Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Болей пашанцавала б, каб я раней яе ўзгадаў. Можа, вы памятаеце, як эльфы, яшчэ тады, калі мы толькі пачыналі на чоўнах, клалі нам з сабою вяроўкі. Мне яна даспадобы прыйшлася, ну я й кінуў у хатуль вязачку. Падаецца, шмат гадоў таму. Хальдыр ці хто іншы з таго народу казаў: "Шмат калі спатрэбіцца можа". Вось і прыдалася!
– Шкада, што я не прыхапіў, – заўважыў Фрода, – але ж я пакідаў нашую кампанію надта пасьпешліва ды цалкам зьбянтэжаны. Калі б толькі яе хапіла, мо выкарысталі б, каб спусьціцца. Якой даўжыні твая вяроўка?
Сэм перабраў яе, уважліва вымяраючы рукамі.
– Сямнаццаць сажняў ці каля таго, – адказаў нарэшце.
– Хто падумаў бы!
– Але, насамрэч. Дзівосны народ, эльфы гэныя. Выглядае танклявай, але ж дужая, а навобмацак мякчэйшая за масьліца. Наматваецца добра, вязка зусім маленькая, і лёгкая да таго ж. Незвычайны народ, маё слова!
– Сямнаццаць сажняў, – паўтарыў Фрода задумліва. – Напэўна, дастаткова. Калі навальніца пройдзе да цемры, я паспрабую зноў.
– Дождж ужо амаль скончыўся, але ж вам ня варта зноў рызыкаваць у змроку, спадару Фрода. Дый я шчэ не забыўся на той віскат зь цемры, калі забыліся вы. Гучала рыхтык Чорны Вершнік, толькі паветраны. Мо яны ўжо й лётаць навучыліся? Па-мойму, дык лепей залегчы да раніцы ў гэтай шчыліне.
– Мне нешта зусім ня хочацца аніводнага залішняга імгненьня заставацца тут, на краі, калі вочы з краіны Змроку бесьперашкодна цікуюць па-над багнамі.
Падняўся й зноў крочыў да дна цясьніны. Вызірнуў. На ўсходзе зноў сьвятлела. Краі навальніцы, падраныя й мокрыя, плынелі прэч, і шаленства буры ўжо пранеслася над Эмін Мюйлам, дзе чорная дума Саўрона затрымалася болей як зазвычай. А зараз абрынулася на даліну Андуйну грымотамі й маланкамі, і злавесны цень лёг на Мінас Тырыт прывідам вайны. Пасьля, ня здолеўшы ўскараскацца ў горы, навала спусьцілася, пакацілася павольна над Гондарам і закрайнамі Рохану, і далёка на захадзе вершнікі на роўнядзі ўбачылі, як яе чорныя вежы рушаць за сонцам. Але ж тут, над пустэчай і смуродлівымі багнамі, зноў адкрыўся цьмяны блакіт узьвячорку, і на ім высьвецілася ўжо колькі бледных зорачак, бы маленькіх дзірачак у навесе над маладзіком.
– Файна зноў бачыць сусьвет, – вымавіў Фрода, глыбока дыхаючы. – Ведаеш, я ўжо палічыў, што зусім асьлеп. Ад маланкі ці чаго горшага. Я анічога, зусім анічога ня бачыў, пакуль шэрая эльфская вяровачка не спусьцілася. Яна, падаецца, неяк бліскае.
– Так, нібы срэбра ў цемры, – пацьвердзіў Сэм. – Раней не прыкмячаў, але ж я ўжо й ня памятаў яе выгляду – адзіны раз усяго зірнуў, калі клаў у заплечнік. Адылі калі вы ўжо гэтак рашуча настроіліся, спадару Фрода, дык якім жа чынам скарыстаецеся ёю? Сямнаццаць сажняў – якраз колькі вы намералі вышыні адхону тут, і ня болей.
– Прывяжы-тка яе памацней да таго вунь пня, – загадаў Фрода, падумаўшы. – А тады хай будзе па-твойму. Лезь першы. Я цябе спушчу, а ногі й рукі табе спатрэбяцца толькі каб ад сьцяны адштурхоўвацца. Хоць калі ты затрымаесься на якой палічцы, упёршыся нагамі, каб даць мне перадыху, буду ўдзячны. Калі спусьцісься, я сьледам. Я ўжо цалкам нармалёва пачуваюся.
– Ну, добра, – змрочна пагадзіўся Сэм. – Калі ўжо мусім рабіць тое, дык зробім хутчэй!
Узяў вяроўку й прыладзіў да пня, бліжэйшага да адхону, а другі канец абвязаў вакол свайго поясу. Неахвотна павярнуўся дый палез за край другі раз.
Атрымалася й напалову ня так страшна, як прадчуваў. Вяроўка дадавала ўпэўненасьці, хоць хобіт неаднойчы заплюшчваў вочы, пазіраючы ўніз. У адным месцы ўвогуле не было, на што абаперціся, – сьцяна нават і навісала крыху. Сэм сасьлізнуў і забоўтаўся на срэбнай вяровачцы. Увесь час Фрода спускаў яго асьцярожна й павольна, і нарэшце Сэм сягнуў нізу. Фрода баяўся галоўным чынам таго, што вяроўкі ня хопіць і Сэм застанецца недзе высока, аднак у Фродавых руках заставалася яшчэ шмат, калі Сэм паклікаў зьнізу:
– Я спусьціўся!
Фрода яго ня бачыў: шэры эльфаў плашч цалкам губляўся ў паўзмроку.
Фрода ж, каб спусьціцца, спатрэбілася значна болей часу. Завязаў вяроўку вакол поясу дый скараціў так, каб падхоплівала яго, калі сарвецца. Ён ня давяраў танюткай шэрай вяроўчыне цалкам, і ўсё-ткі два разы давялося пакласьціся на яе – дзе паверхня каменю была цалкам гладкая й нават моцныя ды ўчэплівыя хобіцкія пальцы не маглі ўхапіцца, а палічкі знаходзіліся надта далёка. Нарэшце спусьціўся.
– Файна! – выгукнуў радасна. – Атрымалася! Мы ўцяклі з Эмін Мюйлу! Што ж далей, цікава? Можа, неўзабаве будзем уздыхаць, згадваючы добры цьвёрды камень пад нагамі?