Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Мы прытрымалі ваш цягнік, каб папярэдзіць, што мінулай ноччу Доч занялі бандыты. А яны здатныя на ўсё.
— Многа іх там?
— Пэўна не ведаю. Але з раніцы па тэлефоне мацюкаюцца і пагражаюць. Нядаўна з Бахмача прыйшоў цягнік. Машыніст казаў, што ў вакзале не засталося ніводнае шыбіны, на пероне расклалі вогнішчы, скубуць гусей, б'юцца і скачуць «казакі» Антонава, рабуюць пасажыраў. Дык глядзіце самі. Мы павінны папярэдзіць.
Салавей прыкусіў ніжнюю губу, насупіў бровы. Маўчалі дзяжурны і машыніст.
— Што вы ў бліжэйшы час адпраўляеце ў той бок?
— Платформы з баластам.— Дзяжурны выцягнуў вялікі гадзіннік на ланцужку.— Пойдуць праз гадзіну пятнаццаць хвілін.
— Ясна,— адказаў Салавей і загадаў машыністу паставіць эшалон на запасны пуць, а сам з дзяжурным пайшоў у вакзал. Ён адбіў тэлеграму ў Гомель, каб Малаковіч прыслаў у Макашына атрад магілёўскіх і смаленскіх курсантаў.
Праз гадзіну Салавей з Тараевічам, апранутыя ў прамасленыя курткі, штаны і шапкі тармазных кандуктараў, чакалі цягніка з баластам. Як толькі ён падышоў да станцыі, абодва ўскочылі на тормаз апошняй платформы.
У самыя рызыкоўныя разведкі Салавей заўсёды хадзіў сам. Ён верыў у сваё шчасце, бо ўмеў вылузацца з любое пасткі: прыкінецца то недалужным мужычком, то сквапным мяшэчнікам.
За прыдарожнымі елачкамі цягнуліся бяскрайнія палі з яшчэ празрыстымі гайкамі і адзінокімі дзічкамі. Тут ужо былі зелянейшая трава і цяплейшы ветрык, а ў спіну прыгравала сонца, затканае рэдзенькаю павуцінкаю бялявых воблакаў. Неба праразалі імклівыя ластаўкі, на адхонах длубаліся вялікія блішчастыя шпакі, але за лязгатам колаў не было чутно ні іх ціўкання, ні песень. А Салавей так любіў цішыню палёў і птушынае шчабятанне, пах раллі і падсохлага гною. Ранняя вясна растрывожыла яго сялянскую душу.
Апошнюю платформу тузала і кідала з боку ў бок, матляла, як паўрозу на ветры. Паравоз асіпла раўнуў, платформы збіліся «з нагі» і заляскаталі несуладна і павольна.
— Пад'язджаем! — крыкнуў Салавей Тараевічу, згроб з парэнчаў жменю паравознай сажы, нацёр ёю рукі, патрымаўся за твар і стаў яшчэ болей падобны на мурзатага чыгуначніка. Тое ж самае зрабіў і Тараевіч. Яны паглядзелі адзін на аднаго і весела засмяяліся.
Цягнік запавольваў хаду. Паказалася станцыя. У прысадзістым вакзальным будынку свішча вецер, на пероне валяюцца галавешкі і абгарэлая салома, але ні песень, ні крыкаў не чуваць. Відаць, бандыты нацешыліся, нагуляліся і недзе ў зацішку, паадкідаўшы хвасты, спяць. Убачылі трох дзецюкоў з кароценькімі абрэзамі ў руках. На дваіх смушкавыя кучомкі, на трэцім — шапка з гайдамацкім шлыкам. Мабыць, вартавыя. А дзе ж астатнія і колькі іх?
Паравоз спыніўся каля вадакачкі і пачаў смактаць ваду з доўгага хобата. Салавей з Тараевічам саскочылі на вільготны пясок, дзеля прыклепу адчынілі заслонкі на буксах, пастукалі па рысорах і колах і падышлі да дзябёлай грудастай стрэлачніцы, прывіталіся.
— Адкуль гэта ў вас «запарожцы»?
— Цэ ж скажэнні бандзюкі з Шаповаловкі. Пілы, пілы, жінок, як цых курчат, ловылы, а тэпэр спляць, што б воны нэ повставалы. А цы тры дурні стэрэжуць.
— А цябе часам не спаймалі? — усміхнуўся Тараевіч.
— Трасцачку ім. У мэнэ свій козак е.
— Багата іх тут? — запытаў Салавей.
— Та ні. Можа якіх з трыццаць і будэ. Куркулі всэ. У Борзні, там богацько, та в Шаповаловці шайка стоіць, а тут ні.
— А Борзна адсюль далёка? — пацікавіўся Салавей.
— Хіба ж вы не тутэйшыя?
— З Канатопа,— адказаў Тараевіч — Бежанцы мы.
— Можа ў шайку хочатэ? Там всіх бэруць. Погуляетэ, докі головы не паскручуюць. А до Борзны верстыв з дэсять будэ, нэ більш. Ідыць, як хочатэ.
Хлопцы падзякавалі за параду, развіталіся з кабетаю і пайшлі назад уздоўж састава. На іх ніхто не зважаў. Абышлі загнюшаны, зарыганы вакзал. На лаўках спала некалькі «казакоў». У кутку прымасціўся чубаты дзяцюк з пісягом праз усю шчаку. Прыхінуўшыся да яго, спала нейкая пакамечаная маладзіца.
Салавей пашкадаваў, што кінуў састаў у Макашыне. «Куркулёў» можна было перавязаць, як сонных куранят. А пакуль дабярэшся назад ды вернешся сюды з чырвонаармейцамі, ачухаюцца і паспрабуюць агрызацца. Лішні клопат. Тэлеграфаваць адсюль нельга — невядома за каго начальнік станцыі. Ды і нідзе не відаць яго. Пэўна, зашыўся пад печ з перапуду. Значыць, трэба хутчэй вяртацца. Але як? На чым? Яны яшчэ пасланяліся па станцыі, пагаварылі з вартаўніком вадакачкі, наслухаліся ад яго розных жахаў, што робяцца ў Борзне і ў Шапавалаўцы.
Пад вечар на тормазе таварна-пасажырскага цягніка разведчыкі вярталіся назад.