Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
— Фултан! — слаба паклікаў ён. — Ты здольны добраахвотна памерці адзін-аднюткі на гэтым чортавым Тытане?
Другі пілот нахмурыўся і нічога не адказаў.
— Дык што, Фултан? — не сунімаўся Лагерсан.
— Не ведаю, Арнэ. Можа, і не.
— Тады ж чаму вы глядзіце на мяне з такім дакорам? Мы ж не пчолы і не мурашкі. І нават не насякомыя. Мы, што яшчэ горш, вартыя жалю, баязлівыя людзі.
У яго перад вачыма паўставалі жахлівыя відовішчы: перапоўненыя бальніцы, хворыя ляжаць у калідорах і нават у дварах. А па вуліцах у бяссільнай злосці, праклінаючы сваю бездапаможнасць, бегаюць лекары. Па дарогах імчацца саставы з трупамі. З печаў крэматорыяў чадзіць дым… Усё чалавецтва паступова ператвараецца ў воблака попелу.
Лагерсан паглядзеў на хранометр.
— Дык вось, — сказаў ён, — ваш час скончыўся.
І ўсіх адразу прыгняла панурая цішыня, кожны ў думках упаў на самае дно роспачы і адчуў жах.
— Добра, — разарваў цішыню доктар Паўльсэн. — Мы доўга абражалі адзін аднаго. Час прымацца за справу.
Патрэбны бінты, сказаў ён, шмат бінтоў і медыкаментаў, якія ўжо паспелі выкінуць за борт. І яшчэ яму патрэбен памочнік. Выклікалі Джо, які некалі вучыўся на медыцынскім факультэце.
Джо з'явіўся разам з Бобам Арджытаем.
— Джо, вы ўмееце рабіць укол у вену?
— Даводзілася, доктар.
— Надзень скафандр, Боб, — загадаў Лагерсан. — Каля карабля ў кучы іншых рэчаў валяюцца дзве-тры скрынкі з бінтамі. Знайдзі іх. Спытайся ў доктара, што яшчэ яму трэба.
Боб у страшэннай разгубленасці ўтаропіўся на камандзіра. Яму зрабілася страшна, страшна, што, як толькі ён пакіне карабель, дзверы зачыняцца і яго пакінуць аднаго ў ледзяной пустыні.
Лагерсан, відаць, зразумеў яго стан. Ён ужо хацеў паўтарыць свой загад, але яго перабіў Фултан.
— Я пайду, — сказаў ён.
Твар у Лагерсана прасвятлеў.
— Значыць, ты са мною згодзен, Фултан?
— Як заўсёды, Арнэ.
Камандзір уздыхнуў з палёгкай. Ён адчуў, як думкі ў яго праясніліся, кроў хутчэй пацякла па венах і ў яго зноў з'явілася звыклая бадзёрасць. Працягваючы хадзіць па салоне, ён энергічна аддаваў распараджэнні і сачыў за іх выкананнем.
Калі Фултан вярнуўся з бінтамі, Лагерсан загадаў усім сабрацца ў навігацыйным салоне. Размова была вельмі кароткая. Людзі слухалі ў абсалютным маўчанні, страціўшы дар слова ад здзіўлення. І раптам Кліфт Івенс заплакаў. Дарослы мужчына плакаў, хлюпаючы носам, як хлапчук, якога пакаралі без дай прычыны.
— Але чаму, — крыкнуў ён, — чаму нельга выкінуць ксемедрын? Выкінем яго к чорту ці пачакаем дзён з дваццаць!
— У цябе ёсць жонка, Кліфт?
Кліфт кіўнуў галавой.
— А дзеці?
— Двое, камандзір.
— Тады паспрабуй зразумець мяне, Кліфт. Мы пакінулі Зямлю больш за месяц назад. А раптам за гэты час твая жонка і дзеткі таксама захварэлі?
Кліфт выцер рукавом нос і ўзняў галаву. Але сёй-той глядзеў на камандзіра панура і злосна, грозна сціснуўшы кулакі, нібы чакаючы толькі сігналу, каб кінуцца на яго. Гэта не ўнікла ўвагі Лагерсана. Ён ускінуў прамянёвы пісталет і навёў яго на сцяну. Паступова твары людзей праясніліся, гнеўныя агеньчыкі ў вачах патухлі.
— Першы буду я, — сказаў Лагерсан, — апошні — Фултан. Гэта не таму, што я не давяраю вам. Хоць, урэшце… Словам, я хачу пазбегнуць магчымых беспарадкаў. Напэўна, адразу пасля аперацыі… мне будзе даволі кепска. На гэты час камандаванне прыме Фултан. Перш чым падыдзе яго чарга, я ўжо буду на нагах. Астатнія васемнаццаць чалавек кінуць жэрабя, каму за кім ісці на аперацыю. І апошняе. Магчыма, караблю ўдасца ўзляцець да таго, як будзе закончана апошняя, дваццатая аперацыя. Дык вось, я хачу, каб вы ясна зразумелі — на гэта разлічваць няма чаго. І калі нам суджана страціць руку, то праз гэта пройдуць усе, за выключэннем, зразумела, доктара. І толькі калі дваццаць рук будуць выкінуты за борт, я націсну кнопку. Пасля гэтага я выкіну і пісталет. Вось і ўсё.
Аляксей і Ірына стаялі паводдаль, моцна трымаючыся за рукі. Лагерсан падышоў да іх.
— Паверце, мне вельмі шкада, Ірына. Вы і Аляксей… — Ён замоўк.
Аляксей нічога не адказаў. Ірына таксама маўчала. Яны глядзелі на камандзіра сумна, але спакойна.
Лагерсан пайшоў далей, узіраючыся ў твары касманаўтаў.
— Доктар, — сказаў ён дрыготкім голасам. — Я гатовы. Можаце пачынаць.
— Дэвід, — паклікаў настаўнік. — Ты скончыў?
Дэвід устаў, узяў кнігу і пайшоў да дошкі, залажыўшы пальцам разгорнутую старонку. Вочы ў яго блішчалі, а шчокі зрабіліся пунсовыя.