Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
Разведчыкі выявілі вялізны флот Прышэльцаў за дваццаць мільярдаў міль ад Зямлі. Гэтыя разведчыкі так і не вярнуліся, але іх паведамленні былі атрыманы. І вось зямная армада, усе дзесяць тысяч касмалётаў і паўмільёна касманаўтаў размясціліся ў чаканні за арбітай Плутона, гатовая змагацца насмерць.
Бітва мелася быць роўная для абодвух бакоў — аб гэтым можна было меркаваць па рапартах перадавых патрулёў, якія ахвяравалі жыццём, але перад тым, як загінуць, перадалі звесткі пра колькасць і сілу флоту праціўніка.
Пры роўнасці сіл лёс Сонечнай сістэмы магла вырашыць сама нязначная выпадковасць. І рашэнне было б канчатковым — у выпадку паражэння Зямля і ўсе яе калоніі апынуліся б у поўнай уладзе Прышэльцаў…
О так, цяпер Боб Карсан усё ўспомніў.
Праўда, гэта не мела дачынення да блакітнага пяску і мігатлівага блакіту над галавой. Ды ён памятаў, як прагучаў гэты рэзкі званок трывогі, як ён кінуўся да панелі кіравання, як у ліхаманкавай спешцы прышпіліўся да крэсла, як перад ім на экране расла светлая кропка.
Як у яго перасохла ў горле. Як ён з жахам зразумеў — пачалося! Для яго, прынамсі: асноўныя сілы ўдзельнікаў бітвы былі яшчэ за межамі дасягальнасці адзін для аднаго.
Менш як праз тры секунды ён або застанецца пераможцам, або ператворыцца ў жменьку попелу. Тры секунды — столькі доўжыцца бой у космасе. За гэты час можна не спяшаючыся злічыць да трох, а пасля гэтага ты або пераможаш, або будзеш мёртвы. Аднаго пападання зусім дастаткова для маленькага, аднамеснага, лёгка ўзброенага і слаба браніраванага патрульнага касмалёта.
Машынальна шэпчучы перасохлымі вуснамі «Раз!», ён ліхаманкава круціў ручкі на пульце, каб кропка, што ўсё большала, заставалася ў перакрыжаванні ліній на экране. Правая нага яго замерла над педаллю спуска. Адзіны смяротны залп — ці ён пацэліць, ці не. На другі стрэл часу ўжо не застанецца.
«Два!» Ён зноў не чуў, як у яго гэта вырвалася. Кропка на экране перастала быць кропкай. Размешчаны за некалькі тысяч міль варожы касмалёт быў відаць так, нібыта да яго некалькі соцень метраў. Гэта быў лёгкі, хуткі патрульны касмалёт амаль такога самага памеру, як і ў Боба.
Варожы патрульны касмалёт.
«Тр…» Яго нага дакранулася да педалі…
І раптам Прышэлец слізгануў па экране ўбок і выйшаў з перакрыжавання. Карсан ухапіўся за ручкі, каб пусціцца ў пагоню. Нейкую долю секунды праціўніка не было відаць, потым карабель Карсана павярнуўся, і той зноў з'явіўся на экране — Карсан убачыў, як ён крута зніжаецца да зямлі.
Да зямлі?
Нейкая аптычная ілюзія, не іначай. Гэтай планеты, што цяпер займала ўвесь экран, не магло быць тут. Проста не магло. Навокал не было ні адной планеты бліжэй, чым Нептун, а ён быў за тры мільярды міль. Плутон знаходзіўся па другі бок Сонца, якое віднелася адсюль малюсенькай кропкай.
А як жа сістэмы сачэння? Яны не выяўлялі ніякага прадмета памерам хоць бы з астэроід. Сігналы маўчалі і цяпер.
Гэтага не магло быць — таго, да чаго ён набліжаўся і што было ўжо за некалькі соцень міляў пад ім.
Раптоўная пагроза катастрофы прымусіла яго забыцца нават на праціўніка. Ён уключыў пярэднія тармазныя ракеты і, павіснуўшы на рамянях з усяе сілы наваліўся на штурвал аварыйнага павароту, ведаючы, што толькі поўная магутнасць рухавікоў уратуе яго ад катастрофы і што ад такіх перагрузак ён зараз страціць прытомнасць.
А цяпер ён сядзеў на гарачым блакітным пяску, зусім голы, але цэлы і здаровы. Навокал не было ніякіх слядоў яго касмалёта, ды і самога космасу. Гэтая паверхня над галавой ніяк не магла быць небам.
Ён, хістаючыся, стаў на ногі. Сіла цяжару была крыху большая за зямную. Ненамнога.
Навокал распасціраўся роўны пясок. Дзе-нідзе купкамі раслі нейкія мізэрныя кусцікі. Яны таксама былі блакітныя, але розных адценняў — адны святлейшыя, чым пясок, другія цямнейшыя.
З-пад бліжэйшага куста выбегла маленькая жывёліна, падобная на яшчарку, толькі ў яе былі не чатыры нагі, а куды болей. Яна таксама была блакітная — светла-блакітная. Убачыўшы Карсана, яна зноў схавалася пад куст.
Боб зноў паглядзеў угору, спрабуючы ўцяміць, што ж там такое. Гэта не было падобна на дах, аднак мела форму купала. Яно мігцела, і глядзець на яго было цяжка. Ды яно напэўна з усіх бакоў даходзіла да самай зямлі — да блакітнага пяску.
Боб стаяў недалёка ад цэнтра купала. Да бліжэйшай сцяны — калі гэта сцяна — было метраў сто. Над плоскай паверхняй пяску як быццам было перакулена нейкае блакітнае паўшар'е метраў 250 у акружнасці.