Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
У выдавецка-рэдактарскай практыцы было прынята, што выдаўцы-рэдактары нiколi не спасылалiся на цэнзуру або начальства, рабiлi глыбакадумны выгляд, што лiтаратурнаiдэйныя хiбы выявiлi толькi яны. Тое ставiла аўтара ў iдыёцкае становiшча, калi ён iдыётам лiчыў менавiта таго, хто яму прапаноўваў iдыёцкiя патрабаваньнi. Напрыклад, я шмат гадоў ня ведаў, што нэгатыўныя адносiны да «Мёртвым не балiць» запачаткаваў сам старшыня КДБ СССР Сямiчасны, як ён абвясьцiў пра тое на сакрэтнай нарадзе адразу пасьля публiкацыi твору ў «Новом мире». Вядома, вырак галоўнага чэкiста краiны быў даведзены да ўсiх нiжэйшых зьвёнаў КДБ, партыйных органаў, цэнзуры, рэдакцыяў лiтаратурных ды iншых выданьняў. Ня ведаў пра тое толькi аўтар, якi меркаваў, што гэткi вырак знайшоў разумны шараговы рэдактар, якi зь iм размаўляе. Але рэдактар найперш дбаў пра свой хлеб.
Яшчэ мне давялося быць у Маскве на саракавiны сьмерцi Твардоўскага. Сабралiся ў цеснай кватэрцы Iгара Саца, былi цi ня ўсе навамiрцы i яшчэ некаторыя. Лакшын з адчаем гаварыў, што раскiдалi iх каго куды, нiбы галавешкi з вогнiшча, i цяпер iм застаецца адно: курэць, не гарэць. Гаспадар — колiшнi сакратар Луначарскага — жыў небагата, выпiўкi не хапiла. Тады Жарэс Мядзьведзеў зьбегаў у «Бярозку», купiў за чэкi вiскi, што-нiшто з закусi. Выпiлi, пасядзелi i разышлiся. Болей з апальных навамiрцаў, здаецца, нiкога i ня бачыў. Лакшын хутка памёр, за iм Кандратовiч, пасьля Сац i Берзер. Вiнаградаў перайшоў на «Кантынент», а дзе i чым займаецца Мiша Хiтроў, я й ня ведаю. Зь несправядлiвасьцю або супрацоўнiчаюць, або змагаюцца, — цытаваў некалi Твардоўскi любiмага iм Камю. Ён дык змагаўся, але ўсё роўна не пазьбегнуў паразы. Несправядлiвасьць перамагла.
Якiх-небудзь рэгулярных зносiнаў з замежжам на той час у мяне не было. Зрэдчас атрымлiваў вiншавальныя паштоўкi ад балгараў — двух Вылчавых. Ад Марыё зь Генуi пад новы год прыйшла бандэроль — прыгожая срабрыстая елачка з музыкай. Накруцiш унiзе шрубку, i загучыць цiхая мэлёдыя хваласьпеву ў славу Езуса — Iсуса Хрыста. Але неяк атрымаў ад яго лiст — пакамечаны, параны-перапараны канвэрт з заштэмпэляванымi маркамi. У iм кароценькi, на паўстаронку, тэкст з прывiтаньнямi i паведамленьнем, што Марыё жэнiцца зь менскай беларускай. Тут жа з канвэрту выпаў i другi аркуш — на жоўтай паперыне тыпу ўлёткi было надрукавана буйным шрыфтам: «Да грамадзян Беларусi!». Далей iшоў заклiк згуртоўвацца, арганiзоўвацца i выступаць супраць савецкай камунiстычнай улады. Гэтая ўлётка мяне зьдзiвiла i зьбянтэжыла — няўжо гэты iтальянец такi дурань! Навошта ён мне яе шле? Цi гэта ня ён шле? Чым болей я над тым разважаў, тым усё болей прыходзiў да высновы, што гэта — правакацыя. I м спатрэбiлася мая рэакцыя.
Вельмi нялёгка было мне прыняць пэўнае рашэньне, ды мусiў. Ня стаў дамагацца сустрэчы з маiм «загадчыкам» Дубавiнкiным, вечаровай парой пайшоў у КДБ. Даўно на дзьвярох там вiсела прыгожа напiсаная аб’ява «Прием посетителей круглосуточно», i я аддаў канвэрт дзяжурнаму пры ўваходзе. Калi той папытаўся, ад каго, сказаў: ад Быкава — i ўсё. Як нi дзiўна, нi назаўтра i нiколi нiякiх размоў пра тую ўлётку не было. Але па нейкiх ускосных прыкметах я зразумеў, што ўлётка сталася пэўнай мяжой маiх адносiнаў з органамi. Быццам бы штосьцi яны вырашылi. Празь нейкi час пазванiў Дубавiнкiн i папытаўся, калi я зьбiраюся паехаць у Менск. Мне тое пытаньне не спадабалася, я сказаў, што пакуль ня ведаю, ня маю там справы. Тады праз колькi дзён ён пазванiў зноў. Сказаў, што мяне хочуць бачыць у iхнiм упраўленьнi. «Што — прафiлактыка?» — папытаўся я. Падпалкоўнiк, падобна, зьбянтэжыўся, але хутка адказаў: «Не, для гутаркi. Запрашае генэрал КДБ». Я зразумеў, што колькi нi цягнi, а калi запрашае генэрал КДБ, дык прыйдзецца ехаць. Beдама ж, для прафiлактыкi i за свой кошт. Так яно i атрымалася.
Аднойчы ўранку я паднiмаўся па шырокiх прыступках параднага ўваходу ў палац КДБ на Ленiнскiм праспэкце ў Менску. Расчынiў цяжкiя дзьверы i апынуўся ля стала дзяжурнага прапаршчыка. Той патэлефанаваў кудысь, — з палацавых нетраў хутка прыбег маладжавы афiцэр, павёў на паверх, у кабiнэт намесьнiка старшынi КДБ. Тоўсты сiваваты генэрал за сталом стрымана запрасiў сесьцi. Пачалася гаворка — даўгая i лянiвая. Вiдаць было па ўсiм, генэрал адбываў свой нумар, ягоны суразмоўца ўвогуле мала яго цiкавiў, — ён ведаў пра яго ўсё. Куды ахвотней ён распавёў пра сваю вайну на Палесьсi, што аднойчы расстраляў начальнiка палiцыi — «Як урэзаў яму з маўзера, толькi мазгi па сьцяне размазалiся». То быў уражлiвы аповед. А пасьля генэрал прапанаваў напiсаць пра чэкiстаў кнiжку. У Маскве ўжо напiсалi шмат, а ў Беларусi мала. Я сказаў: «Што ж, напiшыце, у вас такi вопыт». На што пачуў стандартны ў такiх выпадках адказ: «Вопыт ёсьць, але няма часу, — праца! Вось каб вы ўзялiся, у вас талент, а мы б маглi памагчы. Мы вам дамо матар’ял, можаце выбраць любога чалавека, любы эпiзод i на яго аснове стварыць аповесьць. А яшчэ лепей раман. Toe i нам i вам было б на карысьць. А то вас там абляпалi гаўном гэтыя перараджэнцы Карпюк з Клейнам».