Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула

Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:

Два новыя раманы Людмілы Рублеўскай : “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію” і “Сутарэнні Ромула” атрымалі шырокі розгалас у грамадстве. Іх звязвае тэма сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай творчай інтэлігенцыі, а таксама тое, што дзеянне адбываецца і ў сучаснасці, і ў мінулым, раскрываючы тэму гістарычнай памяці. Прозе Л.Рублеўскай уласцівы псіхалагічная глыбіня, эпічнасць, філасофскі роздум і напружаны сюжэт, а таксама спроба сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. За раман “Сутарэнні Ромула” ў 2011 годзе пісьменніца стала лаўрэатам прэміі імя Францішка Багушэвіча.
1 ... 95 96 97 98 99 100 101 102 103 ... 213
Перейти на страницу:

– Ваш сваяк?

І лекар з зусім натуральнай нянавісцю змог выгукнуць:

– Не!

А масніца ўсё пашыраецца, пашыраецца… Вось яна ўжо шырынёй з вечка труны… Вусаты партрэт гарэзна падміргвае, апусцелы жалезны кубак падскоквае на стале, адбіваючы такт падыспаню… Глухія ўдары з-пад масніцы – нібыта нешта просіцца вонкі… Ці нехта… Вось масніца прыўзнімаецца…

Чаму так хутка закончыўся спірт?

Лекар устае на непаслухмяныя ногі, б’ючыся аб стол, сцены, шафу, як сляпы матыль, спрабуе знайсці на паліцах яшчэ не апусцелы слоік… І ён не ў змозе азірнуцца, пабачыць, як выраслая масніца прыўзнімаецца, і ў шчыліне паказваецца скрываўлены белы лоб…

Раздзел 1.

Шэрая Будыніна форэва

Выбуху зноў не адбылося.

Ася нават на нейкі час затрымалася, каб свядомасць прымірылася з тым, што пачварная шэрая будыніна, у якой месцілася ейная ўстанова, усё гэтак жа – не, не ганарліва, хутчэй бяздумна-бязлітасна – высіцца спаміж хрушчовак, і жнівень пакорліва згортвае свае апошнія дні ў сухое лісце ліпаў, што выжылі ў вязніцы з бетону і асфальту. Гмах-абеліск у памяць гадоў, праведзеных у ім. Ненажэрны шэры стод, які прагне ахвяраў.

А дзе, дзе, дзе столькі разоў уяўляная на гэтым месцы куча друзу? І каб над гэтай кучай з бездапаможнымі дрыготкімі вусікамі дроту спаныла луналі паперкі з набраным Асяй чарговым разбітым на акуратныя параграфы тэкстам…

Не, Ася не крыважэрная. Па ёй, няхай бы ўсе з Шэрай Будыніны паспелі эвакуявацца. Разпаўзціся па бяспечных шчылінах. І ветлівыя маладыя міліцыянты, што дзяжураць на першым паверсе, сочачы, каб не спазняўся народ у Шэрую Будыніну, каб не прасачыўся ў яе запаветнасць якісь зладзюга ці дурань, што не разумее, якія важныя справы тут робяцца. І цётка-буфетчыца з вечна санлівымі вачыма, падобная да апасума, у якой Ася кожны працоўны дзень купляе кавалак заліўной рыбы і бутэльку “Актывілу”, які карысны пры сядзячай працы. І Асіны калегі, усе мілыя, душэўныя людзі, вінаватыя толькі ў тым, што патрапілі працаваць разам з Асяй у адным выдавецтве, якое спецыялізуецца на выпуску брашураў з нормамі, правіламі, зводамі стандартаў ды іншымі рэчамі, якіх Ася аніяк не спадзявалася сустрэць у гэтым жыцці ў такой колькасьці з прычыны ўласнае хранічнай неўнармаванасці.

Але вось ужо чатыры гады пасля інстытута пяць дзён на тыдзень яна іх рэдагуе да шэрых пчолак у вачах, ненавідзячы саму сябе за няздольнасць пайсці адсюль, з грашовай працы… Як яна ненавідзіць гэтую працу, як ненавідзіць сцены, у якіх праводзіць большую частку жыцця!

Ды ўсё, на што Асі хапіла пасля размеркавання сюды – гэта на знак пратэсту зрабіць тату на правым плечуку ў выглядзе жабкі. Але ж не будзеш круглы год за выняткам выходных хадзіць па калідорах з аголенымі плячыма, а ўлетку ў Шэрай Будыніне было горача, як у пазасветнай лазні, супрацоўнікі соўгаліся ў мятых ільняных касцюмах, з апухлымі вачыма, нібыта пакрытымі ільснянай плёнкай, і на татушкі маладых супрацоўніцаў увагі не звярталі. Магчыма, падсвядомым жаданнем абараніцца тлумачылася і Асіна цяга да пярсцёнкаў і бранзалетаў… Яе тонкія пальцы былі закаваныя ў бразготкую браню метала і камянёў: вядома, не золата-дыяменты, а камяні напалову высакародныя, напалову простыя. Бастарды ў свеце каштоўнасцяў. Яшма, сердалік, лазурыт, змеявік, кашэчае вока, хрызапраз, аванцюрын… Несуразмерна ейным танклявым рукам вялікія, але кожны – са сваім каменным сэрцам, закаваным у не самыя вытанчаныя аправы… Ну і набор бранзалетаў – плеценыя са скуры, мядзяныя, набраныя з камянёў жа… Часам, калі Ася глядзела на свае складзеныя на стале рукі, са дна свядомасці ўсплывала скептычнае: “Нацюрморт “Мара геолага”. Калі – вельмі рэдка – Ася, прыйшоўшы на працу, усведамляла, што забылася надзець свае “цацкі”, пачувалася, як пазбаўлены ракавінкі смоўжык.

Яшчэ другакурсніцай Ася спакусілася прапановай: ехаць з супрацоўнікамі знакамітага выдавецтва “Сокал-прынт”, якое праславілася выданнем шыкоўных альбомаў па мастацтве, на пленэр. Выдавецтва адзначала юбілей, і вырашана было зрабіць гэткі ўікэндны бівуак на маляўнічай лясной палянцы ля возера, з шашлыкамі, са спартыўнымі спаборніцтвамі кшталту перацягвання канату і пляжнага валейбола. А для пантоў – свая газета, у якой бы паведамляліся навіны свецкага мерапрыемства. За тое, што Ася будзе рабіць гэтую сцёбную газетку, абяцалі сто даляраў. Але будучы літрэдактар не ўлічыла маштабу карпаратыву. На палянцы яе чакаў асобны фургон з кампутарным начыннем. Газету пад назвай “Пікнік на ўзбочыне” належала выпускаць шэсць разоў на дзень, браць рэальныя інтэрв’ю ў пераможцаў спаборніцтваў, змяшчаць фотаздымкі… Хуценька раздрукоўваць на каляровым прынтэры… Як Ася намучылася, спрабуючы выцягнуць хоць пару слоў з пераможцы па шпурлянні бервяна – той, здаровы, як бэля, напалову лысы і зусім бухі, ляжаў у зарослым малінай роўчыку і толькі мыкаў, і на ягонай спіне, на калісьці белай майцы плямы рознага паходжання ўтваралі карту абодвух Амерык. А апошнія нумары газеты ніхто ўжо не хацеў браць, і Ася дарэмна ўсоўвала дыхтоўныя аркушы з яркімі ілюстрацыямі ў абвялыя, перапэцканыя кетчупам рукі выдавецкіх…

1 ... 95 96 97 98 99 100 101 102 103 ... 213
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)