Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
На вакзале пачаўся страшэнны пярэпалах: лямантавалі параненыя, адны выскоквалі з вагонаў, другія лезлі ім насустрач, збівалі з ног. Хтосьці бабскім голасам крычаў: «У ружжо!» Мяцежнікі круціліся, бы злоўленыя зладзеі, не ведаючы, куды ўцякаць. Некаторыя рвануліся на плошчу, але і там грымелі выбухі. Здавалася, што ўвесь горад заняты чырвонымі. Паніка расла. У цемры мітусіліся бандыты, кідалі нарабаванае дабро, душачыся, сцягваючы адзін аднаго, лезлі ў вагоны, стралялі, самі не ведаючы куды і ў каго. Цягнік ужо крануўся з месца, а ўслед яму паляцелі гранаты. Бліснуў і прагрымеў выбух. Ніхто не мог уцяміць, што адбываецца, як прарваліся ў горад бальшавікі. Выбухі і страляніну ў горадзе пачулі заслоны і пачалі адыходзіць к чыгунцы, якая вяла на Рэчыцу. З кароткімі перастрэлкамі ў горад уваходзілі смаленскія, бабруйскія і бранскія часці. Многія і не здагадваліся, хто ім расчысціў дарогу ў Гомель, а каб і ведалі, адразу б не паверылі, што дваццаць сем адважных хлопцаў, апранутых у лапці і світкі, вырашылі лёс усёй аперацыі.
Мяцежнікі ўцякалі на Рэчыцу і Калінкавічы. А ў горадзе расла паніка: мітусіліся, кідаліся з вуліцы ў вуліцу апантаныя салдаты. Было ясна адно: Гомель захапілі чырвоныя, але дзе яны? У завулках ірвуцца гранаты, з ускраін даносяцца страляніна і гулкае «ўра», і яшчэ большы страх апаноўваў мяцежнікаў.
Тараевіч са сваімі хлопцамі ўбачыў каля казармы чатыры гарматы, запрэжаныя коньмі. Чырвонаармейцы з наганамі ў руках і з гранатаю напагатове ўскочылі ў двор. Там нікога не было. Яны асядлалі коней і з грукатам памчаліся насустрач сваім, што наступалі на горад з Прудка.
Гарэла вежа на палацы князя Паскевіча, падпаленая снарадам мяцежнікаў. Высока ўздымаліся клубы дыму, гайдалася злавеснае барвовае полымя. У яго зарыве людзі і коні здаваліся вогненна-чырвонымі ценямі.
Група Лагвіновіча прарвалася ў парк. Хвастала пругкае мокрае вецце, ногі коўзаліся па збуцвелай леташняй траве. Чырвонаармейцы беглі к палацу, каб хоць далей не пусціць агонь. Каля ўвахода стаяў вартавы. Убачыўшы людзей, ён падняў вінтоўку і заляскаў затворам.
— Стой, страляйт будэт,— закрычаў ён.
Хлопцы спыніліся. Ліха яго ведае, можа стаіць ачмурэлы стракапытавец і смальне не думаючы.
— Імем рэвалюцыі, рукі ўгору! — скамандаваў Лагвіновіч.
Вартавы паставіў вінтоўку і, хістаючыся, пабег насустрач чырвонаармейцам.
— Тафарыш, страляйт не нада. Я — Ваня,— плаксіва заенчыў ён.
Хлопцы ўбачылі невялічкага кітайца з чырвонай зоркаю на шапцы. Як ён трапіў сюды, хто яго паставіў?
— Сафет паставіў, сафет снімайт. Хілеб, хілеб, тафарыш,— ён прыкладаў худыя пальцы да вуснаў,— Ваня кушы, кушы хочыт.
Усе са здзіўленнем глядзелі на яго.
Высветлілася, што перад самым мяцяжом гомельскі гарнізон выставіў тут вартавога, і ён прастаяў без сну і ежы некалькі сутак. Чырвонаармейцы давалі яму хлеб, прыгаворваючы: «Маладзец, Ваня»,— а ён усміхаўся нейкай вінаватай усмешкаю, адшчыпваў глёўкі мякіш і павольна жаваў.
Хлопцы з групы Лагвіновіча пачалі тушыць вежу палаца. З суседніх дамоў прыбеглі людзі з вёдрамі і сякерамі, аднекуль прыцягнулі даўжэзны бусак, драбіну і пажарную кірку. Полымя пакрысе цямнела і захлыналася дымам, а ўнізе, па бруку, грукаталі двухколкі: на бераг Сожа прабіваліся групы мяцежнікаў. Над горадам стаяў гул, чуліся несуладная страляніна і крыкі.
Да групы чырвонаармейцаў падбег сівавусы чыгуначнік.
— Браткі, хутчэй у турму, там забіваюць таварышаў!
Лагвіновіч з узводам байцоў цёмнымі вуліцамі кінуліся да турмы. Яна гула сотнямі галасоў. Свяціліся закратаваныя вокны. Чырвонаармейцы прыкладамі збілі замкі. Ледзьве трымаючыся на нагах, з камер выходзілі скрываўленыя і змардаваныя людзі.
— Членаў рэўкома некуды павезлі.
— Мабыць, на Палескі вакзал.
— Ратуйце іх! — гаварылі толькі што вызваленыя вязні.
Але ратаваць ужо не было каго. На Палескім вакзале пасля доўгіх катаванняў стракапытаўцы расстралялі Білецкага, Камісарава, Ланге, Сундукова, Аўэрбаха, Бочкіна, Песіна і яшчэ некалькіх абаронцаў «Савоя». Забітых пазнавалі толькі па вопратцы. Чырвонаармейцы перанеслі іх у халодны гулкі вакзал. Паставілі ганаровую варту.
Бранскія, бабруйскія і магілёўскія часці абкружалі і даганялі злачынцаў. Аляксандр Салавей са сваімі людзьмі захапіў бронецягнік, на паравозе паставіў чырвонаармейцаў і рушыў следам за бандытамі на Рэчыцу.
У святле туманнага вільготнага рання на адхонах чырвонаармейцы ўбачылі трупы голых скрываўленых і знявечаных людзей — на спінах павыразаны пяцікутныя зоркі, павыколваныя вочы, грудзі навылёт прабітыя штыхамі. Няшчасных палонных мяцежнікі на хаду скідалі з цягніка. Гэта быў жахлівы крывавы шлях. Многія маладыя чырвонаармейцы, не саромячыся камандзіраў, выціралі слёзы, да крыві кусалі губы.