Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Вядома, наша! — загуло некалькі галасоў.
— Раніцою мы прапануем немцам ачысціць воласць і пакінуць усё, што яны нарабавалі.
— Біць гадаў трэба! А вы цацкаецеся з імі, просіце ды ўгаворваеце. Прадаліся германцу, таварышы камісары, немчуру шкадуеце,— закрычаў, праціскаючыся з натоўпу, малады кучаравы матросік.— Калі баіцеся, я павяду. Хто за мною, мужчыны? — Ён расплікнуў бушлат, паказваючы паласатую цяльняшку, выхапіў наган, гатовы адразу рынуцца ў бой.
— Заткніся, ваяка,— згроб матросіка за плячук ледзь не ўдвая большы за яго Максім Ус.
Партызаны глядзелі, што з гэтага будзе.
— І адкуль ты такі сыскаўся, што трашчыш, як старыя порткі? — падышоў да яго, трымаючыся за шаблю, дзед Цярэшка.
— Цішэй, мужчыны,— супакойваў Салавей.— Тут таварыш Ступень кажа, што мы прадаліся немцам...
— Ат, балбоча дурань абы-што. Няма чаго слухаць,— загуў Мікодым Гошка.
— Яму хочацца страляць, каб кроў лілася. А мы хочам жыць на вольнай савецкай зямлі. І нямецкія салдаты няхай жывуць. Яны ж такія рабочыя і сяляне, як і мы. Дома ў іх дзеці і жонкі. У Германіі адбылася рэвалюцыя, Вільгельма болей няма. Сярод салдат ёсць сацыял-дэмакраты і камуністы. У каго ж мы будзем страляць? У каго будуць страляць яны? Зброю мы не выпусцім, але яна павінна быць у разумных руках. Прымусяць страляць, будзем страляць. Але не забывайцеся, што ў іх кулямёты, вінтоўкі, гарматы. А што ў нас? Толькі мы тут гаспадары, за намі праўда і сіла. Страляць толькі ў крайнім выпадку. А цяпер слухайце.— Салавей выцягнуў з кішэні аркуш паперы і пачаў чытаць:
«Загад № 1 Рудабельскага валаснога рэвалюцыйнага камітэта. 23 лістапада 1918 года.
У дзве гадзіны ночы на 24 лістапада атраду Максіма Ляўкова выступіць у Карпілаўку, абяззброіць ахову валасной управы і ўстанавіць савецкую ўладу. Атрад Максіма Уса зойме вёску Лескі. Атрад Нічыпара Званковіча — Новую Дуброву. Атрадам Драпезы і Салаўя заняць маёнтак барона Урангеля.
Ва ўсіх вёсках устанавіць савецкую ўладу і арганізаваць камітэты беднаты, якія павінны падзяліць панскую і шляхецкую землі».
І адразу ўсе загаманілі.
— От ета справядліва.
— Так даўно трэ было.— Цярэшка падступіўся да Івана Кавалевіча.— Забярэш цесцеў футар і раскашавацца будзеш.
— Хай ён задушыцца тым футарам,— адказаў Іван.
Атрады пачыналі разыходзіцца. Мужчыны, стукаючы лапцем аб лапаць, ботам аб бот, хаваліся за разлапістыя яліны ад сівернага ветру, што працінаў сухім холадам і гнаў па небе сівыя хмары з белымі грабянцамі.
Не ведаў толькі крыклівы матросік Ступень, да каго прыткнуцца. Яму самому хацелася камандаваць. Але што адзін зробіш?
— Станавіся, Аляксей. Пойдзем на Лескі.
Матрос паслухаўся Уса і моўчкі стаў у строй.
Атрады зніклі ў лесе. Толькі шаргацела пад нагамі мёрзлае лісце, патрэсквала ды хвастала па спінах яловае вецце. Паляна апусцела.
...Ноччу ўсхадзіўся вецер. Карпілаўка спала глыбокім сном, толькі сям-там брахалі сабакі ды рыпелі над студнямі вочапы. У цемені мігцеў і калыхаўся адзіны агеньчык. На яго асцярожна рушыла з паўсотні партызан на чале з Ляўковым. Астатнія абкружылі вёску, каб часам з яе не выскачылі патрулі і не паднялі трывогі.
На ганак валасной управы ўзышоў стараста і пагрукаў у дзверы.
— Wer ist hier?[13] — пачулася з сярэдзіны.
— Адчыні, гэта я, стараста. Ну, Міхал Званковіч. Хіба не ведаеш? Камендант паслаў.
За дзвярыма прагрукалі падкаваныя боты, зарыпела завала, незадаволена забурчаў спрасоння салдат. Як толькі дзверы адчыніліся, у калідор ускочыў Максім Ляўкоў з наганам у руцэ і ўхапіў салдата за папругу. Вінтоўка яго стаяла прыпёртая да стала. Немец спалатнеў і пачаў паднімаць рукі ўгору.
— Не бойся, камрад. Wir sind Kommunisten. Sie fahren nach Hause, nach Beutschland[14] — спакойна загаварыў Максім, падбіраючы нямецкія словы, якія ён трохі помніў з школьных часоў. Следам за ім зайшло чалавек восем мужчын з карабінамі і стрэльбамі. Маленькі і жвавы Цімох Валодзька адразу падбег да стала і ўхапіў карабін. Немца пасадзілі ў кут. Ён больш за ўсё здзівіўся, што сярод «бандытаў» убачыў прадаўца з крамы, увішнага і ветлівага хлопца з доўгім носам і чорненькімі мышынымі вачамі. Пазнаў ён яшчэ некалькіх хлопцаў, якіх сустракаў на вечарынках, і крыху супакоіўся.
— Прымай, таварыш Ляўкоў, воласць. Здаю ў поўным парадку,— сур'ёзна сказаў Званковіч.
13
Хто тут? (ням.)
14
Мы камуністы. Едзьце дахаты, у Германію (ням.)