Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
Менавіта таму ён стрымліваў агіду і працягваў глядзець, як Прышэлец ірве яшчарку на кавалкі.
Але ён узрадаваўся, калі яшчарка, у якой была ўжо адарвана палова ног, сціхла, перастала біцца і вісела мёртвая ў Прышэльцавых шчупальцах.
Той не стаў адрываць ёй астатніх ног і пагардліва адкінуў яе цела ў бок Карсана. Мёртвая яшчарка ўпала ля самых яго ног.
Яна мінула бар'ер! Бар'ера болей няма! Карсан імгненна ўсхапіўся, моцна сціскаючы ў руцэ нож, і скочыў уперад. Зараз ён з ім расправіцца! Калі бар'ера няма…
Але бар'ер быў. Ён пераканаўся ў гэтым на горкім вопыце, наляцеўшы на яго галавой і ледзь не страціўшы прытомнасць ад удару. Яго адкінула назад, і ён упаў.
Калі ён зноў сеў, трасучы затуманенай галавой, ён заўважыў, што ў яго бок нешта ляціць, і, каб ухіліцца, распластаўся на пяску. Ён убярог сваё тулава, але адчуў раптоўны востры боль у левай лытцы.
Не зважаючы на боль, ён адкаціўся назад і падняўся на ногі. Цяпер ён бачыў, што ў яго папаў камень, а Прышэлец ужо падняў другі, захапіўшы яго двума шчупальцамі, і замахнуўся.
Камень паляцеў у Карсана, але ён лёгка ўхіліўся. Прышэлец, відавочна, не мог кідаць камяні моцна і далёка. Першы камень папаў у яго толькі таму, што ён сядзеў і не бачыў, што ён ляціць.
Ухіліўшыся ад слаба кінутага другога каменя, Карсан запусціў у Прышэльца сваім каменем, які ўсё яшчэ быў у яго ў руцэ. Ён раптам узрадаваўся, падумаўшы: калі камяні могуць пералятаць праз бар'ер, то варта гэтым заняцца. Чалавек з дужай рукой і дакладным вокамерам…
З чатырох метраў ён не мог прамахнуцца па трохфутавай мішэні, і ён не прамахнуўся. Камень праляцеў дакладна і моцна — у некалькі разоў хутчэй, чым камяні, кінутыя Прышэльцам. Ён трапіў у самую сярэдзіну, ды, на няшчасце, трапіў плазам, а не вострым канцом.
Тым не менш ён трапіў — пачуўся цяжкі ўдар, і Прышэлец яўна яго адчуў. Ён гэтым часам шукаў яшчэ каменя, але цяпер перадумаў і адкаціўся назад. Да таго часу, як Карсан падрыхтаваўся да новага кідка, Прышэлец быў ужо за сорак метраў ад бар'ера і працягваў каціцца назад.
Другі раз Карсан прамахнуўся на некалькі футаў, а трэці камень не даляцеў. Прышэлец быў па-за межамі дасягальнасці — ва ўсякім разе, для досыць цяжкага каменя, які мог бы зрабіць яму шкоду.
Карсан усміхнуўся. Гэты раўнд ён выйграў. Калі не лічыць…
Ён нагнуўся, каб паглядзець, што ў яго з нагой, і ўсмешка знікла з яго вуснаў. Востры край каменя нанёс яму даволі глыбокую рану на некалькі цаляў даўжынёй. З яе моцна ішла кроў, хоць артэрыя, хутчэй за ўсё, закранута не была. Калі кроў спыніцца сама, усё будзе ў парадку. А калі не, справы дрэнь.
Але трэба было заняцца чымсьці важнейшым за гэту рану. Будовай бар'ера.
Ён зноў падышоў да бар'ера, выцягнуўшы ўперад рукі. Ён знайшоў бар'ер і, упіраючыся ў яго адной рукой, кінуў у яго жменю пяску. Пясок праляцеў наскрозь, а яго рука — не.
Арганіка і неарганіка? Не, таму што праз бар'ер праляцела мёртвая яшчарка, а яшчарка, нават мёртвая, — гэта ўсё роўна арганіка. А расліна? Ён адламаў сучок і торкнуў ім у бар'ер. Сучок прайшоў наскрозь, але калі да бар'ера дакрануліся яго пальцы, якія сціскалі сучок, яны не прайшлі.
Значыць, Карсана бар'ер не прапускае, і Прышэльца таксама. А камяні, пясок, мёртвую яшчарку…
А жывая яшчарка? Ён пачаў паляваць на іх пад кустамі і хутка злавіў адну. Ён асцярожна кінуў ёю ў бар'ер, і яна адляцела назад і пабегла прэч па блакітным пяску.
Наколькі можна было меркаваць, гэта быў канчатковы адказ. Бар'ер перагароджваў шлях жывым істотам. Нежывое і неарганічнае рэчыва маглі пранікаць праз яго.
Высветліўшы гэта, Карсан зноў паглядзеў на сваю параненую нагу. Кроў ішла слабей — гэта значыла, што яму не трэба думаць пра турнікет. Але трэба было знайсці крыху вады, каб абмыць рану.
Пры думцы пра ваду ён зразумеў, што страшна хоча піць. Калі схватка зацягнецца, рана ці позна неабходна будзе знайсці ваду.
Накульгваючы, ён пачаў абход сваёй паловы арэны. Кранаючыся бар'ера адной рукой, ён дайшоў да паўкруглай сцяны. Яна была бачная — зблізку яна здавалася шэра-блакітнай — а навобмацк была акурат такая, як і бар'ер.
Карсан на ўсякі выпадак кінуў у яе жменю пяску, — пясок прайшоў наскрозь і знік з вачэй. Значыць, паўкруглая сцяна — гэта таксама сілавое поле. Але суцэльнае, а не празрыстае, як бар'ер.
Ён пайшоў уздоўж сцяны, пакуль не вярнуўся да бар'ера, а потым уздоўж бар'ера да таго месца, з якога пачаў. Вады не было і следу.
Занепакоены, ён пачаў хадзіць улукаткі паміж бар'ерам і сцяной, уважліва разглядаючы прастору паміж імі.