Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Тады жыццё “Сокала-прынта” здавалася ёй суцэльнай казкай. А кіраўнік аддзела навуковых выданняў пранікся да неверагодна працаздольнай студэнтачкі шчырай павагай. І ў хуткім часе Ася атрымала запрашэнне на практыку. Так і пайшло…
Вось толькі пікнікоў такіх больш не здаралася. Рынак рабіўся ўсё болей жорсткім, эканоміка рыпела іржавымі канструкцыямі… Прадпрыемствы зачыняліся, зарплаты змяншаліся. “Сокал-прынт” перастаў друкаваць альбомы па мастацтве і засяродзіўся на ўсё больш патрэбнай дзяржаве нарматыўнай літаратуры. З яго бесперапыннай папяровай ракой цяклі ідэалагічна правільныя падручнікі і брашуркі, кодэксы і зводы, ілюстраваныя альбомы з выявамі камбайнаў на палях, шахцёраў у шахтах і ветэранаў на парадах. Забяспечаны “Сокал-прынт” заставаўся марай для многіх. І Ася пасля вучобы пайшла туды.
А ўсяму віной была Кватэра. Асобная. Зусім асобная ад усіх Кватэра, пра якую Ася марыла, напэўна, ад тае пары, калі ўвогуле навучылася марыць. Гэта няпраўда, што чалавек – калектыўная жывёліна. Іначай чаму ён увесь час здабывае адгароджаную прастору дзеля сябе? Зайсці, замкнуцца – і каб ніхто, ніводзін любячы, дабразычлівы бліжні без твайго дазволу туды не ўвайшоў.
Можа, дзесьці малады спецыяліст і здольны набыць Кватэру на свой заробак… Але Асі давялося браць крэдыт, а ўзяць крэдыт у гэтай краіне – здацца ў амаль пажыццёвае рабства. І ў вечны страх: а калі раптам цябе звольняць, ты захварэеш, збяднееш да макаронаў, і не зможаш кінуць у пашчу банка-рабаўладальніка чарговую порцыю валюты… Асю ванітавала пры адной думцы, што ў такім выпадку давядзецца вярнуцца ў “двушку” – хрушчоўку, у адным пакоі якой жыла сястра Маргарыта з мужам і сынам, у другім – маці і бабуля, у гэты адурэлы ад вечнага гуду і начнога храпу вулей… Бабуля пагардліва заяўляла, што, маўляў, не бачылі вы сапраўднай цеснаты. Вось пасля вайны ў іхняй камуналцы ў падвальным паверсе… Але Ася задыхалася. Яна адчувала сябе півоняй, якая апякаецца ўласнымі апалымі пялёсткамі – калі такі пяшчотны ружовы пялёстак прыліпае да цёмна-зялёнага лісця, за некалькі дзён там утвараецца агністая пляма – апёк. Калі б памеры кухні дазвалялі, Ася ўплішчыла б туды сваю канапу… Але кухня ўся была памерам з раскладзеную канапу, і пад яе распісанай пісягамі, як карціна імпрэсіяністаў, столлю ў вечным штылі абвісалі ветразі пялюшак, начных кашуляў і хустак.
“Ідзі на балкон сачыняць, Пушкін!”.
А, яшчэ асобнае дзякуй за імя Арсенія, народжанае ў нетрах гэнай хрушчоўкі. Што гэта імя самадайкі з аповеду Мерыме, якая памірае ад сухотаў, радзіну не бянтэжыла.
Напэўна, імя вынайшла маці – яна абкладалася кнігамі, як зацяты іпахондрык лекамі. Ася сама фанацела ад чытання, але ў маці гэта было нешта хваравітае, кожны блякла-ружовы томік чарговага жаночага рамана, на вокладцы якога жарсна абдымаліся кудлатыя дзевы ў дэкальтэ і чарнявыя мача ў расхрыстаных на грудзях кашулях, ставаўся цаглінкай паралельнага сусвету, з якога маці выходзіла вельмі неахвотна. І, вядома, уласнае прасцецкае імя Марына ахвотна памяняла б на Марыяну. Працавала яна са сваёй хімічнай адукацыяй кантралёрам на заводзе па вырабе шасцяронак. Кантралявала вышэйзгаданыя шасцяронкі – ці правільны сплаў, ці няма трэшчынаў. Часта ў начную змену. Гісторыі пра спакушаных сіротак Мэры і неўтаймаваных піратак С’юзан грувасціліся ружовымі сумётамі ў прыбіральні, на кухонным стале, на падваконнях, спаміж падушак на канапе. Бабуля Ірына, якая амаль не выходзіла з хаты ўжо тры гады, бо яе вечна распухлыя ногі набылі проста пачварныя абрысы, страціўшы падабенства з часткай чалавечага цела, пасміхалася, папыхваючы цыгарэтай:
– Няхай бы лепей кулінарныя кнігі чытала. Больш было б карысці, чым ад гэтых ружовых сопляў.
Асіна бабуля дыміла, як паравоз. Танная цыгарэта нібыта й не знікала з ейных тонкіх пажаўцелых пальцаў, якія так і не сталіся з узростам вузлаватымі. Арсенія не адразу даведалася, што бабуля ў юнацтве была балерынай. Але таньчыла нядоўга – траўма, яшчэ ў вучэльні, і давялося перакваліфікавацца ў швачку. Машынка “Зінгер”, дарэвалюцыйная, урачыстая і надзейная, стварала калыханкі Асінаму дзяцінству. Бабуліны рукі таньчылі над тканінай хуткі грацыёзны танец. Усе цяперашнія Асіны доўгія спадніцы і кофты з высокімі таліямі былі пашытыя на гэтай бліскуча чорнай, з трохі аблезлымі залатымі гербамі машынцы “Зінгер”… І ўвогуле – усё ў доме. Нават накрыўкі на канапы – з непатрэбных кавалачкаў тканін, але падабраных так, што гэта нагадвала не звычайны для народных вырабаў стракаты россып “вырві вока”, а далікатны ўзор на спіне марской жывёліны, ці восеньскае перапляценне голляў, з якіх амаль абляцела лісцё. Калісьці ў дом часта прыходзілі заказчыцы, бабуля называла іх усіх “генеральшы”, і Ася магла падзівавацца на неверагодныя тканіны – крэпдэшын, крэпжаржэт, натуральны шоўк, каралеўскі аксаміт… Разгорнутыя адрэзы нагадвалі сны пра балі, абрэзкі ад іх можна было займець, разглядаць і гладзіць, нібыта фотаздымкі краінаў, дзе не пабываеш ніколі. “Генеральшы” патрабавалі дэкальтэ і фальбонаў, рукавоў “ліхтарыкам” і спадніц “гадэ”…