Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Як лічыце, мужчыны, рэўком ніхто не распускаў? Ён быў і працаваў у падполлі. А цяпер у нас работы прыбавілася. Дык мы ось так раскінулі свае абавязкі. Я, пакуль суд да дзела, астануся за старшыню. Максім Ляўкоў будзе валасным камісарам, Мікіта Падута няхай загадвае зямельным аддзелам, Нічыпар Званковіч — лясным, Лявон Адзінец — прадуктовым. Малаковіч Пракоп будзе ваенкомам, за сакратара — Сымон Гашынскі, Максім Ус — упаўнаважаны па ўчоту панскіх маёнткаў і шляхецкіх хутароў.
— А зямлю хто дзяліцьме? — запытаў Іван Кавалевіч.
— Камбед у нас ёсць: Мікодым Гошка, Параска і вось дзядзьку Цярэшку дамо ім у помач.
— Увесь век бяда мною камандавала, а цяпер, трасца яе матары, я ёю пакамандую,— папраўляючы шаблю, ускочыў Цярэшка.
— Ён за каморніка будзе,— пацяшаліся мужчыны.
За акном пачуўся конскі тупат. Нехта саскочыў з каня. У асветленую дзвюма лямпамі зборню ўвайшоў і аж заплюшчыўся заляпаны граззю хлопец у залатаным паўкажушку. Салавей адразу пазнаў Сымона Вежаўца, таго самага, з якім яны падпілоўвалі мост каля Ратміравіч. Сымон быў партызанскім вокам на станцыі — пра ўсё, што там рабілася, пераказваў Салаўю або Ляўкову. Увайшоў, сказаў «добры вечар».
— Які там вечар? Зараз пеўні баб пачнуць будзіць,— азваўся нехта з цёмнага кута.
Сымон падышоў да Салаўя.
— Ну, дык мы ўсё зрабілі, як вы казалі. Два вагоны адчапілі. А што ў іх, не ведаем, пломбы вісяць. Немцы толькі паўлазілі ў поезд, не паспеў машыніст свіснуць, як мы з Амяллянам — пад вагон. Крук слабкі-слабкі буў, мы яго скінулі і стаім. Зачахкаў паравоз і паехаў. Кажуць, у гэтыя вагоны ўсяго навалаклі з Халопеніч, з Харомцаў і што па сёлах назбіралі.
— А на каго ж ты кінуў вагоны? — запытаў Салавей.
— Амяллян з нашымі хлопцамі вартуе. Дык от прыехаў, каб забіралі ці што рабілі.
— Пашлём туды Лявона Адзінца. Гэта па яго часці, Дазнаецца, што чыё, раздасць людзям, а панскае — у вобчы кацёл. Ты пачакай трошкі, Сеня. Зараз дадзім табе некалькі паперак. На станцыі і ў сёлах налепіш, каб людзі ведалі, што ў Рудабелцы савецкая ўласць і ва ўсіх вёсках Саветы.
— Толькі каб з пячаткаю былі.
— Будзе і штамп і пячатка, таварыш Вежавец,— супакоіў Сымона Салавей.
За сталамі сядзелі Ляўкоў, Адзінец і Гашынскі і на аркушах тонкай паперы пісалі адозвы валаснога рэвалюцыйнага камітэта.
— Стаўце, хлопцы, штамп і пячаткі, каб усё было па форме,— параіў ім Салавей.— А ты, Лявон, бяры з сабою чалавек пятнаццаць добрых хлопцаў і смаліце ў Ратміравічы. Там Сымон з Амяллянам адчапілі ад нямецкага цягніка два вагоны з нарабаваным дабром. Разбярыся, што чыё. Людское раздай людзям, а панскае вязі ў камбедаўскі склад, пакуль што да Цімоха ў краму.
Раніцою партызаны з мандатамі і лістоўкамі валрэўкома раз'ехаліся па сёлах, ачышчаных ад акупантаў. Яны збіралі сялян, расказвалі, што ў Рудабельскай воласці адноўлена савецкая ўлада, з мясцовых партыйцаў-бальшавікоў стваралі кіруючыя тройкі, выбіралі камітэты беднаты.
Над саламянымі стрэхамі зноў затрапяталі чырвоныя сцягі. Хто жартам, а хто і ўсур'ёз гэты раён на палескай зямлі называў «Рудабельскай Савецкай Федэратыўнай Рэспублікай».
А ў любы бок, кіламетраў за трыццаць ад Рудабелка, яшчэ стаялі немцы. Яны былі ў Бабруйску і ў Мінску, у Гомелі і Калінкавічах, у Рэчыцы і ў Мазыры. Ездзілі па вёсках і маёнтках, стралялі кормнікаў і надворных парсюкоў, выграбалі засекі, нават забіралі ручайкі з напрадзенаю воўнай.
Ва Урангелевым маёнтку Максім Ус пераважваў жыта і грэчку, перапісваў кароў і цялушак у вялікую прашнураваную кнігу, бо панскі аканом, Мікалай Мікалаевіч, папаліў усе паперы і некуды знік у тую ж ноч, як адступілі немцы. Мужчыны з Максімавага атрада наводзілі парадкі ў Парэччы, Бярозаўцы, Харомцах і Халопенічах: ставілі сваіх загадчыкаў, перадавалі ім ключы ад усяго дабра, што не паспелі захапіць паны і не далі вывезці немцам.
Было клопату ўсім. Да ваенкома Пракопа Малаковіча прыйшоў з Касарыч той самы Кастусь Пінчук, пра якога казаў Салаўю Найман. Пінчук служыў у Смаленскім ЧК і па заданню штаба Заходняга фронту прыехаў у сваю вёску: Чырвонай Арміі трэба былі свежыя сілы, маладыя байцы.
Кастусь Пінчук дабіраўся да Бабруйска праз Оршу тою ж дарогай, што і ўсе падпольшчыкі. Начаваў у Рэвіна, памагаў грузіцца «камерсанту Антонаву», а з Бабруйска з паперкаю, выданаю Густавам Шульцам, прыехаў дадому «на папраўку пасля хваробы». Першых ён адправіў у Смаленск зусім яшчэ маладых хлопцаў Фаму Каберніка і Міколу Юневіча, а за імі з Касарыч і Заракушы знікла яшчэ чалавек пятнаццаць добраахвотнікаў. У бабруйскай чайной ім давалі «прапускі» да Оршы, а там — толькі перайсці з вакзала на вакзал, абмінуць патруля, і праз некалькі дзён хлопцы ў абмотках і ў такіх-сякіх шынялях з мікалаеўскіх складаў, з бляшанымі чырвонымі зоркамі на шапках ужо маршыравалі па смаленскіх вуліцах і з прысвістам спявалі «Чубарыкі-чубчыкі» і «Вы не вейцеся, чорныя кудры».