Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Не магу сказаць, што я глыбокі патрыёт, але, калі з маім братам здарылася бяда, дадому я вярнуўся з дакладным разуменьнем: я хачу зрабіць мэдыцыну ў Беларусі лепшай. Хоць бы на тым адрэзку, куды дацягнуцца мае рукі. І я рады, што мае калегі і кіраўніцтва мяне ў гэтым падтрымліваюць.
„«Перагарнуць старонку» не атрымаецца, псыхіка так не працуе“
Сяргей, лекар-псыхіятар, псыхатэрапэўт:
— 7 лістапада, калі ў Менску каля 1-й лякарні затрымалі каля 50 мэдработнікаў, я таксама апынуўся ў аўтазаку, а потым на сутках.
Суд прызначыў мне 15 дзён арышту, і я пасьпеў пабываць у ізалятарах на Акрэсьціна, у Жодзіне і Магілёве. Людзі вакол увесь час мяняліся і па-рознаму перажывалі зьняволеньне, але, перш чым гаварыць пра іхныя і мае рэакцыі, пачну з фактараў, якія за кратамі зьяўляюцца траўматагеннымі.
Першае — пачуцьцё неіснаваньня часу і няпэўнасьці. Да суду ты ня ведаеш свайго лёсу і ніхто нічога табе не гаворыць. Да таго ж у цябе няма гадзіньніка. У Жодзіне, напрыклад, дзе сьвятло ніколі не выключалася, а вакно моцна закратаванае, мы арыентаваліся толькі па сьняданку, абедзе і вячэры. Усё гэта кепска пераносіцца псыхікай і спараджае адчуваньне ўласнага неіснаваньня ў сьвеце. Думкі спыняюцца (ты ня думаеш, што табе трэба кудысьці пайсьці, нешта зрабіць...) Да таго ж табе няма куды сябе падзець, ад гэтага ўзьнікае трывога, зьяўляюцца фантазіі і адчуваньне, што цябе ўсе забудуць. Гэта і ёсьць трывога ўласнага зьнікненьня.
Другое: за кратамі чалавек пазбаўляецца адлюстроўваньня сябе, сваёй ідэнтычнасьці з боку іншых. Што гэта значыць? У працэсе жыцьця, калі мы маем зносіны з рознымі людзьмі, яны сваімі рэакцыямі на нас паказваюць, якія мы (як я выглядаю, як сябе прэзэнтую, што я значу, хто я). У зьняволеньні гэта зьнікае, бо сувязі са значнымі людзьмі разрываюцца. За кратамі месца значных людзей займаюць ахоўнікі, ад якіх ты робісься практычна абсалютна залежным. У выніку ў зьняволенага могуць зьявіцца ўнутраныя сумневы: „Ці сапраўды я добры? Ці сапраўды я чагосьці варты? Можа, я і праўда вінаваты?“
Калі чалавек мае ўстойлівую ідэнтычнасьць (моцны ўнутраны стрыжань, разуменьне, што ён прафэсіянал), то яму лягчэй. Калі ж ён яшчэ не знайшоў сябе, тады ён аказваецца ў вялікай унутранай разгубленасьці. У гэтым выпадку ён можа несьвядома прымаць бок суб’екта, ад якога залежыць, нават калі той відавочна агрэсіўны. Праяўляецца стакгольмскі сындром, калі ахвяра пачынае бачыць сябе саюзьнікам свайго агрэсара або нават бачыць у ім заступніка.
Важна, што зьняволены мае зносіны ня толькі з аховай, але і з сукамэрнікамі. Гэта зьніжае рызыку таго, што ўсё гэта стане для чалавека цяжкай траўматычнай падзеяй, але таксама залежыць ад таго, хто побач. Вельмі важна, каб людзі ў камэры гаварылі пра сваю дзейнасьць, каштоўнасьці, погляды. У маіх камэрах тыя, хто мог так адкрыта і з запалам пра сябе расказаць, захоўвалі сваю вітальнасьць — стан і разуменьне, што, якія б ні былі ўмовы цяпер, я гэта пражыву і працягну займацца сваімі звыклымі справамі; я гэта я і застануся сабой. Тыя ж, хто менш удзельнічаў у размовах, зь цягам часу станавіліся больш закрытымі, дэпрэсіўнымі, часам адмаўляліся ад ежы і ад кантактаў.
Мне пакуль не даводзілася шчыльна размаўляць зь людзьмі, якія ў ІЧУ перажылі гвалт, але відавочна: гэта вельмі траўматычная падзея. Такая сытуацыя расхіствае базавую патрэбу чалавека — патрэбу ў бясьпецы. Далей гэта будзе прадукаваць трывогу. Магчыма, дастаткова моцную: чалавек пачынае баяцца весьці актыўнае жыцьцё ў любой яго форме, бо так ён трапіць у небясьпеку, у стан безабароннасьці і бездапаможнасьці. У выніку ў кагосьці гэта можа выліцца ў трывожнае расстройства (нэўроз) або посттраўматычнае стрэсавае расстройства.
Людзі, якія не падтрымліваюць пратэсту і апынуліся ў аўтазаку выпадкова, напрыклад па дарозе ў краму… Адны зь іх яшчэ больш умацуюць сваю ўпэўненасьць, што тыя, хто выходзіць на маршы, дрэнныя: „Праз вас я таксама пацярпеў“. Другія ўбачаць сытуацыю пад іншым вуглом. Мне здаецца, частка ахоўнікаў, калі глядзяць на тых, хто трапляе паводле палітычных артыкулаў, пачынаюць мяняцца. Бо відавочна, што ім даводзіцца працаваць зь людзьмі, якія паводзяць сябе спакойна, інтэлігентна і культурна, не праяўляючы прыкмет гвалту; да іх ня трэба ўжываць жорсткіх мэтадаў кантролю.
Колькасьць людзей, якія цяпер зьвяртаюцца да спэцыялістаў, значна павялічылася. Вялікая колькасьць тых, хто ні ў чым ня ўдзельнічаў, — іх турбуе пачуцьцё віны і трывогі. Шмат родных і блізкіх удзельнікаў акцый і самі ўдзельнікі.
У нейкі ступені наша грамадзтва даўно траўмаванае. Не ў палітычным кантэксьце, а ў пляне грамадзкай сьвядомасьці, калі грамадзтва — гэта як жывы арганізм. За XX стагодзьдзе мы перажылі рэвалюцыі, дзьве вайны, рэпрэсіі 1937-га, развал Саюзу. Практычна ніхто з нас нічога з гэтага не прапрацоўваў, як, напрыклад, было ў Нямеччыне з дэнацыфікацыяй. Мая думка: тое, што адбываецца цяпер, — гэта свайго роду сутыкненьне новага і старога, савецкага. Гэта значыць, нагадваюць пра сябе непрапрацаваныя траўмы. Ваенная рыторыка, якая цяпер у нас актыўна трансьлюецца, гэта прыклад траўматычных наступстваў Другой сусьветнай вайны.