Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Тым часам падзеi ў Гораднi разьвiвалiся па адмысловым сцэнарыi. Наш сябра Барыс Клейн быў чалавек разумны i заўсёды даваў слушныя парады. Асаблiва апошнiм часам, як над Карпюком сабралася гэтае лiха. Болей схiльны да безнадзейнасьцi, я часам лiчыў, што нiчога ня зробiш, трэба мiрыцца з тым, што ёсьць. Ён жа заўсёды раiў змагацца, некуды пiсаць, езьдзiць, зьвяртацца. Толькi аднойчы я ўбачыў яго разгубленым, гатовым зьняверыцца ва ўсiм.
Неяк я сядзеў за сталом, штосьцi пiсаў, ды ў вакно пастукаў Карпюк (я жыў на першым паверсе.) Як я выйшаў на вулiцу, Аляксей запытаўся: «Барыс табе не званiў?» — «Не, не званiў. А ў чым справа?» — «А ў тым, што яго зранку паклiкалi ў гаркам i дагэтуль няма. Пойдзем у парк, там пачакаем».
Тое ўжо была навiна — кепская навiна. Мы моўчкi дайшлi да Каложы, селi пад кустом на ўзьмежак. Клейн ведаў гэтае месца i павiнны быў прыйсьцi. Мы маўчалi. Пра што было гаварыць?
Ён i праўда прыйшоў, гадзiны празь дзьве, ужо надвячоркам. Прыйшоў i стомлена сеў побач. «Ну, усё! Усё прапала. Выключылi i мяне… Зьнялi з работы, адбяруць кандыдацкі дыплём… Цяпер я — нiхто…»
Але што здарылася? I што прычынай таму? Пачалося, аказваецца, не цяпер, — здаўна, пра што Барыс не здагадваўся i не падазраваў. Пры ўсёй яго памяркоў най асьцярожнасьцi, трапiў, бы вяпрук у нерат, зь якога наўрад цi было як выкруцiцца.
Кандыдацкую дысэртацыю Барыс Клейн абараняў у Вiльнi, дзе часам сустракаўся з аднакашнікам па ЛГУ дацэнтам Д. Але на той час усчалася барацьба з лiтоўскiм нацыяналiзмам, i Клейн дачуўся, што ягонага аднакашніка звольнiлi з працы i, здаецца, зьбiраюцца выключыць з партыi. Рухомы сэнтымэнтальнымi пачуцьцямi, Барыс аднойчы па дарозе зь Ленiнграду ў Горадню завітаў на кватэрудацэнта. Якраз было трохi часу паміж цягнікамі, i былы асьпірант хацеў зь ветлівасьці суцешыць літоўскага навукоў ца, выказаць яму свае спачуваньні. Яны няблага пагаварылi той вечар, гаспадар пачаставаў госьця чаркай каньяку. І, абняўшыся, разышлiся. Па дарозе ў Горадню Барыс усё перажываў за калегу, думаў, як яму памагчы. Мабыць, і калега, застаўшыся ў сваёй вiленскай кватэры, не займеў злога намеру супраць госьця, але ён баяўся. Ён дужа баяўся, што ягоны беларускі калега мог быць падасланы з беларускага КДБ, запiсаў iхнюю гаворку i данясе ў літоўскую бясьпеку. Невядома, колькi часу гэтак прапакутаваў-шы, Д. надумаў апярэдзiць беларускага «агента» i сам напiсаў пра iхнюю сустрэчу i, вядома ж, пра крамольную размову. Лiтоўскi КДБ пераслаў тую iнфармацыю ў Менск. Менская бясьпека даручыла гарадзенскай — разабрацца і прыняць меры.
Разьбiралiся даволі доўга i грунтоўна. Барыс гаварыў, што запісалі зь вялікай дакладнасьцю ўсе тэлефонныя размовы і нават побытавыя размовы з жонкай — на кухні і ў спальні, так што наконт выказваньняў — поўная адэкватнасьць. І наконт Карпюка і Быкава, і асабліва наконт «братняй дапамогі» Чэхаславаччыне, якую камуніст Клейн недзе назваў вераломнай акупацыяй. Абвінавачваньне сьцьвярджала, што ўжо з пачатку 60-х гадоў ён пераконваў людзей весьці барацьбу супраць сталіністаў і крамлёўскага кіраўніцтва, якое называў «групай вырадкаў», і шмат што іншае. З фармулёўкамі праблемаў не было, таму лёгка і аднагалосна выключылі. Амаль адначасна ён страціў пасаду дацэнта ў мэдінстытуце, неўзабаве змушаны будзе здаць свой кандыдацкі дыплём і сапраўды стане «ніхто».
«I ты паднiмеш рукi? Здасiся гэтым душагубам? Ты ж мне раiў тузацца, бы жаба ў малочным збане? Дык тузайся! Пiшы, хадзi — ня сьпi ў шапку!» — злосна раiў яму Карпюк. Сам ён усё i ўсяляк тузаўся, праўда, пакуль без жаданага вынiку. Цяпер будуць тузацца ўдвух. Але тузацца ўдвух iм нiхто не дазволiць, бо тое групавуха — гэта яшчэ больш строгi артыкул. Паасобку, па адным, яшчэ дазвалялася. Тузацца.
Увечары мне хтось пазванiў, цiхiм голасам сказаў, каб я трымаўся далей ад тых двух. Бо яны нiбыта хочуць утапiць i мяне. У тое я слаба паверыў, але ранейшая ахвота сустракацца, абмяркоўваць, гутарыць пакрысе змарнела. Я заставаўся адзiн. I я парадаваўся тады, што ня член партыi, не дацэнт, што мяне выключыць няма адкуль. Хаця, канешне, можна зрабiць шмат iншага, ад чаго ня ўзрадуешся. I я мiжволi стаў чакаць гэтага iншага. Бо адчуваў — чарга наблiжаецца.
Клейн тузаўся. Як звычайна ў такiх выпадках, змушаны быў прайсьцi ўсе дантавы колы пакутаў — найперш шматлiкiя парткамiсii са злобнымi катамi — састарэлымi бальшавiкамi, якiя, бы помсьцячы за безьлiч уласных пакутаў i прынiжэньняў, зласьлiва прынiжалi выключанага, прымушалi яго прызнацца ў злачынстве, раззброiцца перад партыяй i савецкiм народам. Сынхронна з партыйнымi органамi працавалi i ўсе iх кафедры, вучоныя саветы, рэктараты i ВАКi. Я, хоць сам адчуваўся дужа няпэўна, распавядаў пра гродзенскiя драмы, дзе толькi было магчыма, у тым лiку i ў Маскве. Аднойчы зьвярнуўся i да Кузьмiна. Той з уважлiвай заклапочанасьцю выслухаў, пагадзiўся, што Клейн разумны чалавек i добры навуковец, але i ўсё. I я зразумеў, што ёсьць iншыя сiлы, уладай над якiмi сакратар ЦК не валодае. Хутчэй — яны валодаюць уладай над iм.