Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
Лагерсан склікаў усіх афіцэраў.
Не чакаючы спецыяльнага запрашэння, да іх далучыліся Аляксей, Ірына і доктар Паўльсэн.
— Прашу вас усё, што здарылася, трымаць у тайне, — сказаў камандзір карабля. — Няма чаго наперад трывожыць экіпаж.
Ён падняўся на камандны мосцік і павольна пайшоў у сваю рубку, адчуваючы сябе смяротна стомленым і блізкім да непрытомнасці. «Старэю, — падумаў ён. — Хутка сорак. Мнагавата, мнагавата для такой работы».
Ён запаліў цыгарэту і зірнуў у плексігласавы ілюмінатар.
Адсюль Тытан здаваўся безжыццёвай раўнінай, скаванай ледзяным панцырам. З расколін у сіняватых ледзяных глыбах тонкімі чырвонымі струменьчыкамі выцякаў ксемедрын, рассцілаючыся над самай паверхняй планеты. Лагерсан не раз бываў на Тытане. Упершыню ён прыехаў сюды ў дзве тысячы адзінаццатым годзе, калі рабіў здымкі мясцовасці, а потым другі раз, роўна праз дзесяць гадоў, калі рабіў новыя, перыядычныя. І вось цяпер ён трапіў сюды трэці і баяўся, ці не апошні раз.
Прыкладна за трыста метраў ад карабля з-за ледзянога ўзгорка паказаліся касманаўты. У грувасткіх касмічных скафандрах яны рухаліся павольна, адзін за адным, несучы на плячы балоны з ксемедрынам, які сабралі з расколін за доўгія гадзіны цяжкай працы. Лагерсан пазнаваў сваіх людзей па хадзе. Не ўсіх вядома: на караблі было некалькі навічкоў, але кожнага, з кім яму даводзілася лётаць раней, ён, не вагаючыся, пазнаў бы і за тысячу метраў.
Ён у знямозе прылёг на ложак.
Дзевяцьсот кілаграмаў! Іх трэба выкінуць любой цаной. Але Лагерсан не мог засяродзіцца на гэтай думцы. Ён думаў пра ірацыянальнасць свету і самой гісторыі — сапраўды, недарэчна, калі свет аганізуе ад нейкай нікчэмнай, невядомай дагэтуль бактэрыі, а выратавальныя лекі можна здабыць толькі за мільёны кіламетраў ад Зямлі! А, зрэшты, магчыма, у гэтым ёсць свая логіка і нават шчаслівая заканамернасць. Ксемедрын! Калі шмат гадоў назад на Тытане праводзіліся першыя здымкі мясцовасці, хто б мог падумаць, што рэдкія чырвоныя струменьчыкі газу прынясуць ратунак чалавецтву? А лекар з Гамбурга! Гэта ж ён здагадаўся, што ў барацьбе з бактэрыяй можна выкарыстаць толькі ксемедрын. Ён выпадкова знайшоў гэта, вывучаючы ўсялякія каталізатары для атрымання супрацьэпідэмічнай сывараткі. Але ці была гэта вападковасць, ці заканамернасць?
Лагерсан паспрабаваў уявіць, што здарылася б, калі б эпідэмія ўспыхнула на год раней, калі праект Крузіўса і Благовіча існаваў толькі на паперы. Звычайнаму касмічнаму караблю на атамным паліве спатрэбілася б каля года, каб даляцець да Тытана. За гэты час чалавецтва паспела б вымерці. «Няхай будуць блаславёны «Ібіс» і цудадзейны ксемедрын», — падумаў ён.
Ён нявесела ўсміхнуўся: сама ж убогі філосаф з поўным правам можа абвінаваціць яго ў голым практыцызме.
Цыгарэта патухла, і Лагерсан паглыбіўся ў трывожны сон. Ён імкліва нёсся кудысьці на лёгкім воблачку. Раптам ногі ў яго наліліся свінцом, ён зваліўся ўніз, і яго паглынула бездань.
Яго разбудзіла слабае стракатанне званка. Ён выверыў свой хранометр з двума цыферблатамі — для зямнога і «дарожнага» часу. «Час абедаць». Памыўшыся, ён спусціўся ўніз.
Абед праходзіў у поўным маўчанні. Доктар Паўльсэн не хаваў сваёй заклапочанасці, Фултан стараўся трымацца як мага спакайней, Ірына і Аляксей час ад часу абменьваліся загадкавымі позіркамі. Знізу, дзе абедалі астатнія сябры экіпажа, чуўся прыглушаны гул галасоў.
— Колькі сёння сабралі ксемедрыну? — спытаў Лагерсан.
— Дванаццаць кілаграмаў, — адказаў Фултан. — Яшчэ два выхады, і мы збяром неабходныя шэсцьдзесят кілаграмаў.
— Трэба абысціся адным выхадам.
— Чаму? Усё роўна паляцець мы зможам не раней чым праз двое сутак.
— Ведаю, — буркнуў Лагерсан. — Але я хачу, каб усе сябры экіпажа былі ў наяўнасці, калі спатрэбіцца памяншаць вагу карабля. Складзіце спіс, без чаго, па-вашаму, можна абысціся на караблі, — звярнуўся ён да Ірыны. — Укажыце вагу кожнага прадмета. Вы, Аляксей, падрыхтуйце спіс прадметаў не сама першай патрэбы. А вы, доктар… Падлічыце мінімальны харчовы рацыён і крайні запас кіслароду. Баюся, што нам прыйдзецца тужэй зацягнуць рамяні і напружыць лёгкія.
Ён устаў і накіраваўся да выхаду.
— Ага, ледзь не забыў, — сказаў ён. — Заўтра, калі закончыце збор ксемедрыну, забяры зброю ва ўсіх сябраў экіпажа.
— Выверні кішэні, Джон.
Джон сярдзіта чмыхнуў.
— Табе кажуць, выверні кішэні! — Камандзір павысіў голас.
На стол упалі цыгарэты, запальнічка, пілка для пазногцяў, ражок-амулет.
— А дзе бумажнік? — зароў Лагерсан.