Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Што яны нарабілі! Біць іх, гадаў! Жыўцом здзіраць скуру!
Салавей змрочна маўчаў, толькі перакатваліся на шчоках тугія жаўлакі, і думаў, што ў гібелі гэтых няшчасных, нікому не вядомых байцоў ёсць і іх віна — недзе прамарудзілі. Каб не валэндаліся з тым ротным ды не ўгаворвалі, а прарваліся ў горад адразу, жылі б і рэўкомаўцы і гэтыя пакутнікі. Хацелася хутчэй нагнаць мяцежнікаў, ударыць так, каб ад іх толькі пыл закурэў, знайсці завадатараў і спагнаць з іх за ўсё. Але хто завадатар? Стракапытаў? Наўрад у яго хапіла б смеласці на такі бунт. Не, імі хтосьці кіруе, нейкая сіла штурхае ў пекла злачынстваў. Усе мяцяжы і паўстанні, усе Пятлюры і калчакі, кулацкія бунты і банды крымінальнікаў — работа адных рук.
А што там дома? Як бацька, Марылька, хлопцы? Ці не дакацілася і туды водгулле гомельскага мяцяжу? Не можа быць, каб Казік Ермаліцкі з перагудамі ды плышэўскімі без бою аддалі камбедаўцам зямлю, каб іх банды так і туляліся па Загальскіх хутарах.
Салавей праз шчыліну ў заржавелай брані глядзеў на прыдарожныя лясы, на сёлы, што ўзбягалі шэрымі хатамі на ўзгоркі, і ўспамінаў дом, родных і блізкіх. Думаў: «Як толькі адваюемся, падамся на якія-небудзь курсы, падвучуся на агранома, прыеду дахаты і будзем на панскай і шляхецкай зямлі гаспадарыць камунаю». Успомнілася і Параска. Як яна глядзела на яго апошні раз! Кончыцца гэтая калатэча, будзе і ў яе шчасце.
Аляксандр адагнаў непатрэбшчыну думак. Цяпер было не да іх. Цягнік падыходзіў да Рэчыцы. Салавей лічыў, што мяцежнікі яшчэ тут, і загадаў салдатам падрыхтавацца да бою. За імі ішоў эшалон з бранскімі і смаленскімі атрадамі. Бронецягнік расчышчаў дарогу.
Але стракапытаўцаў на станцыі не было, не было іх і ў горадзе. Чыгуначнікі расказалі, што паўгадзіны назад на Васілевічы адышло дзевяць эшалонаў з мяцежнікамі. Было ясна, што цяпер яны шукаюць ратунку: будуць спрабаваць прабіцца на поўдзень да Пятлюры, а каму не ўдасца, разбрыдуцца па лесе, пачнуць рабаваць вёскі, граміць воласці, нападаць на актывістаў. Трэба спяшацца, каб перахапіць мяцежнікаў, не даць ім прарвацца ў лясы. Але і ехаць на поўную хуткасць небяспечна: можна наскочыць на разабраныя рэйкі або на завалы на дарозе.
Паказаўся мост цераз нешырокую рэчку Ведрыч. Толькі праскочыць яго і — Васілевічы. Але каля моста стаіць чалавек і махае шапкаю. Бронецягнік спыніўся. Салавей разам з машыністам пабеглі насустрач барадатаму чыгуначніку.
— Мост падпалілі зладзюгі, каб ім пуста было. Мы тут збольшага атушылі. Так што самі глядзіце, ці вытрымае.
Салавей з машыністам узышлі на абгарэлы насціл. Канцы прысыпаных вільготным пяском шпалаў яшчэ дыміліся, але пачарнелыя зверху палі стаялі моцна.
— Паціху праедзем,— сказаў машыніст і барзджэй пабег да паравоза.
Калі праз мост перапоўз апошні эшалон, чырвонаармейцы з кулямётамі і вінтоўкамі пачалі выскокваць з вагонаў. Яны нацянькі абыходзілі Васілевічы з тылу, а бронецягнік адразу рвануўся да станцыі, забітай мяцежнікамі. Па варожых вагонах секанулі кулямётныя чэргі, грымнула невялічкая гармата. Стракапытаўцы паспрабавалі адстрэльвацца. Большасць жа з іх адыходзілі і адпаўзалі к лесу, хаваліся ў нізкарослым алешніку. Як толькі яны адарваліся ад прыцэльнага агню бронецягніка і паспрабавалі прарвацца ў густы хвойнік, іх сустрэлі вінтовачныя залпы, засакатаў кулямёт. Мяцежнікі падалі, скошаныя кулямі, жывыя прыпадалі да зямлі і адпаўзалі назад у кусты. Хтосьці спрабаваў адстрэльвацца, але стрэлы былі выпадковыя і несуладныя. Нарэшце з алешніку вытыркнуўся разадраны рукаў, прывязаны на доўгую палку,— белы сцяг. Агонь сунімаўся. Стракапытаўцы кідалі зброю і вылазілі з кустоў з паднятымі ўгору рукамі. Многія падалі на калені, енчылі і прасілі літасці.
— Даруйце, браточкі! Афіцэры нас загубілі.
— Мы ж і не думалі супроць сваіх.
— Як шалудзівых авечак, пагналі нас золатапагоннікі.
— Спіртам залілі вочы і ачмурылі.
Салавей з Адамовічам шукалі Стракапытава і ягонага каменданта палкоўніка Сцёпіна. Але іх і след прастыў. Як толькі выскачылі з вагона, паабсякалі гужы на двух фурманках, нават і хамуты не паспелі паскідаць, паўскоквалі верхам і падаліся ў гушчар. За імі кінуліся дзесяткі тры афіцэраў ды крымінальнікі, што лютавалі каля «Савоя» і на гомельскіх вуліцах.
Палонныя складалі зброю, нарабаванае ў горадзе дабро і панура станавіліся ў калону, ачэпленую канвоем. Некаторыя ўсхліпвалі і шапкамі размазвалі на брудных тварах слёзы.