Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
Вясёлай кампаніяй мы праседзелі ў Жодзіне з 10 па 14 лістапада. У пачатку адседкі ў госьці нават заходзіў нейкі маёр у суправаджэньні Мішы Бабыклавы. Акрамя гэтага, высьветлілася, што ў камэру мы з сабой прывезьлі адзежных вошай з Акрэсьціна. Паведамілі пра гэта ахоўнікам.
Фэльчара мы прасілі разоў дзесяць, яго абяцалі, але ніхто не прыйшоў. Таму чалавек з тэмпэратурай ціхутка ляжаў у куце, а чалавек з пратэзам сустава паціху кульгаў па камэры.
Перадачы пачалі насіць у сераду ноччу. Я атрымаў торбу, падпісаную бацькавым почыркам. Там, праўда, адсутнічалі названыя ў сьпісе 300 цыгарэт — як высьветлілася пазьней, 15 пачкаў Sobranie спатрэбіліся камусьці іншаму. Затое, дзякуй Богу, прыйшлі акуляры і я на шосты дзень усё ж зьняў аднаразовыя лінзы.
Ноччу ў камэры адбылася бяседа, а цыгарэты (НЗ дзясятка) зайшлі зь іншымі перадачамі — былі чамусьці нават у тых, хто ня курыць.
Курыць пры ўсім пры гэтым было як бы нельга — на сьцяне вісела непадпісаная паперка, дзе нейкі маёр Лагун расьпісаў правілы і распарадак дня, які не выконваўся нават лямпамі ў камэры — тыя ніколі не выключаліся.
Аднойчы, унюхаўшы пах дыму, ахоўнік адчыніў нашу „кармушку“, дастаў пярцовы балёнчык і спытаў, ці ведаем мы, што гэта такое. Падумалася, што выхваляецца, напэўна. Але ён прыгразіў, што распыліць нам у камэру газ, калі такое паўторыцца. Назаўтра быццам ён жа даваў прыкурыць праз „кармушку“.
Што яшчэ пра Жодзіна... У камэры над ракавінай было люстэрка — можна было палюбавацца сабой упершыню з моманту затрыманьня. Вада была толькі халодная. Параша не сьмярдзела, ды і заткнуць яе можна было вялікай бутэлькай. Дзьверцаў у яе, як на Акрэсьціна, не было. Сьвятло, паўтаруся, не выключалася, але пад вечар сілай думкі адну зь лямпаў дзённага сьвятла нам атрымлівалася пагасіць. Ага, запалкі ёсьць у кожнай камэры, трэба толькі ўмець іх шукаць.
Пад бесьперапынныя размовы мы дасядзелі да 14 лістапада. Да гэтага дня тым, каго судзілі ў Жодзіне (усім прапісалі менш за 15 сутак), выдалі копіі пастаноў суду. Да гэтага дня мы пасьпелі адправіць лісты — мае ў канвэртах першай клясы дайшлі бацькам у Салігорск праз 10 дзён.
Удзень 14-га назвалі прозьвішчы тых, каму трэба сабраць рэчы і чакаць — такіх была палова камэры. З рэчамі нас вывелі ў калідор, дзе стаяў сярод іншых і Павал Аракелян.
Пашыхтавалі, прагналі праз тунэлі і зьмясьцілі ўжо ў клясычны аўтазак — мне дастаўся аднамясцовы „стакан“. Усяго ў машыне было 16 чалавек плюс ахова. З размоваў рыцараў ордэну фуражканосцаў было зразумела, што аўтазакаў з палітычнымі каля 10, толькі наш на 16 асобаў, а астатнія разьлічаны на 20. Везьлі прыкладна каля 180 мужчын і 30 жанчын. Ехалі з суправаджэньнем ДАІ. Спыніліся толькі раз — хтосьці, пэўна, ня мог стрымаць струменю.
Везьлі нас байцы ўнутраных войскаў. Стоячы, праз маленькую дзірку я бачыў вуліцу праз закратаваную шыбу дзьвярэй. Побач сядзеў вэвэшнік з цалкам адкрытым тварам. Ён падняў на мяне моўчкі вочы разы тры, а пасьля надзеў маску. Але мне яго твар быў абыякавы — я глядзеў на вуліцу, дзе ляжаў першы сьнег. Байцы з намі не размаўлялі. І мы ня ведалі, куды едзем.
Праз працяглы час заўважыў, што заехалі ў горад. Зразумеў, што гэта Магілёў, — разгледзеў рэгіён на нумарах машын. Прыбылі да ІЧУ, дзе доўга стаялі — відавочна, разгружалі астатніх. Пра тое, што ў Магілёве нешта ня так, стала зразумела адразу — калі ніхто чамусьці не лаяўся матам, а вайскоўцы ўнутраных войскаў пачалі вышукваць зялёны парасон і партманэт, якія былі ў кагосьці ў асабістых рэчах.
Доўга мы стаялі ў калідоры ІЧУ, чакаючы сваёй чаргі на засяленьне. Пасьля ператрусу, які быў самым пільным з пачатку адседкі, прыйшоў маёр і спытаў, хто сядзеў у 32-й камэры ў Жодзіне. Аказалася, што клапатлівыя ахоўнікі пазначылі недзе, што ў нас вошы. Таму ў Магілёве 8 чалавек з 32-й (астатнія зьехалі ў магілёўскую турму, а не ў ІЧУ) засялілі ў адну 10-мясцовую камэру.
Ня памятаю, ці пасьпелі мы павячэраць. Але пасьпелі прачытаць у распарадку на дзьвярах, што курыць можна раз на дзьве гадзіны. І ўзрадаваліся.
У камэры была і гарачая, і халодная вада; выкладзеная пліткай параша мела плястыкавыя дзьверцы. Люстэрка не было, праз замазаныя нібыта мылам вокны нічога не відаць. Выдалі чыстую белую бялізну. Аднак матрацы і падушкі бачылі многае, вядома. Матрацы трэба было зьбіваць, ірваць унутры іх напаўняльнік, каб спаць нармальна, а не на камяках ваты.
Даведаліся ў ахоўнікаў, што ў сераду магчымая лазьня, а ў чацьвер павінны прынесьці перадачы. Нагадаю, прывезьлі нас у суботу, 14 лістапада. І ўсе аказаліся такімі выхаванымі, што пакінулі свае прадукты ў Жодзіне. Спробы вывезьці з Жодзіна частку сала спыняў сівы мужык, які сядзеў там жа; ён калісьці быў вайскоўцам. Сквапны, напэўна. Затое нехта з сукамэрнікаў вывез амаль усе цыгарэты.