Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
«Хай не думаюць, што я зломак нейкі... Хай здагадваюцца, хай ламаюць голавы, хай доўжыцца час незразумеласці сітуацыі...»
9.
Людка ў пакоі не начавала зноў.
Людка заставалася спаць там, куды яе клікалі, куды запрашалі, дзе паілі каньяком і віном, дзе здавольвала і спатольвала яна сваю душу, дзе тушыла ўнутраны пякельны агонь.
Але тушыла яна яго на кароткі час – усяго на некалькі гадзін.
Заставалася ў чарговага спадарожніка столькі, колькі таго і сама жадала.
Рэдка з’яўлялася і за абедзенным сталом. Ды навошта быў ёй той посны абед ці вячэра, калі ў дырэктарскім люксе хапала ўсяго – і пітва, і яды, і – задавальнення... Ад апошняга яна хутка стамлялася, але ўжо праз тры-чатыры гадзіны зноў узыходзіла на слодычную Галгофу, – сама не разумела, чаму мужчыны, ад—ехаўшы на чатыры тыдні ад дому, такія ненатольныя – як быццам бяруць тое «багацце» апошні раз у жыцці. Дарэчы, як і яна, Людка...
Так расказвала, такімі думкамі дзялілася яна з Аксанай, калі днём прыходзіла ў пакой, каб пераапрануцца. Аксана толькі ківала галавой, разумеючы яе, не адабраючы, але ж і не хвалячы і не ўхваляючы тое, як яна сябе паводзіла, як адносілася да жыцця – было нешта ў ёй ад бяздумнасці і бесклапотнасці, ад павярхоўнасці і няпэўнасці.
Радавалася хіба аднаму – суседка зусім не начавала ў сваім пакоі. Так і хацела Аксана, так і скіравала дальнейшы ход падзей...
У акно зазірвала поўнатварая поўня – як гожы твар дагледжанай маладзіцы. Яна, поўня, была так блізка каля акна, што, здавалася, рысчыні насцеж рамы, выдаўжы руку – і дакранешся да яе, адчуеш яе таямнічы холад, адкрыеш яе шматгадовую загадку.
Была глыбокая ноч – блізка каля трох гадзінаў.
«Уладар цемры і мой пан, – зажмурыла Аксана вочы, схіліўшы да грудзей галаву, аддаючыся ўладзе нябачнай сілы, пагружаючыся ў яе, паддаючыся ёй, адчуваючы, як наліваецца ўсё цела той энергіяй, якая можа спапяліць усё навокал, прынізіць чалавека і зрабіць яго бязвольным, бяссільным, безцялесным... Альбо штурхнуць яго на тыя ўчынкі, на тыя дзеянні, на якія ён ніколі не быў здольны, чаго ніколі ў жыцці не рабіў... – Да цябе звяртаюся, з табой хачу параіцца, ад цябе большай сілы набрацца... Ты тут, са мной?..»
У кутку, у цемры, рыпнуў Людчын ложак:
– Тут я, я штоноч з табою... Аберагаю твой сон.
– Паглядзець хачу, што робіць мой абраны – пра каго думае, што сніцца яму?
– Добра...
Перад расплюшчанымі вачыма паплылі ружова-жоўтыя касмылі-кругі, потым яны пачалі пакрысе пульсаваць, ператварацца ў блакіт неба... Вось і поле, тое, што за Бронькай, куды па першыя баравічкі прыбягала Аксана, а яшчэ далей – балотца, куды за гускамі для парсюка наведвалася... На полі трактар, але без Вінцука. Дзе ж ён? А, у гаёк пайшоў, прагуляцца захацеў... Пасядзець хочаш, адпачыць? Пянёк шукаеш? На і пянёк табе... Ідзі, ідзі, чаго ж стаіш? Нешта на пні ўбачыў? То ж мой падаруначак-напамінак пра мяне, і вяроўчына-пута, без чаго я не абыйдуся... Чаго ж адскочыў так, не бойся, не ўкусіць... пакуль не ўкусіць... Ад мяне ўцякці хочаш? Але ты забыўся пра адну простую ісціну – чым далей ты збіраешся ўцякаць, тым мацней я ўтрымліваць буду цябе.
Усё бачыла Аксана – як прыехаў пасля на машынны двор, як мыўся, як гаварыў з Ястрабком, каму з дзяўчат усміхаўся... Павячэраўшы, лёг спаць. Нікуды не пайшоў – стаміўся? Ці не было да каго ісці? А мо да кульгавай Лёдзі, аднакласніцы, ці да гарбаценькай Юлькі? Ніштаватыя дзяўчыны – прыгожыя з твару, але з трэшчынкамі...
– Ну, супакоілася? Усё пабачыла?
– Дзякую, супакоілася.
Цяпер можна было спаць, цяпер ужо нішто хваляваць не будзе... Яна як забітая ўпала на падушку.
Яе зноў пачало трэсці бы ў ліхаманцы; сашчаміла зубы, сціснула кулакі. Чакала, калі міне тры хвіліны яе вяртання да чалавечых якасцяў. А праз пяць яна правалілася ў мройны туман – ляцела ў сне сваімі сцежкамі... І на іх напаткала неўзабаве Вінцука. Ён смяяўся, абдымаў яе, а яна вяла яго ў свае ўладанні, каб ператварыць яго ў тую істоту, якой была сама...
Рука яго не вырывалася, была бязвольнай, падпарадкоўвалася яе жаданню, сціскала яе ўсю мацней і мацней.
«От бы так заўшэ, – думала радасна і салодкая млявасць разлівалася па ўсім целе. – Я тады была б самая шчаслівая ў свеце, а мо і ў сусвеце...»
10.
Дзед Нікадым быў для многіх жыхароў чалавекам незразумелым і непрадказальным, дзіваком, адзінотнікам, чалавекам «з прыветам», які быў непадобны ні на кога з тутэйшых людзей – і адзеннем, і думкамі, і паводзінамі, і спосабам жыццяіснавання...
Як для яго, дарэчы, і людзі былі дзіўнымі і незразумелымі – ніяк не мог уцяміць, як можна жыць пад прымусам Сатаны, падпарадкоўвацца начальнікам і абставінам, мітусіцца ў чалавечым мурашніку, змагацца за ўяўныя даброты, імкнуцца да багацця, нешта збіраць на будучае, якое потым і не спатрэбіцца, мяняць на золата сваё сумленне, нават душу сваю...