Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
— Цяпер ты зразумеў, чаму Тытан называюць яшчэ і «Месяцам дваццаці рук»?
— Ага, спадар настаўнік.
— Дык вось, Дэвід… Пасля рэйса «Ібіса» прайшло чатыры стагоддзі. З таго часу кожны касманаўт лічыць для сябе за найвышэйшы гонар, калі пасля многіх гадоў спадзвіжніцкай працы і самаахвяравання яго ўзнагароджваюць ордэнам «Пурпуровай рукі». Табе гэта зразумела?
— Вядома, спадар настаўнік… А што… што сталася з доктарам Паўльсэнам?
— А, з доктарам «Ібіса», — уздыхнуў настаўнік. — Ён таксама быў удастоены мноства ўзнагарод і высокіх ушанаванняў. Ну, а потым… Паводле адных крыніц, неўзабаве пасля гэтага ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе, другія сцвярджаюць, быццам ён скончыў самагубствам.
— Самагубствам?! Але чаму?
— Не ведаю, дружа. Можа, таму, што толькі яму ніхто не мог тады ампутаваць руку…
Дэвід панурыўся. Настаўнік пачаў расказваць пра бязмежнасць і прыгажосць космасу, пра незнаёмыя светы, дзе не ведаюць зямных нягод, светы, якія бясконца далёкія і неабсяжныя…
Дэвід сеў на месца, а настаўнік працягваў урок. Яго злёгку гугнявы голас разносіўся па класе. Вучні сядзелі моўчкі і як зачараваныя лавілі кожнае настаўнікава слова.
І толькі Дэвід быў у сваіх думках. Заўтра ён як след вывучыць заданне. І больш не будзе балбатаць і не слухаць настаўніка на ўроках астраноміі. Але сёння ён не можа слухаць. Ён думае пра тое, што бацька, відаць, моцна засмуціцца. Але ён не хоча больш быць хірургам: зямны шар для яго цяпер вельмі малы. Ён уздымае вочы, і погляд яго прыцягваюць зорныя карты, якія вісяць на сцяне. Паступова абрысы навакольных прадметаў знікаюць, і Дэвід застаецца адзін, зачараваны мігаценнем далёкіх свяцілаў.
Фрэдэрык Браўн
Арэна
Карсан расплюшчыў вочы і ўбачыў над сабой цьмяна мігатлівы блакіт.
Было горача. Ён ляжаў на пяску. Яму ў спіну ўпіваўся востры камень з пяску. Карсан павярнуўся на бок, потым сеў, упіраючыся рукамі ў пясок.
«Я звар'яцеў, — падумаў ён. — Ці памёр. Ці яшчэ што-небудзь…»
Пясок быў блакітны. Ярка-блакітны. А блакітнага пяску няма ні на Зямлі, ні на адной з планет.
Блакітны пясок.
Блакітны пясок пад блакітным купалам, — ні небам, ні столлю, а нейкай замкнёнай паверхняй. Карсан чамусьці ведаў, што яна замкнёная і канечная, хоць і не мог гэтага бачыць.
Ён набраў жменю пяску, які заструменіў паміж яго пальцамі. Струменьчыкі заказыталі яго голую нагу.
Голую? Ён быў зусім голы, і яго цела пакрылася ўжо густым потам ад знясільнай гарачыні і таксама стала блакітнае там, дзе наліп пясок.
Але ў астатніх месцах яно было белае. «Значыць, гэты пясок сапраўды блакітны, — падумаў ён. — Калі б ён толькі здаваўся блакітным у блакітным святле, то і я быў бы блакітны. Але я белы, — значыць, пясок блакітны. Блакітны пясок. Блакітнага пяску не бывае. І такое такой не бывае, як гэтая».
Пот сцякаў яму ў вочы. Было горача, як у пекле. Толькі пекла павінна быць дачырвана распаленае, а не блакітнае.
А калі гэта не пекла, то што гэта? З усіх планет такі гарачы толькі Меркурый, але гэта не Меркурый. І потым, Меркурый застаўся прыкладна за чатыры мільярды міль ззаду ад…
І тут ён узгадаў, дзе ён быў толькі што. У маленькім аднамесным касмалёце, што нёс патрульную службу за арбітай Плутона, на адлегласці мільён міляў ад фланга зямной армады, пастроенай у баявы парадак, каб сустрэць Прышэльцаў.
Ён успомніў той раптоўны, рэзкі, трывожны званок, калі сістэмы сачэння зарэгістравалі набліжэння ворага…
Ніхто не ведаў, хто такія Прышэльцы, як яны выглядаюць, з якой далёкай галактыкі яны прыйшлі, — ведалі адно, што яна дзесьці ў кірунку Плеяд.
Першыя разрозненыя налёты на далёкія калоніі і апорныя пункты Зямлі. Асобныя сутычкі паміж зямнымі патрулямі і невялікімі групамі касмічных караблёў Прышэльцаў: сутычкі, у якіх зямляне часам перамагалі, часам цярпелі паразу, але дагэтуль ні разу не змаглі захапіць касмалёта праціўніка. Не засталося жывога і ніводнага жыхара калоній, на якія рабіліся налёты, — расказаць хоць што-небудзь пра Прышэльцаў не было каму.
Спачатку пагроза здавалася не вельмі сур'ёзнай — налёты былі нячастыя і прычынялі не так многа шкоды. Іх касмалёты як быццам злёгку ўступалі зямным ва ўзбраенні, хоць крышачку пераўзыходзілі іх у хуткасці і манеўранасці. Якраз настолькі, што Прышэльцы, калі толькі яны не былі акружаныя, маглі выбіраць — уступіць ім у бой ці ўцячы.
І ўсё-такі Зямля рыхтавалася да рашучай бітвы. Быў пабудаваны небывала магутны касмічны флот. Чакаць давялося доўга. Але цяпер генеральная бітва набліжалася.