Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Хавалi яго з ЦДЛ на Вароўскага. Перад тым была нейкая незразумелая валтузьня i трывога — штось не маглi ўзгаднiць з кiраўнiцтвам Масквы цi краiны. Казалi, найперш было клопату, дзе пахаваць, могiлкi на Нова-Дзевiчым не хацела даваць начальства. Публiку ў жалобную залю пушчалi па прапусках, людзей было дужа многа. Стоячы ля труны ў варце, я глядзеў i не пазнаваў колiшняга паэта i рэдактара. Хвароба дарэшты зьела некалi магутнага чалавека, i перада мной ляжаў зьмiзарнелы, з рэдкiм пушком на галаве нябожчык. У час панiхiды казалiся пранiкнёныя словы пра яго заслугi перад лiтаратурай i наогул расейскай культурай, — словы, якiя непапраўна спазьнiлiся. Запомнiўся выступ Канстанцiна Сiманава, якi, гаворачы перад поўнай заляй, не саромячыся, душыўся сьлязьмi. Шмат хто плакаў i ў залi. Там жа многiя ўпершыню ўбачылi Аляксандра Салжанiцына, што сядзеў поруч з удавой Марыяй Iларыёнаўнай і перахрысьціў нябожчыка. Але слова на разьвiтаньне яму не далi. Пасьля стала вядома, што ледзьве пусьцiлi ў залю, — на той час Салжанiцын ужо быў выключаны з саюзу пiсьменьнiкаў.
Як скончылася панiхiда, многiя паехалi на могiлкi.
Быў змрочны, непагодны дзень зазiмку, падаў рэдкi сьняжок. На пад’ездах да могiлак пахавальны картэж сустрэў ланцуг войску МУС — уздоўж чыгункi, аж да брамы могiлак. На могiлках тое ж самае. Усе змушаныя былi прабiрацца празь цесныя шэрагi войску бясьпекi да месца магiлы. Нас з Валяй Шчадрыной250, калi мы выпнулiся з шэрагу, злосна аблаяў афiцэр бясьпекi, нават крыкнуў: «Страляць буду!». На што гэтая непалахлiвая беларуска цiха, але рашуча мовiла: «Давай, страляй, ну!». I той, здалося, аж схамянуўся ад яе рашучасьцi.
Перад тым, як труну засыпаць зямлёй, яе перахрысьцiў Салжанiцын. Тое было нязвыкла ў атэiстычным пiсьменьнiцкiм асяродку, пра што доўга пасьля гаварылi i пiсалi сьведкi. Арганiзатары пахаваньня змушаны былi апраўдвацца — маўляў, вiнаваты, не дагледзелi. Пасьля паховiн усе, сябры i ворагi нядаўняга рэдактара адыёзнага часопiсу, разышлiся па кабаках — абмываць нябожчыка. Беларусы таксама абмылi ягоныя костачкi, асаблiва Аркадзь Куляшоў, якi ўвесь час плакаў. Твардоўскi быў ягоны даўнi i найлепшы сябра. Я дык адчуў сябе сiратой…
Неўзабаве па вяртаньнi дамоў пасьля той сумнай нагоды, як ужо выйшаў «Новый мир» з маёй аповесьцю, «Полымя» запрасiла прыехаць. Сабралiся нарэшце друкаваць, наладжвалася абмеркаваньне. Сыйшлася цi не самая прадстаў нiчая рэдкалегiя, — усе, апроч Барадулiна, якi быў дзесь у ад’езьдзе. Я меркаваў, што будуць дробязныя заўвагi па мове i стылі, аказалася, — усчалi абмеркаваньне па поўнай праграме. На маё слабое пярэчаньне, што ў Маскве ўжо абмяркоўвалi i маскоўскi Галоўлiт прапусьцiў, палымянскi галоўны Павел Кавалёў адказаў, што Масква нам ня ўказ. Масква друкавала i Еўтушэнку, чаго ў Беларусi нiколi ня здарылася б, бо беларуская лiтаратура iдэйна здаровая, бяз шкодных ухiлаў. На абмеркаваньнi асаблiва стараўся Анатоль Вялюгiн, якi, мяркуючы па ўсiм, быў загадзя да таго падрыхтаваны. Ён праводзiў паралелi памiж прозай Быкава i тымi заганнымi iдэямi, што нам навязваюць зь Мюнхену, то бок з радыё «Свабода». Iншыя палымянцы выказвалiся болей памяркоўна, але ўсе сышлiся на тым, што аповесьць друкаваць рана, трэба дапрацаваць. Дапамогу аўтару ў дапрацоўцы было вырашана даручыць Барысу Сачанку. Сказалi, каб з тым не цягнуць.
Адразу пасьля паседжаньня рэдкалегii, яшчэ пакуль не прастылi сьвежыя ўказаньнi, мы з Сачанкам пайшлi да яго на кватэру. Там Барыс мне сказаў, што ня п’е, таму i мне ня раiць, бо рэдагаваць трэба зь цьвярозай галавой — справа сур’ёзная. Я ўжо меў вопыт Сачанкавай рэдактуры, колiсь яго намаганьнямi была амаль цалкам перапiсана мая невялiчкая аповесьць «Здрада». Цяпер мне Барыс па-сяброўску адкрыў сакрэт рэдактарскiх закiдаў да аповесьцi — адсутнасьць у ёй вобразаў камунiстаў. Я сказаў, што наогул пазьбягаю тых вобразаў, бо не валодаю патрэбным талентам. Мабыць, для iх увасабленьня патрэбны талент кшталту Салтыкова-Шчадрына, а ў мяне, калi i ёсьць, дык iншы. Сачанка сказаў на тое, што ён гэта выправiць у адзiн момант, i, пагартаўшы рукапiс, знайшоў здатнае месца. Во тут i напiшам: Сотнiкаў — камунiст. А што, апроч таго, i сын камунiста, тое вынiкае з кантэксту.
Тады я пасумняваўся крыху, але хутка пераканаўся ў рэдактарскай мудрасьцi Барыса Iванавiча, што ўрэшце прывяла яго на высокую пасаду галоўнага рэдактара БелСЭ.
Хоць мы нiчога больш не зьмянiлi, у тым выглядзе аповесьць пайшла ў набор. Прэтэнзiяў да яе больш не знайшлося нi ў галоўнага — Паўла Кавалёва, нi ў Галоўлiце, нi ў ЦК. Што значыць мудры спрактыкаваны рэдактар! Толькi аўтар пры гэтым адчуваў сябе дурнем, ну але гэта яго прыватная справа.