Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 100 101 102 103 104 105 106 107 108 ... 150
Перейти на страницу:

Зірнуў назад, а тады ўгору. I, зьдзівіўшыся, пабачыў, як высока падняло іх ягонае апошняе намаганьне. Гара, велічна й самотна пастаўшы пасярод роўнядзі, выглядала большай, чым была насамрэч. Сэм зразумеў зараз, што яна ніжэйшая за перавалы Эфэл Дуату, празь якія яны з Фрода перабраліся. Вялізная, няроўная куча неабсяжнай горнай падэшвы ўздымалася тысячы на тры ступнёў над роўнядзьдзю, а тады яшчэ тысячы на паўтары тырчэў вузкі кучмень, нібы труба коміна, увянчаная рыгвом з вызубранымі краямі. Сэм ужо сягнуў паловы падэшвы, і роўнядзь Гаргарату смужна малявалася ўнізе, абгорнутая дымамі й ценем. А калі зірнуў угору, то выгукнуў бы з радасьці, калі б глотка так не перасохла, бо сярод нагрувашчанага каменьня й скалаў выразна рысаваўся шлях. Ён караскаўся пятлёю вакол гары з захаду на ўсход і перад тым, як схавацца за горным бокам, кранаў аснову кучменю.

Проста над сабою Сэм шляху ня бачыў, хоць там да яго было б меней за ўсё, але здагадаўся, што трэба пралезьці яшчэ крыху – і ўжо крочаць на дарогу. Тады да яго вярнуўся пробліск надзеі. Мажліва, і ўдасца забрацца на гару!

"Так, нездарма ж тут праклалі дарогу, – сказаў сабе. – Калі б не было яе, мо я й ня здужаў бы напрыканцы".

Шлях сапраўды быў пракладзены нездарма, але ж не для Сэмавай палёгкі. Сэм ня ведаў, што пазіраў на Саўронаў шлях ад Барад-дуру да Самат Наўр, Каморы Полымя. Выходзячы зь вялізнай Заходняй брамы Цёмнай вежы, ён вёў над глыбокай прорваю па доўгім жалезным мосьце, а тады, выбіраючыся на роўнядзь, паўмілі пятляў паміж дымнымі цясьнінамі й сягаў доўгага насыпу, што вёў да ўсходняга схілу гары. А адтуль, абвіваючыся вакол усёй гары з поўдня на поўнач, шлях ускараскваўся нарэшце на верхні кучмень і сягаў яшчэ далёка ад дымнай вяршыні ўваходу ў чорную пячору, што паглядала на ўсход, проста на Вакно Вока ў Саўронавай агорнутай цемраю цытадэлі. Часьцяком разбураны ці перасунуты неспакойнымі вогненнымі горнымі нетрамі, шлях зноў і зноў аднаўлялі й рамантавалі незьлічоныя орцкія натоўпы.

Сэм глыбока ўздыхнуў. Дарога была, а вось як сягнуць яе, невядома. Перш за ўсё трэба даць сьпіне адпачыць. Таму прылёг побач з Фрода. Абодва маўчалі. Вакол павольна сьвятлела. Зьнянацку моцнае, але невытлумачальнае пачуцьцё неадкладнасьці абудзілася ў Сэме. Нібы раптоўна нехта паклікаў: "Ідзі зараз жа, а то спозьнісься!" Таму сабраўся й устаў. Падалося, Фрода таксама пачуў заклік, бо намогся паўстаць на калені.

– Я папаўзу, Сэме, – выціснуў, задыхаючыся.

Так ступня за ступнёю, быццам шэрыя кузуркі, хобіты паўзьлі ўверх па схіле. Выбраліся на шлях і ўбачылі, што ён досыць шырокі, забрукаваны каменнымі аскепкамі й утрамбаваны попелам. Фрода ўспоўз на яго й тады, быццам не з сваёй волі, павольна павярнуўся тварам на ўсход. Далёка вісеў Саўронаў цень, але ж, кранутыя нейкім парывам ветру ці вялікім непакоем, аблокі, што ахіналі вежу, заварушыліся й расступіліся на момант, і сярод іх нарысаваліся чорныя, чарнейшыя за навакольныя цені, жорсткія сьпічакі й іклы ды жалезная карона найвышэйшай вежы Барад-дуру. Толькі імгненьне бачылася яна, а калі зь недасяжна высокага вялізарнага вакна палыхнула на поўнач чырвонае полымя – пробліск позірку Вока працяў неба, – хмары зноў загарнулі, схавалі жудаснае відовішча. Вока не павярнулася да хобітаў, бо перылася на поўнач, дзе стаялі перад Брамаю правадыры Захаду. Туды кіравалася ўсё ліха й падступства, бо туды цэліў сьмяротны ўдар Чорнага Ўладара, але Фрода ад хвіліннага відовішча ўпаў, нібы сьмяротна паранены. I рука ягоная схапілася за ланцуг на шыі.

Сэм стаў побач на калені. I пачуў слабы, амаль нячутны Фродаў шэпт:

– Дапамажы, Сэме! Дапамажы! Утрымай маю руку! Я не магу.

Сэм узяў гаспадаровы рукі, склаў разам, далонь да далоні, і пацалаваў іх, а тады асьцярожна сьціснуў паміж сваімі. Раптоўна прыйшла да яго думка: "Ён заўважыў нас! Усё скончана ці скончыцца неўзабаве! Ну, Сэме Гэйхадзе, зараз сапраўдны канец".

Ізноў падняў Фрода й прыціснуў ягоныя рукі да сваіх грудзей. Тады нахіліў галаву й паклыпаў па шляху. Не такім ужо лёгкім выявіўся Фрода, якім выглядаў спачатку. Пашанцавала, што агонь, якім ванітавала гара падчас апошніх яе сутаргаў, калі Сэм стаяў на Кірыт Гаргары, пацёк па паўднёвым і заходнім схілах, а з поўначы й усходу шлях застаўся неперакрытым. Але ж шмат у якіх месцах асыпаўся ці быў расьсечаны. Сэм рушыў па дарозе на ўсход, падымаючыся. Неўзабаве яна рэзка павярнула і павяла ўверх па схіле ўжо на захад. На павароце шлях глыбока ўразаўся ў скалу з старога выветранага каменю, выванітаванага калісьці з падгорных плавільняў. Цяжка дыхаючы пад сваёю ношай, Сэм павярнуў – і раптам краем вока прыкмеціў, як нешта чорнае валіцца зьверху, бы камень, што чакаў ягоных крокаў каб упасьці.

1 ... 100 101 102 103 104 105 106 107 108 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)