Воляй абраны. Дамова на спакусу
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Воляй абраны. Дамова на спакусу». Краткое содержание книги:
“Божа, памажы мне выстаяць, а калі не вытрымаю здзекаў, забяры ў мяне жыццё. Усё ў Тваёй уладзе, Госпадзе! У Новым Запавеце Тваімі вуснамі сказана, што кожны чалавек павінен імкнуцца да волі. І яшчэ казаў, што кожная ўлада аб Бога. Але мы не выбіралі тую ўладу.
– Где находится Шадурский, дворянин Калиновский?
– Не ведаю, не ведаю, хто такі… Людвіка Дзічкоўскага ведаю – Ковенскага цывільнага начальніка і Альберта Грахоўскага – інфляндскага паўстанцкага ваяводы…
“Голас, здаецца, капітана Сямёнава. Але ж ён пытаўся, здаецца, пра тое. Пераправярае, думае, што адкрыюся ў такім стане… Хай думае…”
– Кто известен вам из состава воевод и главарей восстания в Северо-Западном крае?
– Дайце ўспомніць… Пасля Канаплянскага у Вільні ваяводам нікога не прызначалі. Хто быў у Менскай, не ведаю. А Віцебск і Гародня з лета мінулага года ў справе кіравання паўстаннем адышлі пад юрысдыкцыю Варшаўскага камітэта.
– Ладно, пусть будет так… Тогда скажите, арестованный, кого вы знаете из членов Комитета опеки в Вильно? Вы должны это знать, должны!
– Я павінен быў маўчаць зусім, але размаўляю з вамі… Я не магу больш гаварыць, я задыхаюся, мне не хапае дыхання…
– Господа, я не могу разрешить вести дальше допрос. Арестованному нужен отдых, перерыв.
“А гэта ўжо, здаецца, голас доктара Фавеліна. За маё здароўе хвалюецца? Навошта? Днём раней, днём пазней, але ўсё роўна завісну я на мураўёўскай пятлі…”
– Доктор, а вам слово никто не давал. Сходите к генерал-губернатору и скажите, что мы грубо обращаемся с арестованным. Если же он даст команду прекратить, мы тут же остановимся!
– Повторяю вопрос, арестованный, – Комитет опеки, – кого знаете?
У горле перасохла, нешта сціскае горла.
– Дык… ён жа… даўно п-перастаў… існаваць.
– Александр Оскерко, Яков Гейштер, Купеть, Баневич, Ямонты, семейство Кондратович… Кто они? Вы знаете их? Встречались когда? Имели сношения?
– Пра такіх… ніколі не чуў.
– Явочные квартиры в Вильно. Это вы знаете.
«Дык пра гэта яны ведаюць, чаму зноў пытаюцца?»
– Я жыў… у розных месцах, але ніводная кватэра… не з’яўлялася явачнай.
– Вы лжете, арестованный. Другие арестованные утверждают обратное. Где вы жили? Кто хозяева тех квартир, у которых вы их снимали?
– Юзэфа Грыгоровіч. Пасля жыў… у Кельчаўскай. У Гародні не памятаю, у каго жыў. У Вільні, як вярнуўся, начаваў… колькі начэй у Дзюлёрана, Малахоўскага, Сухадольскага. А потым зняў… кватэру за касцёлам святога Пятра, адтуль пераехаў у гатэль “Пузіно”. Апошнюю хату… наймаў у будынку… цяперашняй гімназіі. Больш нідзе… не здымаў кватэру…
– Назовите нам адреса ва…
Марыся прыйшла і насварылася на ўсіх, прагнала, нават доктару Фавеліну выказала нейкі папрок. І ён знік следам за следчымі…
– Ну, што, мой любы, давялі яны цябе да беспамяцтва?
Доўга вяртаў яго да жыцця доктар усіх віленскіх турмаў Фавелін…
Ужо і не спадзяваўся, што верне.
……………………………………………………………
“… Пра Людвіга Звяждоўскага пыталіся невыпадкова, шмат клопатаў падараваў ён ім…
Мілы і харошы Людвіг! Сапраўды, спачатку мы неяк не прыглянуліся адзін аднаму, вельмі не прыглянулся. Я не разумеў цябе, а ты мяне.
Ты службіст царскай арміі, аблашчаны начальствам, хаця, як казалі твае калегі, ты мог на пастаўках амуніцыі і правіянту мець гршовую выгаду, адправіўшы тое ў патрэбныя рукі. Але як я памыляўся! Тая выгада ой як была неабходна паўстанню! Ты ж тую зброю і рэчы аддаў справе рушання.
Здавалася, табе шанцуе ва ўсім – у любоўных уцехах, у вайсковай службе, у картах. Табе нават аб’явілі “высочайшее благоволение” імператара Мікалая І і ты атрымаў узнагароду – ордэн Святога Станіслава.
Дарагі Людвіг! Загубіла цябе здрада тых жа сялянаў. Ім Мураўёў кінуў трыццаць срэбранікаў, і яны паквапіліся на іх – пайшлі на вас вайной. Жах! Ганьба! Іудства!..”
Людвіга Звяждоўскага перавялі служыць у Пецярбургскую інжынерную каманду. Калі ж распачалася Крымская вайна – у 1854 годзе, адаслалі служыць у Рэвель. А праз два гады, калі завяршылася Крымская кампанія, яго залічваюць у штат Генеральнага штаба, – ён становіцца слухачом Акадэміі Генеральнага штаба. Разам з ім праслухоўвалі курс лекцый капітаны Зыгмунд Серакоўскі, Яраслаў Дамброўскі, Міхаіл Гейдэнрых, харужы Ян Козел-Паплеўскі, рускі рэвалюцыянер Уладзімір Обручаў.
Такі быў іх гурт, які ператварыўся неўзабаве ў гурток.
Пра гурток Вікенцій-Канстанцін даведаўся выпадкова. Ад знаёмага харужага Ян Козела-Паплеўскага. У Пецярбургскім гарнізоне было шмат вольналюбівых афіцэраў. І іх як магнітам пацягнула у той гурток.