Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Адчыніце, гэта я, Раман.
— Я сам, тата,— ускочыў з ложка Максім Ляўкоў і босы, у палатняных сподніках, кінуўся ў сенцы. Грукнула завала.
У сенцы ўвайшоў каржакаваты Раман Салавей.
— Не праспі савецкую ўласць, сынок,— не вітаючыся, буркнуў ён з парога.— Паднімай людзей, хлопча.
Максім упоцемках пачаў хуценька апранацца. Падняўся і ўжо нацягваў боты яго бацька.
— Яшчэ завідна ў Харомнае прыехалі верхам Казік Ермаліцкі, Плышэўскі і Перагуды. Усе з вінтоўкамі і шаблямі, а каля рэчкі сотні з паўтары шляхцюкоў са стрэльбамі, торбы хлебам і салам напакавалі. Сюды збіраюцца ісці — бальшавікоў, кажуць, вешаць і камунію разганяць. Марылька мая сама чула, як яны адзін перад адным выхваляліся і зубы выскалялі. Прыбегла, пераказала мне. Я — за рэзгіны ды гародамі, бытта сена з адзёнкаў збіраць. Туляўся па хмызняках, пакуль змерклася, а потым у лес убіўся, тут яны мяне, думаю, трасцу знойдуць. Пакуль прыгробся сюды, дык і ноч настала. Так што барзджэй падымайце людзей, мужчыны. Да раніцы яны будуць тут.
Максім асядлаў невялічкага мышастага коніка і паскакаў у Карпілаўку, а Раман з Архіпам будзілі мужчын у Кавалях і Лаўстыках. Праз гадзіну чалавек з паўсотні з вінтоўкамі, бярданкамі і двухстволкамі хлюпалі па калатушы веснавой дарогі ў Рудабелку. А там ужо сабраліся карпілаўскія і руднянскія мужчыны. Карней і Цімох Валодзькі прывялі чалавек пятнаццаць узброеных хлопцаў. Яны звечара прыбеглі ў Дуброву з Лучыцкай воласці прасіць у рудабельцаў падмогі. Шляхецкая банда разграміла іх рэўком, застрэліла старшыню і сакратара і заняла воласць. Хлопцы трохі адстрэльваліся, але хіба ўстоіш перад такой зграяю. От і ўцяклі ў Рудабельскую рэспубліку, дайшлі да Дубровы і прысталі. А як толькі пачулі, што і тут трэба біцца, адразу — за стрэльбы і да воласці.
— Разгуляліся шэршні,— расказвалі лучыцкія хлопцы.— І не толькі па сёлах. Унь і ў Гомелі бунт паднялі. Там дні тры ішла страляніна, з гарматаў па рэўкому смалілі мікалаеўскія афіцэры. Дык і шаршнюкі засцянковыя асмялелі. Залыоць самагонкаю вочы і, як ваўчыная гайня, лютуюць. Ні малога ні старога, ні вока ні бока не глядзяць.
Лучыцкіх хлопцаў прыняў у свой атрад Максім Ус. Высокі, плечы, як два кавадлы, рукі ні ў адны рукавіцы не лезуць, а на твары сарамяжая дзіцячая ўсмешка, кароткія вусікі, як прылепленыя, шынель ледзьве прыкрывае калені. Ён ідзе паперадзе свайго атрада па загуменні.
— От тут і заляжам. Без каманды не вытыркацца і не страляць. Падпусцім шэршняў як найбліжэй і тады ўлупім у лоб.
Хлопцы прымошчваюцца за гумнамі, за ёўнямі і варывенькамі. Лявей ад іх залеглі карпілаўцы і руднянцы. Імі камандуе маленькі і юркі Цімох Валодзька, той самы «кааператыўшчык», што яшчэ пры немцах навазіў сюды гранат і патронаў. Ён углядаецца ў веснавы світальны туман. За прыгуменнямі — пясчаны ўзгорак, там-сям тырчаць кволыя хвойкі, а за імі — на грудку — вясковыя клады. Маўкліва стаяць цёмныя сосны; бярозкі, нібыта абпырсканыя зеленаватаю расой, вось-вось расправяць клейкія лісточкі. Наўкол ціха-ціха. У небе дагараюць апошнія бледныя зоркі, над лесам яснее ўсход.
Увагнуўшыся, па загуменні ідзе Максім Ляўкоў. Саматканы суконны фрэнч падпяразаны шырокай папругаю з двума патранташамі, з-за яе тырчыць наган, у руках нямецкі карабін, палінялая салдацкая шапка насунута на лоб.
— Трымайцеся, хлопцы. З Бабруйска і Глуска ідзе помач: адбілі тэлеграму ў ЧК. Найман выехаў,— зашаптаў ён Максіму Усу. Той пераказаў суседу.
У хмызняку, на кладах, мільгануў агеньчык і патух. Відаць, нехта чыркнуў запалку. Потым заварушыліся кусты. На пясчаным узгорку паказаўся бандыцкі ланцуг. Ён то вытыркаўся, то хаваўся за нізкімі хвойкамі. Шляхцюкі, відаць, хацелі знячэўку ўскочыць у Рудабелку, калі людзі яшчэ не паўставалі, захапіць воласць і перабіць камуністаў. Яны тут ведалі кожную хату, кожнага пазнавалі ў твар. Не ведалі толькі, што іх ужо чакаюць.
Як толькі бандыты выйшлі з хвойніку, Ляўкоў крыкнуў «плі» і націснуў на курок карабіна. Грымнуў залп з вінтовак, наганаў і бярданак. Шляхцюкі пападалі, адпаўзлі ў хвойнік і адказалі зладжаным залпам. Дзынкалі кулі, упіваліся ў сцены гумнаў і свірнаў, адколвалі трэскі з платоў. Нельга было падняцца з зямлі. Іван Кавалевіч памкнуўся падпаўзці да шула варот, але куля штурханула яго ў плячо, ён войкнуў і зваліўся ў вільготны пясок. Максім Ус адной рукою адцягнуў яго за свіран, перавязаў рану шкуматом кужэльнай кашулі. Бледны Іван моцна сцяў зубы, дыхаў з клёкатам, а на вуснах пухірылася ружовая пена.
— От і адпомсцілі шэршні табе за Гэлю,— прашаптаў Максім. Ён загадаў хлопцам аднесці Івана ў зацішак і хутчэй везці да фельчара, а сам вярнуўся ў атрад.