Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Салавей з агідаю і нейкім затоеным шкадаваннем глядзеў на іх, цёмных і непісьменных людзей, ашуканых іх жа ворагамі, ворагамі рэвалюцыі.
— Вінтоўкі мы чысцім, а людзям прачышчаць мазгі яшчэ не маем часу,— нібыта разважаючы сам з сабою, гаварыў Салавей Малаковічу.— А цёмнага чалавека куды хочаш павернеш. Зброя зброяю, таварыш камісар, толькі ваяваць трэба і словам.
Надвячоркам чырвоныя атрады вярталіся ў Гомель. На першым эшалоне трапятаўся закураны, з мазутнаю плямай, невялічкі чырвоны сцяг. Каля яго, за парэнчамі паравоза, стаялі два чырвонаармейцы, падпяразаныя кулямётнымі стужкамі, з вінтоўкамі наперавес. Яны ўглядаліся ў вузкія каляіны дарогі, у набраклыя веснавымі сокамі пералескі, у высокае лілаватае неба. Чырвонаармейцы гаманілі і спявалі ў цяплушках. За імі ішлі маўклівыя эшалоны з палоннымі. На кожным тормазе ехаў чырвонаармейскі канвой.
Апошні грукатаў на рэйках бронецягнік. Ім камандаваў Аляксандр Салавей. Ён прытуліўся да халоднай мулкай сцяны. Ныла ўсё цела, як пасля цяжкай работы, самі заплюшчваліся вочы, і здавалася, яго ахутвае вільготны, вогненна-аранжавы туман. Выплываюць знаёмыя твары, бязгучна ўзрываюцца гранаты, а ляскат колаў уяўляецца бясконцаю кулямётнаю чаргой.
Ён то прачынаўся, гаманіў і жартаваў з камандзірамі і байцамі, то зноў правальваўся ў туманную мітусню ўспамінаў і сноў.
Раніцою прыбылі ў Гомель. На Палескім вакзале, дзе нядаўна быў штаб мяцежнікаў, чырвонаармейцаў сустракаў старшыня павятовага камітэта таварыш Хатаевіч. Ён толькі што вярнуўся з VIII з'езда партыі. Мяцеж пачаўся і быў ліквідаваны, калі ён быў у Маскве. Разам з Хатаевічам прыйшлі перабінтаваныя змучаныя абаронцы «Савоя», якім пашанцавала вырвацца жывымі. Яны віталі чырвонаармейцаў і дзякавалі за вызваленне горада.
Камандзіры акружылі Хатаевіча.
— Ну, як там у Маскве?
— Што гаварыў на з'ездзе таварыш Ленін?
Ён коратка адказаў на пытанні. Потым горача і ўсхвалявана загаварыў:
— Стракапытаўскі мяцеж — не выпадковы бунт былых царскіх афіцэраў. Гэта толькі адно звяно ў ланцугу вялікай варожай змовы. Мяцяжы і пагромы па загаду контррэвалюцыйнага цэнтра адначасова пачаліся ў розных мясцінах краіны. Па суседству з намі, у Барзнянскім павеце Чарнігаўскай губерні разгарэлася кулацкае паўстанне. Яго паднялі эсэры, а бандамі камандуе царскі палкоўнік Сякіра. Наш рэвалюцыйны абавязак дапамагчы чарнігаўскім таварышам ліквідаваць кулацка-эсэраўскае паўстанне. Вы стомлены баямі з мяцежнікамі. Але час не чакае. Жыццё барзнянскіх камуністаў, рабочых і сялян у небяспецы. Бандыты паляць вёскі, расстрэльваюць бальшавікоў і вясковых актывістаў.
Салавей падняў руку і зычна скамандаваў:
— Бабруйскі батальён і прыдадзеныя да яго атрады, на вагонах!
Праз гадзіну цягнік з чырвоным сцягам на паравозе адыходзіў на Бахмач.
Лясы адбягалі далей і далей. Яны здаваліся блакітнымі рыбачкамі паміж звільжэлаю зямлёй і шэрым небам. Недзе далёка пры палявых дарогах тырчалі адзінокія таполі, мільгалі хутаркі і доўгія сёлы з беленькімі цэркаўкамі.
Усё часцей за вокнамі ў павуцінні голых садкоў праплывалі мазанкі пад чарацянымі стрэхамі, у ярах паблісквалі азярынкі веснавое вады. Пачыналіся зацягнутыя сіняватай смугою стэпы. Там-сям, нібы купкі снегу, бялелі чароды гусей, каля самай чыгункі спутаныя коні грызлі сухое бадылле леташніх траў. Стэпы дыхалі гаркавата-п'яным чадам вясны і вільгаццю набрынялай зямлі. Прасторы павольна плылі, як вялікая карусель, мяняючы колеры і краявіды. Часам прабівалася сонца, і ў вокны вагона ўрываліся шырокія снапы пыльнага святла, падсіненага воблачкамі тытунёвага дыму.
Чырвонаармейцы драмалі, дзе хто прымасціўся. А Салавей не адрываўся ад акна. Яго трывожылі і клікалі пахі вясны, бязмежныя прасторы ледзь-ледзь зарунелай зямлі — усё тое, што ён так любіў з маленства. Але не толькі захапленне цягнула яго да акна — ён ні на хвіліну не забываўся, што адказвае за кожнага байца свайго батальёна, што недзе іх чакае бандыцкая засада і трэба быць гатовым у любую хвіліну рынуцца ў бой.
Цягнік спыніўся на невялічкай станцыі Макашына. «Няўжо не хапіла дроў ці вады?» — падумаў Салавей і выскачыў з вагона. Каля паравоза стаяў доўгі, як тычка, дзяжурны і нешта гаварыў машыністу. Аляксандр падбег да іх.
— Прыехалі, таварыш камандзір,— спакойна сказаў сівавусы машыніст.
— Куды прыехалі? Нам жа трэба на станцыю Доч,— гарачыўся Салавей.
— На гэтую Доч ужо ўссеў сукін сын Антонаў.
Пачцівы дзяжурны ў пенснэ стаяў навыцяжку.