Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Доўгая дарога дадому
Доўгая дарога дадому - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Доўгая дарога дадому

Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:

Гэтая кніга — успаміны народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў ягонага багатага на падзеі жыцьця. У цікавай аўтарскай манеры вядомы пісьменьнік распавядае пра найбольш яркія старонкі сваёй біяграфіі, дае ацэнку грамадзка-палітычным і культурным працэсам, што адбываліся ў Беларусі на ягоных вачах. В. Быкаў прапануе досьвед культурнага дзеяча, знакамітага пісьменьніка, выказвае думкі адносна будучага разьвіцьця краіны.
1 ... 93 94 95 96 97 98 99 100 101 ... 171
Перейти на страницу:

Адамовiч жыў у Маскве, дзе вучыўся на сцэнарных курсах. (Патрэбны яму былi гэтыя курсы. Хiба каб уцячы зь Менску.) Ня шкодзiла б зайсьцi ў «Маладосьць», але тую рэдакцыю зь нейкага часу схавалi ў будынак ЦК ЛКСМБ зь яго строгiм прапускным рэжымам, якога я не трываў. Патэлефанаваў Нiлу Гiлевiчу. Гэтага чалавека i паэта я паважаў даўно найперш за яго цьвёрдую нацыянальную пазыцыю, якая, аднак, давалася яму ўсё трудней. Асаблiва пакуль ён нарэшце не ўступiў у партыю. Зь iм за чаркай на яго ўтульнай кухнi можна было адвесьцi душу, нагаварыцца на роднай мове. Што я i рабiў апошнiм часам, бываючы ў Менску.

Неяк напрадвесьнi ў Горадню завiтаў мой ушацкi зямляк Рыгор Барадулiн. Прыехаў з маладой жоначкай, усьмешыстай разумнiцай Валяй. У Гораднi жыла яго цешча, але з прычыны кватэрнай цеснаты ён спынiўся ў гатэлi «Нёман». Гатэль гэты i рэстаран пры iм здаўна быў для нас «нешанцоўны», не пашанцавала там i Рыгору, якi, вячэраючы, вядома ж, атруцiўся. Дзеля паратунку пазванiў мне. Адмысловых лекаў у мяне не аказалася, давялося лекаваць земляка прымiтыўнаю марганцоўкай. Калi з добрых рук, дык паможа, жартаваў Рыгорка, глытаючы чырвоную дрэнь. I праўда — памагло. Мы зь iм добра пагутарылi, а пасьля авансам i замачылi ягоную папраўку. Рыгор быў мастак наконт тае справы, i ягоны востры ад прыроды розум рабiўся тады i яшчэ вастрэйшы. Увогуле чуйны да людзей, ён у пэўныя моманты дасягаў у свае чуйнасцi нейкай падсьвядомай глыбiнi i пранiкнёнасьцi, бачыў кожнага сапраўды наскрозь. Ён даў вычарпальную характарыстыку шмат каму з маiх сяброў i ворагаў, i, слухаючы яго, я толькi зьдзiўляўся, як раней не заўважаў таго. Усё ж, мабыць, з тае прычыны, што жыў наводдаль, у правiнцыi, лiтаратурнае асяродзьдзе ведаў мала. А яно было, тое асяродзьдзе, i функцыянавала паводле ўласных, невiдочных для iншых правiлаў, не засвоiўшы якiя, немагчыма было дасягнуць нiчога. А я наiўна думаў, што справа толькi ў лiтаратуры, у вартасьцi таго цi iншага твору. Аказалася, яшчэ i ў асобе таго, хто гэты твор напiсаў, у ягоных сябрах-сабутэльнiках i асаблiва — у адносiнах з начальствам. Аднойчы на схіле рабочага дня ў рэдакцыi раздаўся тэлефонны званок, загадчык аддзелу Леанiд Дзянiсаў перадаў трубку мне. Хто? — Ня ведаю. Я назваў сябе, i пачуў глухаваты, разважлiвы голас: «Гаворыць Аляксандр Трыфанавiч». (Я аж спалохаўся, падумаўшы, што гэта Твардоўскi, але чаму ён у Гораднi?) Ды не, аказалася, то другi Аляксандр Трыфанавiч — новы сакратар ЦК КПБ па iдэалёгii Кузьмiн [АТК]. Ён хоча спаткацца са мной, але неафiцыйна, можа б, мы пагулялi ўвечары па вулiцах, пагутарылi? Было лета, надвор’е стаяла добрае. Дамовiлiся спаткацца.

То была мая першая сустрэча з гэтым чалавекам, якi парушыў у маёй сьвядомасьцi раней засвоеныя ўяўленьнi пра партыйных функцыянэраў усiх без выключэньня рангаў. Мы хадзiлi па цiхiх гарадзенскiх вулiчках паблiзу ад двух гiстарычных замкаў, i Аляксандр Трыфанавiч цiхiм голасам распавядаў пра сваю вайну, як быў на фроньце лётчыкам-штурманам бамбардзiроўшчыка, як даводзiлася лётаць, быць зьбiтым. Распавёў пра выпадкi з асабiстамi, якiя, як i ўсюды, шчыравалi i ў авiяцыi. Уцалеў ён з гэтай вайны толькi праз тое, што быў цяжка паранены i сьпiсаны. Iнвалiдам пачынаў цывiльнае жыцьцё, памалу пайшоў па партыйнай лiнii i вось дабрыў да ЦК. Цяпер ён кiруе iдэалёгiяй, у якой, аднак, нiчога не вырашае, бо ўсё ў ёй вырашана — даўно i назаўжды. Наконт асьвятленьня вайны ў маiх творах ён цалкам на маiм баку, але як партыйны функцыянэр, на жаль, ня можа агучыць тое публiчна. Я толькi пацiскаў плячыма — што ж, дзякуй i за такое прызнаньне.

Мне нiхто нiколi, нават сакратар рэдакцыйнай партарганiзацыi, не сказаў, што ён на маiм баку. Хоць таксама быў ветэран вайны, былы франтавiк. Некаторыя часам гаварылi ў вочы, што яны супраць маiх «пiсаньняў», бальшыня, праўда, мудра маўчала.

З тае сустрэчы ў мяне з АТК, як яго клiкалi за вочы, склалiся прыязныя, амаль таварыскiя адносiны. Чым мог, ён iмкнуўся памагчы мне, таксама як i Алесю Адамовiчу, што неўзабаве апынуўся бяз працы, выгнаны з Маскоўскага ўнiвэрсытэту. Ды i шмат каму зь iншых.

Над намi ў Гораднi штосьцi зьбiралася, згушчалася, набрыняла чаканьнем. Мы пэўна ня ведалi, што, але адчувалi — будзе нядобрае. Неяк на вулiцы я спаткаў трохi знаёмую настаўнiцу з Зэльвы. Як звычайна, папыталiся адно ў аднаго пра жыцьцё, я сказаў, што хвалiцца няма чым. I яна суцешыла: вясной стане лепей. Што лепей? Настаўнiца пасьмяялася: а можа, i горай. Хто сказаў? Мае карты гавораць…

Я хутка забыўся на тую размову, як аднойчы ў рэдакцыi пачуў: пасьля абеду — закрыты партсход. Закрытыя партсходы здаралiся нячаста, звычайна праводзiлi адкрытыя, на якiя я, канешне, не хадзiў. Карпюк змушаны быў хадзiць, ён быў на партулiку ў рэдакцыi. Прыйшоў i цяпер, зазiрнуў да мяне ў аддзел саўработы, дзе я сядзеў. Твар яго быў змрочны, i ён адразу сказаў: «Будуць выключаць». — «Каго?» — «Мяне…». Во гэта навiна, падумаў я. Завошта? Чаму? Што здарылася?

1 ... 93 94 95 96 97 98 99 100 101 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)