Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Доўгая дарога дадому
Доўгая дарога дадому - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Доўгая дарога дадому

Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:

Гэтая кніга — успаміны народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў ягонага багатага на падзеі жыцьця. У цікавай аўтарскай манеры вядомы пісьменьнік распавядае пра найбольш яркія старонкі сваёй біяграфіі, дае ацэнку грамадзка-палітычным і культурным працэсам, што адбываліся ў Беларусі на ягоных вачах. В. Быкаў прапануе досьвед культурнага дзеяча, знакамітага пісьменьніка, выказвае думкі адносна будучага разьвіцьця краіны.
1 ... 98 99 100 101 102 103 104 105 106 ... 171
Перейти на страницу:

Вельмi хутка гiсторык Клейн апынуўся на гарадзкой гароднiннай базе, дзе цягаў скрынкi з буракамi i морквай. Але суду над iм не было, нiкога не пасадзiлi. Toe ўжо было зразумета як добры сiмвалiчны знак, амаль вястун лiбэралiзацыi. I праўда, неўзабаве нейкi зрух адбыўся i ў справе Карпюка, якога нечакана выклiкалi на бюро ЦК КПБ. Значна пазьней, калi напал драматызму тых даўнiх падзей стаў забывацца i шмат якiя былыя «загадчыкi» нашых лёсаў разышлiся хто куды, сталi вядомыя некаторыя дэталi тагачасных падзеяў. Былы гаспадар Гродзенскай вобласьцi Мiкуловiч распавёў за чаркай, як ён уратаваў Алёшу, а заадно i Васю (Карпюка i Быкава) ад бяды i турмы. Калi гродзенскi КДБ накапaў на Карпюка справу, абласны пракурор прынёс яе на санкцыю «першаму». Мiкуловiч паглядзеў, пагартаў i ажно спалохаўся — кожны артыкул абвiнавачваньняў цягнуў мiнiмум на 15 гадоў. А ўсяго тых артыкулаў было цi ня 7. Шкада яму стала Алёшу, i ён папытаў у пракурора, цi пэўна ўсё тое даказана? Цi грунтоўна? Пракурор трохi «замяўся» — што-нiшто, можа, i ня надта грунтоўна. Тады Мiкуловiч: «Вярнiце справу назад, хай дасьледуюць як мае быць». (Каб ужо засадзiць пэўна i надоўга.) Пракурор паслухмяна вярнуў. Але нi ён, нi Мiкуловiч, нi КДБ, мабыць, не ўлiчылi, што Карпюк не дарма браў прыклад з жабы i прадаўжаў «тузацца».

Аднойчы ў Горадню завiтала Ларыса Генiюш. Раней яна нiколi не прыяжджала сюды, жыла ў сваёй Зэльве, пiсала. Звычайна езьдзiлi да яе, у тым лiку аднойчы i мы з Карпюком. Перажыўшы нямала драмаў i трагедыяў, яна ўвогуле была жанчына негаваркая, мала каму давярала, шмат што перажывала ў сабе. Мы спаткалiся зь ёй у домiку Ажэшкi, на той раз яна здалася нам дужа вясёлай i абнадзеенай. Зрэшты, было чаго — яе пусьцiлi ў Беласток, дзе яна мелася сустрэцца з сынам, якога ня бачыла з моманту свайго арышту ў Празе. Паказвала грошы, «цэлую кучу», якую яна зарабiла, дзякуючы Максiму Танку, што дамогся выхаду яе зборнiка. Мы шчыра парадавалiся шчасьлiваму павароту ў яе жыцьцi. Там жа Карпюк, адвёўшы госьцю ў цiхi закутак, уручыў ёй лiст для перадачы ў Беластоку аднаму чалавеку. Тым чалавекам быў нядаўна намi падазраваны Олек Амельяновiч. Я дужа сумняваўся ў правiльнасьцi карпюкоўскага ўчынку, баяўся, што тым ён можа «падставiць» Ларысу. Баяўся, атрымалася, марна.

Генiюш была старая кансьпiратарка i зрабiла ўсё як належыць. Усё як належыць зрабiў i Амельяновiч. Паехаў у Штутгоф, дзе на месцы былога канцлягеру арганiзавалi архiў, i там сярод процьмы iншых дакумэнтаў адкапаў злашчасную нямецкую ведамасьць. На першай старонцы гэтай пажоўклай паперыны выразна значылася: Рэестар грашовых пераводаў, якiя паступiлi палонным ад iхнiх родзiчаў. Далей iшлi дробныя сумы ў дойчмарках i подпiсы тых, каму яны прызначалiся. Вядома, нiякiх марак зняволеныя не атрымлiвалi, але бухгалтарская пунктуальнасьць патрабавала, каб усе расьпiсалiся. У тым лiку i зьняволены Карпюк, якi расьпiсаўся i забыўся. Нiякiх грошай ён, вядома, ня бачыў, дык навошта было пра iх памятаць. Ягоная галава ў той час была занятая праблемай уцёкаў, якiя ён i зрабiў. А пасьля пры допытах у КДБ тыя, што там даседзелi да вызваленьня, сьцьвярджалi, што ўцячы са Штутгофу было немагчыма. Што Карпюка, можа, выпусьцiлi. I iм верылi, ня ведаючы, што каму — немагчыма, а Карпюку стала магчыма. Бо Карпюк заўжды «тузаўся», такiм ужо валодаў характарам.

Дагэтуль невядома, цi мелi члены бюро ЦК КПБ на руках тую ведамасьць, як вырашалi лёс Карпюка, бо Карпюк атрымаў яе значна пазьней. Але абмяркоўвалi ўсе пункты абвiнавачваньня доўга i старанна. Пасьля галасавалi.

На галасаваньне было пастаўлена дзьве прапановы: выключыць або даць страгача. За выключэньне прагаласавалi два даўнiя «сябры» Аляксея — генэрал Дэбалюк i Мiцкевiч. За страгача — Кузьмiн i Аксёнаў. Сам Машэраў устрымаўся. То быў паратунак. Урэшце спынiлiся на страгачы, якi Карпюк пранасiў год i стаў зусiм чысты. Перад партыяй i савецкiм народам. А вельмi проста маглi б i засадзiць — за супрацоўнiцтва з гестапа ды iншае. А заадно i тых, хто супрацоўнiчаў з супрацоўнiкам. Ужо былi такiя прыклады, i адзiн зь iх — драматычная гiсторыя слонiмскага паэта Анатоля Iверса247. Застаўшыся на акупаванай тэрыторыi, ён змушаны быў па заданьнi зь лесу пайсьцi працаваць ў гарадзкую ўправу, ягонага таварыша ўкаранiлi нават у СД. Дапрацавалiся яны там да таго, што ледзь выратавалiся ад арышту. Iверс дык выскачыў у вакно, а сям’я была арыштавана i жонка з дзецьмi загiнула. Пасьля вызваленьня нейкi час усё было добра, iхнюю гiсторыю ў Слонiме ведалi, iх не чапалi. Але зь цягам часу, калi партызанскiя кiраўнiкi, на якiх яны працавалi ў немцаў, памерлi або разьехалiся, абодвух «выкрылi». У Гораднi быў суд, Iверсаў таварыш атрымаў 15 гадоў, сам Iверс быў звольнены з працы, выключаны з СП i пятнаццаць гадоў прарабiў на смалакурнi ў лясгасе.

1 ... 98 99 100 101 102 103 104 105 106 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)