Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Бох, — схапіла Аліцыя яго за руку, — калі ты так ставіш пытанне, добра. Запэўніваю цябе, што ты памыляешся, што ты мяне крыўдзіш, недаацэньваеш майго кахання. Я сёння ж пераязджаю да цябе і застаюся. Гары яно ўсё гарам! Плёткі, закон, скандал. Гэтага табе даволі, каб даказаць, што твае падазрэнні няслушныя?
Друцкі ўстаў і пачаў хадзіць па пакоі.
— У такім выпадку табе прыйдзецца адрачыся ад сваёй справы, — сказаў Друцкі.
— Я выдатна ўсё разумею. Калі не адракуся сама, то мяне выкінуць.
— Ты не раз гаварыла, што любіш і цэніш сваю працу, — заўважыў Друцкі.
— Так, гэта праўда. Але я кахаю цябе, і калі такой цаной я магу табе прынесці хоць самую маленькую радасць, гэта цана для мяне — нішто.
— Паслухай, Аль, — стаў ён перад ёй, — я не хачу ад цябе ніякіх ахвяр і ніякіх прысвячэнняў. Не хачу я іх. Скажы мне толькі, чаму ў такім выпадку ты не пагаджаешся стаць маёй жонкай?
— А навошта? — паглядзела яна яму ў вочы. — Навошта? Ты што, за сваё жыццё пранікся павагай і прызнаннем да інстытуту шлюбу?
— Ну… Гэта залежыць ад асоб, якія ўваходзяць у ігру…
— Не! — усклікнула Аліцыя. — Сто разоў не! Я паклялася сабе, што ніколі ніякай цаной я не здамся гэтаму найдурнейшаму, найагіднейшаму, найбрыдчэйшаму інстытуту, выдуманаму рабскай людской мараллю. Я б пагарджала сабой, калі б свядома і дабравольна выраклася свайго чалавечага імя, калі б сябе і цябе хацела звязаць самымі недарэчнымі з абавязкаў толькі таму, што мільёны іншых пакорліва сунуць свае пустыя галовы ў ярмо для таго, каб зненавідзець адно аднаго праз некалькі гадоў або гібець, задыхаючыся ад прымусу. І навошта нам гэта? Навошта? Ты ведаеш так жа добра, як і я, што наша каханне не згасне, а калі б і згасла, няма такой сілы, якая б здолела ўтрымаць нас разам. Дык я пытаюся, для чаго? Чаму мы не можам застацца вольнымі людзьмі? Навошта свядома лезці ў пятлю, навошта, каб на сцяне вісела пуга, як пастаянная перасцярога і напамін, што мы нявольнікі? Я зусім не разумею, як табе, істоце вольнай, нібы птушка, прыйшла ў галаву гэта дзікая думка?! Ты разумееш цяпер, чаму?
— Я не разумею, чаму ты пракурор, — сказаў Друцкі пасля моманту вагання.
— О, — іранічна засмяялася Аліцыя, — бо як пракурор я маю найвялікшыя магчымасці кантраляваць, каб быдла берагло ярмо, калі яго пажадала. Таму што ў маіх руках гэтая пуга, пад якую яны падставілі свае нявольніцкія спіны. Бо я магу даць ім як найвыразней адчуць іх тупое глупства.
— Ты страшная, Аль, — сумным голасам сказаў Друцкі.
Яна засмяялася.
— О, Бох! Цябе ж я кахаю, кахаю да шаленства, і калі… Я казала, што ні за што не пайду замуж. Гэта няпраўда. Калі б ты вельмі хацеў гэтага, калі б гэта была цана твайго кахання, тады, нават пагарджаючы сваёй слабасцю, я павінна была б згадзіцца, Бох!
— Добра. Не гаворым больш пра гэта, Аль.
І сапраўды, яны больш не вярталіся да тэмы жаніцьбы. Зрэшты, Друцкі добра сябе адчуваў у любой сітуацыі, якую лічыў непазбежнай.
Іх асабістае жыццё запаўняла гадзіны, вольныя ад працы Аліцыі ў судзе і Друцкага ў «Аргенціне». Абедалі яны звычайна разам з Юлькай. Вечар праводзілі ў яго кватэры, пасля чаго расставаліся да заўтрашняга пасляпаўдня. Часам яны хадзілі ў кіно або тэатр, беручы з сабой Юльку.
Аліцыя не расказвала яму пра свае заняткі, звязаныя з работай, і не выпытвала Друцкага пра яго справы. Яна абсалютна яму давярала, ды і залішняя цікаўнасць не была для яе характэрна. Такім чынам, яны жылі толькі тым, што было для іх агульнае, і абодвух гэта цалкам задавальняла.
Друцкі не здраджваў Аліцыі. Не таму, што яму перасталі падабацца іншыя жанчыны, а таму, што ў Аліцыі ён знайшоў каханку, якая цалкам задавальняла ўсе яго фантазіі і ўсе жаданні. Яна была ўсё тая ж, аднак заўсёды розная, і таксама, як штодзень ён адкрываў новыя вабноты яе цела, ён нястомна адшукваў нечаканыя ўласцівасці гэтай такой цэльнай і адначасова складанай натуры. Яму здавалася, што з кожным днём ён усё больш жаданы і сам больш жадае.
Пацвярджэннем гэтага былі шалёныя гадзіны іх пяшчот, крывавых, бурных, напаўпрытомных, калі ў полымі аргазму два целы пераплаўляліся, як два металы, у адно, калі яны застывалі магутным сплавам бронзы і мармуру…
Друцкі не здраджваў Аліцыі.
На сумныя погляды Тэці ён адказваў крыху збянтэжанай усмешкай, з Любай ён бачыўся вельмі рэдка, таму што на лета яна пераехала ў Канстанцін[34], і ў Варшаву заязджала толькі раз на тыдзень. Тоня дарэмна яго штурмавала, а шматлікія прапановы жанчын, якія наведвалі «Аргенціну», ён пакідаў без увагі.
34
Канстанцін-Язёрна — курорт у Мазавецкім ваяводстве; у 20-х гадах ХХ стагоддзя палову яго жыхароў складалі яўрэі.