Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Хведзька Чараціла ведаў жанчын. Дый з семінарыі выгналі Хведзьку менавіта за амурныя справы. Тым болей што трактаваў Хведзька кабет гэтак жа проста, як пляшкі гарэлкі. Можна нават смела сцвярджаць, што Хведзька бачыў кабет як у вопратцы, так і без. І мы можам зрабіць скідку толькі на тую акалічнасць, што Хведзька быў добра на падпітку і таму не распазнаў, што за істота рушыла на яго з чорнай панскай сажалкі, белая, вялікая, бясформенная... На абліччы істоты Чараціла разгледзеў толькі два чорныя прагалы на месцы вачэй ды трэці, круглы вялікі прагал — гэта не мог быць чалавечы рот — бо з яго не могуць вылятаць такія гукі...
Маленькая пляскатая жабка здохла ў адно імгненне — яе і без таго напалоханае сэрца не вынесла воклічу абражанай цнатлівасці.
Чараціла перахрысціўся. Чараціла паабяцаў Божай Маці, што ніколі ў жыцці не возьме больш гарэлкі ў рот... Чараціла заблагаў і кінуўся праз кустоўе прэч адсюль... А белая пачварына ляцела за ім ва ўрачыстым гневе — прыйшоў яе час! Яна дачакалася! Чараціла дабег да агароджы і, падаючы і абдзіраючы далоні, паспрабаваў пералезці цераз яе.
— Жучка, кусь! Жучка, кусь!
Залівісты сабачы брэх змяніўся Чарацілавым крыкам болю. Апошнім намаганнем Хведзька пераваліўся цераз агароджу і знік у невядомым напрамку, як маланка — не таму, што так хутка, але таму, што зігзагамі...
Панна Канстанцыя паважна абцерла сваю антычную плоць. Апошні бессаромны зірк месяца — і белае цела схавалася пад доўгай брунатнай сукенкай са шчыльнай ваўнянай тканіны, з зашпількамі пад горла.
«Гэта несумненна быў афіцэр,— чамусьці падумала панна Канстанцыя.— Такі бессаромны... Дзёрзкі... Шкада, што не было з сабою кінжала...»
Панна ўявіла, як эфектна было б прыставіць кінжал да сваіх белых грудзей і сказаць: «Лепей смерць, чым ганьба! Ніхто не возьме гвалтам тое, што належыць толькі мне і Госпаду!» Не, лепей было б кінуцца з кінжалам на гвалтаўніка: «Памры, няшчасны! Ты пасмеў падгледзець тое, што не наканавана для чалавечых вачэй!»
Камары жаласна пішчалі над вільготнымі валасамі панны Канстанцыі, акуратна сашчэпленымі рогавым грабеньчыкам. Свет быў цудоўны, хаця і небяспечны. Да канца жыцця заставалася сорак гадоў, восем месяцаў і адзін дзень. Быў шанц правесці іх у прыемных успамінах.
А ў душы карчомнага заўсёдніка Чарацілы навечна пасялілася незразумелая туга. Начное здарэнне ўспаміналася яму ўсё часцей і часцей, і мроіліся Чарацілу то белацелая русалка з прыветна працягнутымі рукамі, то расамаха, кудлатая, няшчасная,— за тое, што пры жыцці загубіла сваё дзіця, пасля смерці вымушаная існаваць у вадзе і палохаць выпадковых прахожых... І хаця Чараціла ніколі больш не наважыўся спакушаць лёс прагулкай у панскі парк, але палюбіў сядзець па начах на развалінах старога замка ці над лясной крынічкай і ўзірацца скрозь цёмныя карункі шатаў на зоры, і ў неахайнай барадзе яго з першымі павуцінкамі сівізны пераблытваліся месячныя промні, а вусны шапталі незвычайныя пяшчотныя словы, якія не пачула і не пачуе ад Чарацілы ні адна зямная жанчына...
І тады з глыбіні Лебядзінага возера ўсплывала бела-блакітная лілея і расхінала свае пялёсткі, як покрыва багіні... А панна Канстанцыя круцілася на пуховай пярыне і паўтарала ў салодкай дрымоце: «Гэта несумненна быў афіцэр...»
Фрыгійскі сатыр Марсій так добра граў на флейце, што насмеліўся выклікаць на спаборніцтва ў музычным мастацтве самога Апалона, бога Сонца і мастацтваў. Па меркаванні бальшыні слухачоў, Апалон перамог. Марсій быў жорстка пакараны за дзёрзкасць: Апа-лон загадаў жыўцом злупіць з яго скуру.