мяне. Чаму?
– Думаў, што памогуць, два месяцы ў больніцы пралежаў...
– Два месяцы, два месяцы, – бурчэў нязлосна дзед, але з першых ягоных слоў пасылаў ён на Барыліна свае промні, свае лекі. – Ды ладна, тут-ка тваю, так і быць, мо і паможа Бог табе...
І ён станавіўся пад абразы, доўга чытаў малітвы, прасіў у Айца Нябеснага дазволу на дзейства.
Людзям жа заўсёды казаў-раіў:
– Прасеце – і дасца вам; шукайце – і знойдзеце; стукайцеся – і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць – атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца – таму абавязкова адчыняць... Вы пастукаліся – і я адчыніў вам, вы папрасілі – і я даў вам... А цяпер ідзіце з Богам...
Чараваў ён над Петрусём мо і не доўга – з хвілінаў дзесяць, але праз кароткі час хворы заснуў – аж захроп, адкінуўшы ўбок галаву; цела ўсё размякла, абвяла, – і стары пакінуў яго ў такім стане, сядзеў побач, маўчаў...
Маўчала і жонка Петрыка, Алёна, баялася і слова вымавіць, каб не парушыць суладдзя паміж лекарам і хворым... Нікадым узяў Петрыка за руку – і ён прахапіўся. Здзіўлена глядзеў на старога, на Алёну, не разумеў, што з ім, і чаго ляжыць на дзедавым ложку.
– Уставай – і ідзі дадому, – загадаў стомлена дзед Нікадым, – чаго разлёгся на маім лежбішчы... Ці свайго ложка нямашака? Ідзіце з Богам.
Пятрок асцярожна прыўзняўся на ложку – памятаў яшчэ сваю нямогласць, глядзеў то на дзеда, то на жонку, – і сеў, спусціўшы ногі, і ўстаў, цвёрда стаўшы на ногі, не адчуўшы пры гэтым ніякага болю ў паясніцы...
Не паверыў – зрабіў адзін крок, другі, трэці, прысеў нават. Заўсміхаўся, радасна паглядзеў на Алёну, як бы хвалячыся сваёй папраўкай. А Нікадым і не павярнуўся да яго, сядзеў спіной да дзвярэй, моўчкі ўнурыўся некуды сабе пад ногі...
– Чым жа аддзячыць табе, дзед Нікадым, чым расплаціцца? – пытаўся расчулены Пятрусь.