Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Бедны Аляксандр Трыфанавіч, ён не казаў, але, падобна, трошкі спадзяваўся, што мая адобраная беларускім ЦК аповесьць, можа, паправіць і рэпутацыю ягонага часопісу, якая тады дайшла да мяжы магчымага. Можа, ён разьлічваў на падтрымку беларускага партыйнага кіраўніцтва ў ягоным двубоі з бандай Сафронава, Кочатава, Палікарпава? Як спакваля выявілася, тыя яго спадзяванкі былі марныя. Наступныя падзеі не пакінулі ад іх нічога і ў рэшце рэшт давялі да адстаўкі наваміраўскага рэдактара.
Тады на Беларускім вакзале мяне праводзіў Алесь Адамовіч. Часу трохі было, і мы, седзячы ў зале чаканьня, добра пра ўсё пагутарылі. Адамовіч на той час выдаў дзьве аповесьці пра каханьне, якія, аднак, не зрабілі патрэбнага ўражаньня на маскоўскую крытыку. I ён захацеў паглядзець на мой вопыт — прачытаў рукапіс «Круглянскага мосту», які я яму даў напярэдадні. Быўшы партызанам, якім ня быў я, ён, мабыць, меў свае прэтэнзіі да аповесьці, але і сам штосьці згледзеў карыснае для сябе. Пра тое мы гаварылі. Beдама, для мастацтва патрэбны жыцьцёвы вопыт і культура, але што напачатку? Бо тое ды іншае разам рэдка здараюцца ў жыцьці, штосьці ідзе наперадзе. Прынамсі ў нашых літаратурах. На Захадзе там інакш. Але нам далёка да Захаду, у нас свой вопыт і свае крытэрыі. Пасьля выхаду з друку «Круглянскага мосту» першым з рэцэнзіяй выскачыў штотыднёвы «Огонёк», які шмат год рэдагаваў асабісты непрыяцель Твардоўскага Анатоль Сафронаў. Выхадзец зь Беларусі, ён меў у ёй некаторых сяброў — ведама ж, з ліку чэкістаў, партызанскіх генэралаў, партфункцыянэраў. Мабыць, тыя ў час прасыгналілі ў Маскву, і вось у «Огоньке» паяўляецца разварот за подпісам цэлай групы партызанскіх сакратароў і генэралаў. Самы першы стаіць подпіс двойчы Героя Савецкага Саюза партызанскага генэрала Фёдарава, за ім шэраг іншых. У артыкуле — плач і гнеў, гнеў і плач — на аўтара і часопіс, ягонага рэдактара таксама. Пасьля «Огонька» пайшлопаехала, ад Масквы да самых да ўскраін. Празь нейкі час ні Твардоўскага не засталося ў «Новом мире», ні Пілатовіча ў ЦК. Нядоўга пабыў на чале «ЛіМу» і непрадбачлівы Прокша. Ды і ў «Полымі» абачлівы Кавалёў таксама.
Узаемаадносіны пісьменьнікаў (ды іншых творцаў) заўсёды былі складаныя, чым, зрэшты, карысталіся ў сваіх інтарэсах улады. Што ж да нашых вялікіх папярэднікаў, дык дужа хацелася думаць, што тыя стаялі вышэй за асабістыя звады, вышэй за інтарэсы ўладаў. Для мяне, напрыклад, гаючай душэўнай музыкай гучыць даўні Коласаўскі радок «Мой мілы Янка, мой Купала…». У тым радку надта шмат засяродзілася — як асабістага паміж двума геніямі, так і агульнанацыянальнага. Значыць, насуперак усяму такое было магчыма, прынамсі ў мінулым.
Неяк завітаў да Міколы Матукоўскага, які адразу павёў мяне ў свой габінэт на новай кватэры па Бранявым завулку ў Менску. Там ужо быў Генадзь Бураўкін, зь якім яны вычытвалі гранкі набору, што атрымалі з «Известий». Гэта быў артыкул Матука пра Быкава — ці ня першы ў цэнтральным друку, які меў на мэце даказаць грамадзтву, што Быкаў — наш, савецкі пісьменьнік, не які там паліцай ці ўласавец. I што ягоныя пэрсанажы — патрэбныя і карысныя, бо на вайне былі ня толькі героі, але і баязьліўцы і здраднікі. Што ж, я быў удзячны маім сябрам, якія памагалі мне і раней (і яшчэ будуць памагаць пасьля) у маім літаратурным лёсе. Мабыць, і праўда, артыкул у цэнтральнай газэце недзе штось зрушыў, наступныя падзеі паказалі ягоны несумненны плён.
61. Танкі ў Празе. Карпюк
У мяне быў транзістарны прымачз кароткімі хвалямі — японскі «Панасонік», які я ці ня кожную ноч настройваў — лавіў «Свабоду», Бі-Бі-Сі, «Голас Амэрыкі». З усіх, аднак, аддаваў перавагу «Свабодзе». Добра пачуць яе рэдка ўдавалася — глушылі заўжды і шчыльна. Некаторыя раілі шукаць здатнае месца ў кватэры, каля водаправодных трубаў, паспрабаваць настройваць за горадам. Я спрабаваў і так, і гэтак — часьцей за ўсё нічога не атрымлівалася. Перадатчыкі былі за тысячы кілямэтраў, а глушылкі — во яны, побач, на ўскраіне горада. Няўдалымі былі ўсе мае спробы і ў тую ноч. А менавіта тады хацелася дазнацца пра падзеі, што высьпявалі ў адносінах да Чэхаславаччыны, на якую нацэліўся «крыважэрны блок HATА».