Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Замежная фантастыка
Замежная фантастыка - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Замежная фантастыка

Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:

У зборніку публікуюцца творы сучасных пісьменнікаў-фантастаў розных краін у жанры мастацкага апавядання і раман П'ера Буля «Планета малпаў».
1 ... 96 97 98 99 100 101 102 103 104 ... 150
Перейти на страницу:

Ягоны розум памалу вызваліўся, як чалавек, ачуняўшы ад кашмару, пакрысе разрывае ніці трызнення, якімі быў аблытаны, Карсан яшчэ задыхаўся і чуў слабасць, але ён ужо мог думаць.

Ён стаяў, разглядаючы Прышэльца. Той не кратаўся з месца, пакуль ішла гэтая дуэль, якой ён ледзь не выйграў. Цяпер ён адкаціўся на некалькі футаў убок, да бліжэйшага блакітнага куста. З выемак паказаліся тры шчупальцы і пачалі абмацваць куст, галінка за галінкай.

— Што ж, — сказаў Карсан, — вайна дык вайна. Яму ўдалося нават крыва ўхмыльнуцца. — Калі я правільна цябе зразумеў, мір цябе не задавальняе.

І, не могучы ўстрымацца ад прыгожай фразы, дадаў:

— Вайна — не на жыццё, а на смерць!

Ды ў гэтай абсалютнай цішыні яго словы прагучалі недарэчна, — нават ён сам гэта адчуў. І тут ён зразумеў, што вайна будзе сапраўды не на жыццё, а на смерць. І яго смерць — ці смерць гэтай круглай істоты — будзе смерцю цэлай цывілізацыі. Калі ён пацерпіць паражэнне, гэта прывядзе да пагібелі чалавецтва.

Падумаўшы гэтак, ён раптам адчуў страх. Ён жа ведаў гэта напэўна, без ніякага сумнення. Ён чамусьці ведаў, што той, хто наладзіў гэты паядынак, гаварыў праўду пра свае намеры і магчымасці. Не абдурваў.

Будучыня чалавецтва залежыць ад яго. Пра гэта было страшна падумаць, і ён адагнаў гэтую думку. Трэба было падумаць пра пільныя справы.

Павінен жа быць які-небудзь спосаб пранікнуць праз бар'ер — ці забіваць праз бар'ер.

З дапамогай тэлепатыі? Ён спадзяваўся, што не, таму што тэлепатычныя здольнасці Прышэльца яўна перавышалі чалавечыя. А можа, не перавышалі? Змог жа ён выгнаць з свайго розуму думкі Прышэльца. А Прышэлец? Калі ў яго мацней развіта здольнасць перадаваць свае думкі, ці не робіць гэта яго больш уразлівым для чужых?

— Памры, — падумаў ён. — Ты зараз памрэш. Ты паміраеш. Ты…

Ён спрабаваў некалькі разоў, у розных варыянтах, спрабаваў перадаваць вобразы. Пот выступіў у яго на лбе, ён увесь калаціўся ад напружання. Але Прышэлец працягваў абмацваць куст — усё гэта зрабіла на яго не большае ўражанне, чым калі б Карсан расказваў табліцу множання. Значыць, нічога не выйшла.

Ад гарачыні і страшнага напружання думкі ён зноў адчуў слабасць і галавакружэнне. Ён прысеў на пясок адпачыць і заняўся пільным вывучэннем Прышэльца. Мажліва, ён зможа выявіць яго моцныя і слабыя бакі, даведаецца пра што-небудзь такое, што можа спатрэбіцца, калі справа дойдзе да рукапашнай.

Прышэлец абломваў галінкі. Карсан уважліва сачыў за ім, спрабуючы вызначыць, якіх гэта патрабуе ад яго намаганняў. Трэба будзе знайсці такі самы куст на маім баку, падумаў ён, самому зламаць такія самыя галінкі і параўнаць сілу маіх рук і гэтых шчупальцаў.

Галінкі адломваліся з цяжкасцю; ён бачыў, што Прышэльцу даводзілася з кожнай парадкам паваждацца. Кожнае шчупальца на канцы раздвойвалася, утвараючы два пальцы з кіпцюром на кожным. Кіпцюры выглядалі не надта небяспечнымі. Не больш небяспечнымі за чалавечыя пазногці, калі даць ім крыху падрасці.

Не, увогуле з ім не так цяжка будзе справіцца. Вядома, калі гэтыя кусты не вельмі моцныя. Карсан азірнуўся вакол і ўбачыў якраз такі самы куст побач з сабой. Ён працягнуў руку і адламаў галінку. Яна аказалася крохкай і нетрывалай. Вядома, Прышэлец мог наўмысна хаваць сваю сілу, але наўрад ці.

З другога боку, дзе яго ўразлівыя месцы? Як, уласна, можна яго забіць, калі выпадзе такая мажлівасць? Ён зноў пачаў вывучаць праціўніка. Яго вонкавая абалонка выглядала даволі моцнай. Спатрэбіцца якая-небудзь вострая зброя. Карсан зноў падняў камень. Ён быў цаляў 12 у даўжыню, вузкі і з адным досыць вострым краем. Калі б ён шчапаўся, як крэмень, з яго можна было б зрабіць зусім прыстойны нож.

Прышэлец працягваў даследаваць кусты. Ён падкаціўся да бліжэйшага куста іншай разнавіднасці. З-пад куста выскачыла блакітная шматногая яшчарка — якраз такая самая, якую Карсан бачыў на сваім баку.

Шчупальца Прышэльца кінулася, схапіла яе і падняло ў паветра. Другое шчупальца пачало абрываць ёй ногі — спакойна і абыякава, як быццам гэта былі галінкі. Яшчарка сутаргава білася, вішчала рэзкім віскам — першы гук, які Карсан пачуў тут, калі не лічыць свайго голасу.

Карсан здрыгануўся, яму захацелася адвесці вочы. Але ён прымусіў сябе глядзець — усё, што ён дазнаецца пра Прышэльца, можа аказацца карысным. Карысна нават бачыць гэту непатрэбную жорсткасць. Будзе проста прыемна прыкончыць гэту істоту, калі гэта ўдасца.

1 ... 96 97 98 99 100 101 102 103 104 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)